
Толькі ў адзін Telegram-канал «Беларусь головного мозга» прыйшло 79 скаргаў наконт мовы.
У Telegram-канале «Беларусь головного мозга» сабралі скаргі ад перапісаных. Усяго скаргаў 79, і ўсе яны тычацца пытання пра родную мову. Калі перапісчыкі прыходзяць да людзей, то аўтаматычна запісваюць роднай мовай расейскую.
«У нас ва ўстанове праводзілі перапіс на працоўным месцы. І каб акрамя мяне хто-небудзь абураўся тым, што аўтаматычна ставяць рускую мову, я не бачыў. Пры тым, што на маю заўвагу, што родная мова беларуская, дзяўчына, якая запаўняла анкету, паказальна закаціла вочы», — паведаміў у Telegram-канал адзін з удзельнікаў перапісу.
Таксама перапісчыкі кажуць, што руская мова запісаная роднай па змоўчванні і змяніць гэта нельга.
«Пацешны ўсё ж такі перапіс у нас у краіне. Учора прыходзіла жанчына, перапісчык. Задавала самыя простыя пытанні, хто пражывае, колькі, імя, прозвішча. Заняло гэта літаральна 5 хвілін. Пасля таго як яна збіралася сыходзіць, я спытаў, а што наконт мовы? У анкеце на сайце трэба было ўказваць родную мову. На што яна мне адказала: у нас у анкеце ўжо ўпісана руская мова як родная, я не магу выправіць. Пасля таго як я абурыўся і запатрабаваў выправіць на беларускую, атрымаў толькі хуткія выбачэнні і фразы: “Мне трэба ісці, шмат каго трэба абысці яшчэ”».
Людзі скардзяцца і на тое, што перапіс праходзіць вельмі хутка, а важных пытанняў проста не задаюць.
«Сёння мая мама распавяла, што прыйшоў хлопец з планшэтам і запытаўся толькі месца прапіскі і ў шлюбе ці не ў шлюбе. Маіх бацькоў „перапісалі“ толькі па гэтых пытаннях і пашпарце, ніхто не пытаўся пра нацыянальнасць і мову. Мне шкада, што мама на гэта павялася, але постфактум», — піша абураны ўдзельнік перапісу.
У Белстаце, куды звярнулася Свабода, адказваюць, што «праблемы няма», а «аўтаматычна ставіць рускую мову не могуць».
«Я назірала, як перапісваюць людзей, і ў іх адразу запытваюць, на якой мове перапісваць, і пра родную мову запытваюць. Не разумею, каму патрэбныя гэтыя ўкіды, бо праблемы абсалютна няма. Калі я размаўляю па-беларуску, я і кажу пісаць па-беларуску. Мы даносілі праз СМІ, што чалавек мае права, калі ўжо раптам сутыкнуўся з такой сітуацыяй, каб перапісчык правёў перапіс на беларускай мове. Пакуль анкета не адправілася ў Белстат, чалавек можа ўносіць карэкціроўкі, паглядзець, якія дадзеныя перапісчык унёс у планшэт», — упэўнівае прэс-сакратарка Белстату Тацяна Лапкоўская.
Прэс-сакратарка дадае, што «перапісчыкі добрыя, і яны намагаюцца патлумачыць сутнасць пытанняў людзям».
У перапісе ўжо ўзялі ўдзел амаль 5 мільёнаў чалавек. Яны перапісаліся праз інтэрнэт. З 21 кастрычніка пачаўся этап, калі перапісчыкі ходзяць па кватэрах і офісных будынках, каб перапісаць астатніх.