Беларускіх дзяцей замежнікі ўсынаўляюць завочна

Дабрачынная спонсарская праграма «Завочнае ўсынаўленне» ў Чэхіі ўсынаўляе дзяцей з Беларусі.



0278fa0b_1de9_46c8_a23b_7acb0ce37733_mw1024_s_n.jpg

Дабрачынная праграма «Завочнае ўсынаўленне» пад рознымі назвамі рэалізуецца ва ўсім свеце. У Чэхіі такі праект існуе больш за 20 гадоў.


Гісторыя гэтай праграмы пачалася пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Традыцыйная яе назва — «Дзіцячы спонсарынг». Да прасоўвання праграмы падключана мноства дзяржаў, як у Амерыцы, так і ў Еўропе. На сённяшні дзень праграма аб’ядноўвае ўжо мільёны людзей.

— У першую чаргу мы працуем у Афрыцы — ва Угандзе, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Замбіі, — расказала Радыё Прага Ярміла Ламозава з дабрачыннай арганізацыі Arcidiecézní charita Praha. — Вялікі праект ажыццяўляецца ў Індыі. Еўрапейскі варыянт «Завочнага ўсынаўлення» рэалізуецца ў Беларусі. У Беларусі ў большасці выпадкаў мы дапамагаем дзецям, якія жывуць у вёсках, і тым, што паходзяць з сацыяльна слабых сем’яў. Вельмі часта гаворка ідзе пра сем’і, дзе ёсць інваліды — дзіця ці хто-небудзь з дарослых. Падбіраць дзяцей для праграмы падтрымкі нам заўсёды дапамагаюць мясцовыя партнэрскія дабрачынныя арганізацыі.

Як праект завочнага ўсынаўлення працуе на практыцы?

— Усынаўленне ў дадзеным выпадку толькі сімвалічнае, — удакладняе Ярміла Ламозава. — Дапамога аказваецца канкрэтным дзецям, а таксама іх сем’ям і ўсяму асяродку, цэлым групам людзей. Мы аказваем дапамогу ў канкрэтным месцы, дзе жыве тое альбо іншае дзіця. На першым месцы, натуральна, адукацыя. Мэта заключаецца ў тым, каб падапечныя дзеці прайшлі поўны курс школьнай праграмы, потым, калі атрымаецца, перайшлі на сярэдні ўзровень адукацыі, авалодалі прафесіяй, а потым можна задумацца і аб ВНУ. Дапамога аказваецца і бацькам, напрыклад, пры працаўладкаванні або пры авалоданні прафесіяй. Дапамагаем мы бацькам нашых падапечных дзяцей і навучыцца эканоміць сродкі, спраўляцца з фінансавым плянаваннем. Праграма дапамогі вельмі шырокая. Мы дзякуем усім нашым дарыльшчыкам, якія пералічваюць фінансавыя сродкі на адукацыю дзяцей.

Кантакты з усынавіцелямі пераважна застаюцца завочнымі. Дзеці і іх апекуны толькі перапісваюцца.

— Звычайна гаворка ідзе пра два лісты на год, у чым мы таксама дапамагаем, — працягвае Ярміла Ламозава. — Аднак у выпадку праекта, які рэалізуецца ў Беларусі, дзеці і іх завочныя ўсынавіцелі могуць бачыцца, прычым перыядычна. Кожны год мы арганізуем канікулы беларускіх дзяцей у Чэскай Рэспубліцы. Зараз, напрыклад, мы ў чэрвені чакаем прыезду групы з 40 беларускіх дзяцей.


Што да рэальнага ўсынаўлення, то ў Беларусі яно рэгулюецца пастановай Савету Міністраў «Аб парадку міжнароднага ўсынаўлення і ўстанаўлення міжнароднай апекі над дзецьмі». Паводле яе, замежнікі могуць усынавіць толькі тых дзяцей, якія больш за год не змаглі знайсці сабе беларускіх бацькоў. Пры гэтым устанаўленне міжнароднай апекі магчымае толькі пры наяўнасці спецыяльнай дамовы паміж Беларуссю і замежнымі дзяржавамі.

www.svaboda.org