Без прысутнасці спецслужбаў: у Курапатах прайшоў малебен

Ва ўрочышчы Курапаты 12 траўня прайшоў чарговы малебен з удзелам каля паўтара дзясятка чалавек, паведамляе Радыё Свабода.

6052b471b50b91653af7591d4b0162e1_xl.jpg

Сярод удзельнікаў традыцыйнага нядзельнага мерапрыемства ва ўрочышчы былі актывісты Вячаслаў Сіўчык, Ніна Багінская, Зьміцер Марчук. Яны чыталі вершы, спявалі песні.
Малітву прачытаў святар некананічнай Беларускай аўтакефальнай царквы айцец Вікенці.
Удзельнікі набажэнства выказалі надзею, што ўлады ў бліжэйшым часе адкрыюць архівы КДБ і спісы рэпрэсаваных.
Як адзначыў у камэнтары агенцтву БелаПАН лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, «так атрымалася, што Курапаты — гэта сымбаль пакут Беларусі ад камуністычных рэпрэсій». «У нас закрытыя архівы, не даюць звестак пра ахвяраў камуністычнага кіравання. У нас дагэтуль ^[дзяржаўная служба бяспекі называецца^] КДБ, у адрозненне ад астатніх краін. Нацыянальны некропаль „Курапаты“ людзі стварылі самі, насуперак уладам. Гэта сакральнае месца, якое належыць і папярэднім пакаленням беларусаў, і цяперашняму».
Характэрна, што падчас сённяшняй малітвы супрацоўнікаў праваахоўных органаў у Курапатах заўважана не было.
Малітвы ў абарону Курапатаў рэгулярна праводзяцца ва ўрочышчы пасля таго, як 4 красавіка тут паводле рашэння ўладаў былі знесеныя і вывезеныя ў невядомым кірунку 70 шасьціметровых крыжоў. Гэтыя дзеянні выклікалі негатыўны рэзананс у грамадзтве. Знос крыжоў асудзілі прадстаўнікі розных канфэсіяў.
З 4 па 7 красавіка пры розных абставінах, так або інакш звязаных з Курапатамі, было затрымана каля 20 чалавек, частку з іх судзілі, пакараўшы адміністрацыйнымі арыштамі і буйнымі штрафамі. 10 красавіка абаронцы Курапатаў перадалі ў адміністрацыю прэзідэнта адкрыты зварот на імя Лукашэнкі з заклікам вярнуць на месца дэмантаваныя крыжы.
Аднак 13 красавіка былі знесеныя новыя крыжы — гэтым разам 24 металічныя, усталяваныя ў 2017 годзе на грошы грамадскасці. Вакол урочышча быў усталяваны плот з уваходнымі аркамі.