БПЦ: Беларускім вернікам забаранілі маліцца ў храмах Праваслаўнай царквы Украіны

Праваслаўныя вернікі Беларусі не маюць права браць удзел у таінствах новаўтворанай Праваслаўнай царквы Украіны. Пра гэта ў інтэрв'ю карэспандэнту Свабоды заявіў афіцыйны прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы Сергій Лепін.

original_15.jpg


Таксама айцец Сергій сказаў, што беларускія праваслаўныя «не могуць браць удзел» у набажэнствах ПЦУ.
15 снежня на аб’яднаўчым саборы ў Кіеве выбралі галаву адзінай Украінскай памеснай праваслаўнай царквы — Епіфанія. Ён быў мітрапалітам Пераяслаўскім і Белацаркоўскім, рэктарам Кіеўскай праваслаўнай багаслоўскай акадэміі.
Паводле айца Сергія Лепіна, Беларуская праваслаўная царква ставіцца да ўтварэння Праваслаўнай царквы Украіны гэтаксама, як і Расійская праваслаўная царква.
​«Як да пэўных вонкавых падзей, якія не маюць дачынення непасрэдна да жыцця кананічнай Праваслаўнай царквы».
Таксама, паводле айца Сергія Лепіна, кіраўніцтва БПЦ не накіроўвала віншавання першаярарху Праваслаўнай царквы Украіны мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Украіны Епіфанію.

«Мы сябры для ўсіх»

Ці будуць падтрымлівацца кантакты паміж БПЦ і ПЦУ?
«Якія кантакты? Звычайныя добрасуседскія кантакты. Мы не шукаем вайны, варожасці. Мы сябры для ўсіх. Дружба дружбай, але пэўныя пытанні ўсё ж асобна. Ні пра якія кананічныя, літургічныя стасункі размова не ідзе. Яны нават немагчымыя з гэтай царквой».
Паводле айца Сергія Лепіна, «кантакты магчымыя толькі ў агульнаграмадзянскай перспектыве». Што гэта азначае?
«Гэта азначае, што мы не ставімся да іх як да царквы-сястры. А мы ставімся да іх як да прадстаўнікоў, мабыць, іншай канфесіі. Гэтаксама, як да каталікоў, уніятаў ці як да якіх-небудзь раскольнікаў», — сказаў прадстаўнік БПЦ.
Паводле айца Сергія Лепіна, Беларуская праваслаўная царква мае кананічныя і літургічныя стасункі «толькі з Украінскай праваслаўнай царквой, якая падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярху і застаецца пакуль што ў рэлігійнай большасці».
Айцец Сергій Лепін мяркуе, што пазіцыя БПЦ у дачыненні ПЦУ не адаб’ецца на дзяржаўных беларуска-ўкраінскіх стасунках.
«Украіна свецкая дзяржава. Як мы мелі з ёй стасункі, так і будзем мець. І спадзяёмся, што нашы стасункі будуць добрыя і будуць толькі паляпшацца, калі там ёсць палітычныя і эканамічныя падставы».