Ці змогуць беларусы яшчэ год пражыць за кошт расійскай нафты?

Як ўраду пазбегнуць секвестра бюджэту-2017.

22_4.jpg

Бюджэт-2017 збіраюцца сфармаваць, зыходзячы з кошту нафты 35 даляраў за барэль і курсу 75 расійскіх рублёў за даляр. На думку намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Уладзіслава Шчэпава, такі сцэнар дапаможа пазбегнуць секвеставанню бюджэту.
Тэмп росту ВУП у 2017 годзе запланаваны на ўзроўні 100,2%, а прафіцыт бюджэту Беларусі складзе 1,5 млрд рублёў. Ці атрымаецца ўраду пазбегнуць перапісвання бюджэту? На гэтыя пытанні адказалі эканамісты

Муха: Расходаванне бюджэту павінна стаць болей празрыстым

— Агучаныя параметры выглядаюць досыць рэалістычнымі і кансерватыўнымі. І калі ўжо зараз у бюджэт закладуць досыць сур'ёзнае зніжэнне выдаткаў, то, магчыма, атрымаецца пазбегнуць секвестра бюджэту. Але на маю думку, скарачэння выдаткаў у наступным годзе ўсё ж мы не пазбегнем, — лічыць фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.
Па словах эксперта, калі казаць аб бюджэтнай сістэме, то на першы план павінны выходзіць і іншыя, не менш важныя пытанні:
— У снежні 2015 года Мінфін распрацаваў добры дакумент — «Стратэгію рэфармавання сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі Беларусі». І зараз вельмі важна пачаць практычную рэалізацыю гэтай стратэгіі без прабуксовак.
Важным аспектам з'яўляецца павышэнне празрыстасці і падсправаздачнасці выканання бюджэту — перад грамадствам, СМІ, парламентам, перакананы эксперт.
— Гэта з'яўляецца сур'ёзнай перадумовай для больш эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў і павышэння аддачы і выніковасці дзяржаўных расходаў. І, адпаведна, зніжэння карупцыйных праяў у бюджэтным сектары. Пра гэта таксама важна казаць, а не толькі пра тое, каму, дзе і колькі мы зменшым выдаткі.
Гаворачы аб запланаваным росце ВУП, эксперт падкрэсліў, што агучаная лічба з'яўляецца хутчэй сімвалічным паказчыкам:
— Яна кажа пра тое, што ўлады перасталі надаваць дадзеным параметрам пільную ўвагу, як гэта было раней.
Аляксандр Муха лічыць, што, хутчэй за ўсё, па выніках 2017 года будзе зафіксаваны адмоўны рост. Калі толькі эканамічная сітуацыя ў рэгіёне не зменіцца ў лепшы бок. Немалаважна і тое, як скончацца нафтагазавыя перамовы з Расіяй, так як іх вынік таксама будзе ўплываць на тое, якім будзе ВУП Беларусі да канца наступнага года.

Заіка: Тым, хто і далей жадае жыць за кошт расейскай нафты, трэба сысці ў адстаўку

— Нам зноў кажуць, што беларусы возьмуць расійскую нафту, перапрацуюць яе і будуць прадаваць. І на гэтым будзе будавацца дабрабыт краіны, а не на тым, што будуць праведзены новыя машыны і трактары, іншая тэхніка. Такая эканоміка і такі бюджэт — гэта дарога ў тупік. Па сутнасці, беларусам трэба адкрыта сказаць: усё, што вы робіце — не мае сэнсу, — кажа кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.
Па словах эканаміста, тым, хто і далей жадае жыць за кошт расейскай нафты, трэба сыходзіць у адстаўку.
Паводле Заўтра тваёй краіны