Куды спяшаюцца ўлады?

Нешта неверагоднае адбываецца: краіна ўжо мае варыянты бюджэту на наступны год. Аднак за пяць працоўных дзён дэпутаты нават уважліва пачытаць бюджэт не паспеюць, не тое што «прынцыпова падысці» да яго прыняцця.

272802.png


Дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што Лукашэнка даручыў дэпутатам падысці прынцыпова да разгляду законапраекта аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год.

Такую задачу кіраўнік дзяржавы публічна паставіў 19 верасня на рабочай сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам.

Хоць Андрэйчанка зноў пераабраны ў Палату прадстаўнікоў, але ці будзе ён кіраўніком ПП шостага склікання — пытаннечка. Значыць, зыходзячы з логікі падзеяў, прымаць бюджэт будзе тая Палата прадстаўнікоў, паўнамоцтвы якой скончацца менш чым праз месяц?

Для сур’ёзнага разгляду грунтоўнага фінансавага дакумента, які зазвычай складае два таўшчэзныя тамы, у дэпутатаў пятага склікання ўжо проста не застаецца часу. Дзясятая сесія Палаты прадстаўнікоў №5 адкрываецца 3 кастрычніка. А ўжо на 11 кастрычніка прызначана першая сесія Палаты прадстаўнікоў №6. За пяць працоўных дзён дэпутаты нават уважліва пачытаць бюджэт не паспеюць, не тое што «прынцыпова падысці» да яго прыняцця.

Улады ўжо неаднаразова спяшаліся з зацвярджэннем такіх дакументаў. Напрыклад, у мінулым годзе цяперашні бюджэт быў разгледжаны літаральна за суткі. Дакумент паступіў у парламент увечары 16 снежня. А 17 снежня яго прынялі ў першым чытанні, 18-га — у другім і апошнім.

Да чаго гэта прывяло? Да вялікага рогату. Напрыклад, сярэдні курс долара на 2016 год быў запланаваны ў памеры 18.700 недэнамінаваных беларускіх рублёў, у той час як у любым абменніку паблізу Дома Урада ён перавышаў 20.000. Кошт нафты закладаўся ў памеры 50 долараў за барэль, калі ў той жа момант кошт барэля быў ніжэй за 40 долараў. Не дзіва, што быў закладзены і рост ВУП Беларусі ў памеры 0,3%. А зараз ён — мінус 3%.

У выніку выканання лозунгу «Бюджэт — да Новага года», секвестраваць яго давялося ўжо праз месяц. А летам — удакладняць у другі раз.

На ўсё гэта марнуюцца час і грошы падаткаплатнікаў. То бок, нашы з вамі.

Пра бюджэт 2017 года пакуль вядома, што ёсць два яго варыянты: пазітыўны і негатыўны. Гледзячы па рыторыцы афіцыйных асоб, дэпутатам будзе прапанаваны на разгляд «песімістычны» сцэнар. Нагадаем, што ў гэтым сцэнары закладзены кошт нафты з разліку 35 долараў за барэль, курс расійскага рубля ў 75 «драўляных» за долар, зніжэнне ВУП Расіі на 1%, сярэднегадавы курс долара ў 2,21 беларускага рубля. Праўда, гледзячы па ўсім, урад імкнецца ўратаваць беларускую капейку: інфляцыю плануецца давесці да адназначнага паказчыка ў 9%, а рост заробкаў абмежаваць узроўнем інфляцыі, то бок тымі ж 9%.

Дарэчы, наконт інфляцыі. Гэта, бадай, адзінае, што пакуль утрымліваецца з першапачатковага бюджэту — 2016. Сёлета гадавая інфляцыя ад пачатку планавалася на ўзроўні 12%. На пачатак жніўня яна склала 7,6%. А ў апошні месяц лета здарылася нават неверагоднае: упершыню з 2009 года ў краіне была зафіксаваная дэфляцыя — цэны знізіліся на 0,1%.

Таму з упэўненасцю можна сказаць толькі адно: гэты год яшчэ можа прынесці нам шмат сюрпрызаў — часу дастаткова. І ёсць шмат «ці», якія яшчэ не вызначаныя ў гэтым годзе. Ці дамовімся мы з «Газпрамам» на новыя кошты на газ? Ці скароціць нам Расія пастаўкі нафты, як плануе? Ці ўтрымаецца інфляцыя? І гэтак далей. Дык чаму ўлады так спяшаюцца з прыняццем бюджэту?

Эканаміст Барыс Жаліба лічыць, што гэта ўпісваецца ў логіку не эканамічнага, а адміністрацыйна-бюракратычнага працэсу. «Спяшацца сапраўды няма куды. Але, наколькі я памятаю, заўсёды бюджэт прымае стары склад ПП. Стары парламент — надзейны і правераны, бюджэт прымаецца без спрэчак і дыскусій. Што, дарэчы, нехарактэрна для парламентаў дэмакратычных краін і нават Расіі», — адзначае ён.

Што ж тычыцца «песімістычнасці» сённяшняга праекту фінансавага дакумента, то тут, як кажа Жаліба, яго распрацоўшчыкі вырашылі: лепш перастрахавацца, чым недаглядзець. «Залішне песімістычны сцэнар нам нічым не пагражае. Хай лепш будзе так, а на практыцы мы зробім нешта лепшае: збярэм больш даходаў, зменшым дэфіцыт і гэтак далей. Пытанне ў іншым. Прымаючы песімістычны варыянт, урад зноў увайшоў у супярэчнасць з самім сабою. З коштам на нафту ў 35 долараў, 75 расійскіх рублёў за долар урад разлічвае на рост ВУП 0,2%. Ды з такімі паказчыкамі нафты і расійскага рубля мы па вызначэнні не выйдзем на рост ВУП!» — кажа эканаміст.

«Так што не трэба ўпадаць у крайнасці», — зазначае эксперт. Больш рэальныя паказчыкі, на яго думку, ужо вызначыліся: нафта ўсталявалася ў «калідоры» 45–50 долараў за барэль, а расійскі рубель не ўпадзе ніжэй за 70 за долар. «Але хай лепей урад будзе песімістам. Бачна, ён ужо вывучыў урокі, калі заўсёды былі вясёлкавыя планы, а жыццё дыктавала сваё, і планавікоў абвінавачвалі ў тым, што яны кепскія аналітыкі. Так што лепш песімістычны бюджэт, чым залішне аптымістычны», — лічыць адмыслоўца.