Дзяржаўная тэлевізія павінна мець прынамсі адзін беларускамоўны тэлеканал

Белтэлерадыёкампанія зноў заяўляе, што не мае магчымасці стварыць нават адзін тэлеканал цалкам на беларускай мове. Культурніцкі тэлеканал Беларусь-3, які калісь меўся быць беларускамоўным, мае толькі 30% беларускамоўнага кантэнту штодзень.

kanal_belarus_3.png


Між тым, у Маскве падпісчыкі не вельмі мудрагелістага пакета спадарожнікавай тэлевізіі могуць глядзець, апрача шматлікіх расейскіх каналаў, прынамсі адзін тэлеканал на чачэнскай мове, адзін тэлеканал на чуваскай мове і ажно два тэлеканалы на татарскай мове. З навінамі, забаўляльнымі і дзіцячымі перадачамі на нацыянальных мовах. Ёсць музычныя каналы кшталту TMTV. Ёсць цалкам татарскамоўны дзіцячы тэлеканал Шаян ТВ.
То бок, генеральны прадусар Белтэлерадыёкампаніі Глеб Шульман, якога па гэтай тэме цытуе Радыё Свабода, прапануе нам паверыць, што чатырохмільённы Татарстан, аўтаномія ў складзе Расеі, мае магчымасць ствараць тэлевізію цалкам на нацыянальнай мове, а ўдвая з паловай большая сувэрэнная дзяржава Беларусь — не мае.
Альбо возьмем, напрыклад, блізкую мне двухмільённую Латвію. Там існуе які тузін тэлеканалаў цалкам на латыскай мове.
Такім чынам, недастатковая колькасць кантэнту на мове — гэта не аргумент.

Дзяржаўная тэлевізія ў шматмоўнай краіне

У шматмоўнай Швейцарыі, па насельніцтву крыху меншай за Беларусь, дзяржаўная тэлерадыёкампанія мае тры тэлеканалы на дзяржаўнай нямецкай мове, тры — на дзяржаўнай французскай мове і два — на дзяржаўнай італійскай мове. У дзвюхмоўнай Бельгіі, трохі большай па насельніцтве за Беларусь, ёсць нават дзве дзяржаўныя тэлерадыёкампаніі — франкамоўная валёнская і галандскамоўная фламандская. У дзвюхмоўнай Канадзе ёсць дзяржаўная тэлевізія на ангельскай мове і на французскай мове.
Рэспубліка Беларусь мае дзве дзяржаўныя мовы: расейскую і беларускую. Беларуская дзяржава ўтрымлівае сем дзяржаўных тэлеканалаў: некалькі пранумараваных каналаў “Беларусь” (1, 2, 3, 4, 5), а таксама каналы АНТ і СТБ.
Такім чынам, пры наяўнасці дзвюх дзяржаўных моваў у Беларусі працуе сем дзяржаўных тэлеканалаў на адной з гэтых моваў і нуль — на другой.

Тэлевізія на сваёй мове — пытанне дзяржаўнага прэстыжу

Нават з павагі да статусу беларускай мовы як дзяржаўнай яна павінна быць адэкватна прадстаўленая ў дзяржаўных медыях, якія існуюць на дзяржаўныя (то бок, грамадскія) сродкі і павінны ў сваёй дзейнасці адлюстроўваць інтарэсы грамадства.
Сярод дзяржаўных газетаў ёсць беларускамоўная "Звязда". Агенцыя БелТА мае паўнавартасны сайт як на расейскай, так і на беларускай мовах. Дык чаму з сямі дзяржаўных тэлеканалаў не можа быць хаця б аднаго беларускамоўнага? Чаму ў савецкі час беларускамоўная тэлевізія з навінамі на беларускай мове была, а цяпер яе няма?

Беларускі канал патрэбны грамадству

Аргумент пра нібыта недастатковую запатрабаванасць беларускай мовы варты смеху. Попыт на беларускую мову і беларускамоўны кантэнт ёсць. Пра гэта кажа і сацыялогія, і поспех праектаў па дубляжу галівудскіх фільмаў на беларускую мову кшталту “Кінаконга”.
У беларускім грамадстве, у тым ліку сярод расейскамоўнай большасці, існуе відавочны кансэнсус адносна таго, што беларуская мова — гэта нацыянальная каштоўнасць.
Гэта значыць, што існуе грамадскі запыт на тое, каб дзяржава развівала беларускую мову, падтрымлівала яе і пашырала яе ўжытак. Апошнія дваццаць гадоў беларуская мова выжывала сіламі амаль выключна грамадзянскай супольнасці — і даказала сваю не проста “жыццяздольнасьць”, але і перспектыўнасць. Таму і з гэтага пункту гледжання перавесці цалкам на беларускую мову хаця б адзін з сямі дзяржаўных тэлеканалаў — гэта тое, што неабходна было зрабіць ужо даўно.

Матэрыяльна-тэхнічны аспект

Тэхнічных, матэрыяльных ці арганізацыйных перашкодаў для беларусізацыі аднаго тэлеканала таксама няма ніякіх. На двары канец 2019 года, і пры жаданні зрабіць гэта можна цягам месяца: за адзін дзень перакласці тэксты заставак, за тыдзень перакласці сайт і навучыць вядучых размаўляць па-беларуску, за астатні час — зрабіць беларускія субтытры да фільмаў і перадачаў ды распачаць дубляж фільмаў на беларускую мову.
Да таго ж, ад беларускай мовы ёсць і такі цікавы бонус: былі прэцэдэнты, калі беларускай тэлевізіі было прасцей набыць правы на трансляцыю спартовых спаборніцтваў на беларускай мове, чым на расейскай. Бо трансляцыя на расейскай мове — гэта падвышаная рызыка пірацтва і несанкцыянаванага перацёку кантэнту ў Расею і астатні былы СССР. З беларускамоўным кантэнтам такой рызыкі няма — ён запатрабаваны выключна ў Беларусі.

"Белсат" змог, а БТ не зможа?

Канечне ж, жывым дакорам беларускім уладам быў і застаецца беларускамоўны “Белсат”. Беларускія чыноўнікі наракаюць, што не маюць магчымасцяў зрабіць тэлеканал на беларускай мове. А польская дзяржава, атрымліваецца, такую магчымасць мае, прычым ужо больш за дзесяць гадоў.
Відавочна, што магчымасці, пра адсутнасць якіх кажуць тэлевізійныя чыноўнікі — гэта магчымасці не матэрыяльныя і не арганізацыйныя. Магчымасці — у дазволе або загадзе ад найвышэйшага дзяржаўнага кіраўніцтва.
Таму грамадзянская супольнасць павінна актыўна ўголас патрабаваць ад уладаў пераводу аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў на беларускую мову. Далібог, дабіцца ад іх беларускамоўнай тэлевізіі будзе куды прасцей, чым дэмакратычных выбараў.
Алесь Чайчыц, Arche