Зміцер Дашкевіч: Пра тое, дзе праўда, сведчаць дзве вяхі — 14 траўня 1995 і 4 красавіка 2019

Для мяне 14 траўня 1995 года — пераломны дзень у найноўшай гісторыі Беларусі і пераломны дзень у маім жыцці.

zmicer_daszkevicz_padczas_abarony_kurapatau_u_2017_hodze.jpg

Каб не рэфэрэндум аб змене дзяржаўнай сімволікі, мне б ніколі і ў галаву не прыйшло далучацца да нейкіх палітычных рухаў, а тым больш такіх для рэпрэсіўнага апарату ўльтрасаў, як маладафронтаўцы. Калі на адміністрацыі Лукашэнкі дралі бел-чырвона-белы сцяг мне было 13 год. Я не мог зразумець, як народ выракаецца такога прыгожага сцяга? Тады я не ведаў пра тое, што гэта і не галасаванне было, а антыканстытуцыйны пераварот — чаго толькі вартая акцыя па збіцці дэпутатаў парламента ў самім парламанце, не кажучы ўжо пра іншыя беззаконні. Але тады, у 13 год, мне проста здавалася, што людзі выракаюцца найважнейшага — і я плакаў. Менавіта тыя дзіцячыя слёзы прывялі мяне потым у «Малады Фронт» і натхнілі прайсці ўсё тое, што я прайшоў. Азіраючыся на апошнія 18 год, я ні пра што не шкадую, нават пра 5 год бадзяння па камерах, этапах і зонах. Каб давялося прайсці гэты шлях наноў, я б ішоў.
Але ідуць гады, мяняюцца расклады. Нечакана некаторыя персанальныя інтарэсы самазванца, — маніякальная прага ўлады над краінай,—– супалі з нацыянальнымі інтарэсамі народа — незалежнасцю гэтай самай краіны. Што рабіць у такой сітуацыі: стаяць у супраціве ці кінуцца дапамагчы яму хоць чым-небудзь? Бо палітыкі — яны прыходзяць і хутка сыходзяць, а дзяржавы — яны застаюцца на вякі. Тым больш штурхае да такіх настрояў і стан апазіцыі: 25 год біцца ў паветраны млын і нічога не выбіць — гэта трэба ўмець і гэта можа расчараваць любога. А тут — бяры і рабі хоць што-небудзь. Я доўга і пакутна разважаў пра гэта, асабліва на піку расійскай інтэрвенцыі ва Украіну.
І я вам скажу так: я мог бы адным з першых кінуцца ў шэрагі бээрэсэмаў ці белых русяў, каб не адна акалічнасць — разадраны 14 траўня 1995 года нацыянальны сцяг. Бел-чырвона-белы сцяг — гэта тая мяжа, якая падзяляе дабро і зло. Так, у дэмакратычнай частцы грамадства можа тое ці іншае рабіцца няправільна, у той час, як у «экспартнай дыктатуры» тое ці іншае можа рабіцца правільна. Як і ў краінах антыгітлераўскай кааліцыі шмат што магло быць няправільным, у той час, калі Гітлер, як патлумачыў нам у тым жа 1995-м Саня, «фарміраваў мошчную Германію» з працуючымі заводамі і чыстымі вуліцамі. Але свастыка заўсёды была сімвалам і сведчаннем кожнаму здароваму чалавеку: дзе дабро, а дзе зло. І ў Беларусі сёння для кожнага сумленнага чалавека чырвона-зялёны сцяг ёсць сведчаннем, дзе зло, а бел-чырвона-белы — дзе дабро.
Але ідуць гады, мяняюцца расклады. І вось мы бачым былых палітычных апанентаў рэжыму, якія пасля чарговай селектарнай нарады са слязьмі на вачох распавядаюць пра захапленне «вялікай балбатнёй» і параўноўваюць яе з не абы-чым, але аж з абвяшчэннем 10-мільённым народам Незалежнасці. Людзі, якія шчэ нядаўна распавядалі, як напярэдадні рэфэрэндума-95 іх збіваў спецназ і бандыты ў масках выціскалі ў авальнай залі ім вочы — рэзка пра ўсё гэта забыліся. І недзе іх можна зразумець, яны добра гавораць: на карце незалежнасць Беларусі. А клопатам пра ўласную краіну, як мы ведаем, можна апраўдаць усё на свеце. Але 4 красавіка 2019 года Нябёсы нагадалі нам, дзе праўда, а дзе хлусня: дзяржаўныя вандалы на спецтэхніцы з анучамі на нумарах вывернулі са змучанай курапацкай зямлі 70 крыжоў. Гэта быў настолькі шакуючы нават для «экспартнай дыктатуры» акт вандалізму, што для многіх ён пераўзышоў вандалізм 14 траўня 1995 года. Аж закрычалі камяні, аж праваслаўныя святары загаласілі да актывістаў бээрэсэма і белых русяў: «Ідзіце да сваіх духоўнікаў і пакайцеся».
Я доўга і пакутна разважаў над сэнсам дзяржаўнага вандалізму ў Курапатах. Але наша частая праблема ў тым, што мы хочам здаровым розумам спасцігнуць розум бандыцкі, рацыянальна зразумець ірацыянальную сістэму — і гэта не працуе. Таму ніякага сэнсу мы ніколі не знойдзем: драць на шматкі бел-чырвона-белы сцяг, напляваўшы ў душы мільёнам беларусаў — гэта ідыятызм для мазгоў здаровага чалавека; вырываць бульдозерамі крыжы ў Курапатах, зневажаючы веру мільёнаў беларусаў — гэта вар’яцтва для рацыянальнага розуму. Але, калі гісторыя — гэта не хаос і не збег незразумелых абставінаў, але лагічны і заканамерны працэс, то павінна ж быць тлумачэнне. І яно ёсць, але не з таго боку, дзе мы прывыклі яго шукаць. Падзеі 14 траўня 1995 і 4 красавіка 2019 адбыліся не для таго, каб мы тлумачылі дзеянні злачыннай сістэмы, а для таго, каб кіравалі сваімі дзеяннямі.
Я адчуваю гэта і думаю, гэта адчуваюць цяпер многія: мы жывем у нейкі пераломны час. Падобны на той, які праходзіў наш народ стагоддзе таму, калі зладзеі жэрлі адзін аднаго — і гэта дало нам магчымасць узняцца і абвесціць сябе незалежнымі. Сёння, калі галоўныя ў сусвеце зладзеі Масквы і усёўладныя зладзеі Мінска грызуць адзін аднаго, такая моцная спакуса — стаць на баку «свайго» зладзея. І многія стануць. Але хто можа пачуць гэта сёння, калі ўяўны палітычны момант становіцца важнейшым за праўду, пачуйце: разгортваецца бойня паміж двума зладзеямі, і хто ўвяжацца ў яе, падзеліць і зладзейскую ўзнагароду. А з іхняй бойні панікаваць не трэба, і не трэба мітусіцца ні ад царызму да камунізму, ні ад гітлерызму да сталінізму, ні нават ад пуцінізму да лукашызму; трэба рабіць тое, што стараліся рабіць бацькі-заснавальнікі БНР — будаваць. Памятаючы, што ў будынку, які стаіць на Праўдзе, зацікаўленыя не толькі і нават не столькі мы, колькі Той, Хто на Праўдзе пабудаваў гэты свет. А пра тое, дзе праўда, сёння сведчаць нам дзве вяхі найноўшай гісторыі Беларусі — 14 траўня 1995 і 4 красавіка 2019.
Зміцер Дашкевіч, facebook.com