Аляксандр Бухвостаў: Экс-дэпутатаў трэба ставіць на біржу працы
Прафсаюзны актывіст распавядае, чаму былыя дэпутаты не могуць працаўладкавацца самі.

На сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам Лукашэнка звярнуў увагу на працаўладкаванне дзеючых дэпутатаў. «Можа, будуць нейкія пажаданні па працаўладкаванні дэпутатаў, якія сыходзяць з парламента, але не з палітычнага жыцця, — прыводзіць словы Аляксандра Лукашэнкі прэс-служба кіраўніка краіны. — Паглядзіце, каб дэпутаты, якія сыходзяць з парламента, былі запатрабаваныя ў жыцці. Ёсць дэпутаты, якіх мы згубіць не можам». Андрэйчанка паведаміў, што ўсяго трэба працаўладкаваць 28 чалавек і на сёння ўжо вырашанае пытанне ў дачыненні 21 дэпутата.
Аляксандр Бухвостаў адзначыў на гэты конт:
— Відаць, былым дэпутатам вырашылі знайсці суадносныя пасады, калі ўжо Лукашэнка дае распараджэнне працаўладкаваць іх. Людзі па сутнасці працавалі на яго, выконвалі яго даручэнні… Таму што парламент — гэта крэатура Адміністрацыі прэзідэнта.
— Народ у сацыяльных сетках шмат іранізуе з нагоды працаўладкавання «народных абраннікаў». Маўляў, некаторых такіх абраннікаў зараз са сталіцы калом не загоніш назад у раён працаваць…
— Шмат дэпутатаў застаюцца пасля заканчэння дэпутацкага тэрміна ў Мінску. Не хочуць назад вяртацца, прызвычаіліся да сталічнага жылля. Да таго ж, некаторыя паспяваюць за гэты час і жыллё займець у сталіцы. Але мне падаецца, трэба ўзаконіць такую практыку — калі ты працаваў да дэпутацтва ўрачом у раённай клініцы, то пасля павінен і вярнуцца на гэтую пасаду. Працаваў настаўнікам — у школу. Але, на жаль, многія разглядаюць дэпутацтва, як кар’ерны рост, крок да лепшага жыцця. І праз чатыры гады добрага жыцця не ўсім хочацца яго пагаршаць. Думаю, калі дэпутат застаўся без працы і не можа яе знайсці, то было б справядліва паслаць яго не біржу працы. Няхай пабачыць, як народ, абраннікам якога ён і з’яўляўся, рэальна шукае працу.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя