Брус Бакнэл: у Беларусі ёсць патэнцыял, але палітычная сітуацыя цяжкая

Прапануем вашай увазе Інтэрв'ю пасла Вялікабрытаніі ў Беларусі Бруса Бакнэла, якое ён даў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.



minskweekend35.jpg

— Ці паспелі вы ўжо пазнаёміцца з Беларуссю? Скласці сваё меркаванне пра краіну?
— Я прыехаў у Беларусь тры з паловай месяцы таму. Ужо паспеў наведаць Гомель, Гродна, Віцебск і Брэст. Штосьці я ўжо паспеў даведацца пра Беларусь.
Як кажуць многія мае калегі-паслы, у краіны ёсць патэнцыял. Але адначасова ёсць і цяжкая сітуацыя ў палітыцы.
— А як бы вы ацанілі эканамічную і палітычную сітуацыю ў Беларусі?
— Цяжка рабіць ацэнкі ў кароткатэрміновай перспектыве. Мне пакуль не зразумелая фінансавая сітуацыя ў Беларусі. Трэба больш інфармацыі, каб яе ацаніць.
У доўгатэрміновай перспектыве ў Беларусі ёсць вялікі патэнцыял. Але ад урада залежыць развіццё ўмоў для таго, каб бізнес мог рэалізаваць гэты патэнцыял. І гэта заўсёды пытанне — як гэты патэнцыял рэалізаваць.
Палітычная сітуацыя тут складаная, таму што вельмі абмежаваная прастора для палітычнай дзейнасці.
— А ў двухбаковых адносінах Беларусі і Вялікабрытаніі супрацоўніцтва ў якіх сферах развіваецца найбольш актыўна?
— У эканоміцы летась экспарт з Вялікабрытаніі ў Беларусь склаў 125 млн. фунтаў стэрлінгаў. Гэта чацвёртае або пятае месца сярод краін СНД пасля Расіі, канешне, Украіны, Азербайджана і Казахстана. Як бачыце, гандаль ёсць.
І ёсць, вядома, высокі ўзровень інвестыцый у Беларусь. Але, я думаю, ёсць эфект Лондана, таму што большасць інвестыцый ідуць з расійскіх кампаній, якія працуюць у Лондане.
Што да культуры, то тут таксама ў нас развіваюцца адносіны. Была нядаўна выстава экспанатаў з брытанскага музея Вікторыі і Альберта, якая толькі закрылася на мінулым тыдні. Частка выставы была ў Нясвіжскім замку, частка — у Нацыянальным мастацкім музеі.
У сферы адукацыі я бачу вельмі вялікую цікавасць беларусаў да вывучэння англійскай мовы. Мова — гэта наша перавага. І мая роля як пасла — працаваць над тым, каб палепшыць магчымасці яе вывучэння.
Многія людзі, з якімі я ўжо тут сустракаўся, хочуць размаўляць са мной па-англійску. А мне было б больш карысна гутарыць на рускай, каб паляпшаць свае веды мовы.
У сферы навукі таксама ёсць патэнцыял у Беларусі. Я збіраюся наведаць Парк высокіх тэхналогій, каб больш дэталёва вывучыць магчымасці для супрацоўніцтва.
— У Беларусі цяпер шмат гавораць пра магчымасці пачатку вялікай прыватызацыі. Ці зацікаўлены брытанскі бізнес удзельнічаць у ёй? Якія прадпрыемствы былі б для яго цікавыя?
— Напэўна, цяпер пакуль рана аб гэтым гаварыць, таму што працэс толькі пачынаецца. У Лондане як у важным фінансавым цэнтры, вядома, ёсць цікавасць да гэтага. Але, мне здаецца, гэтая цікавасць значна ўзрасце, калі будзе паспяховы прыклад прыватызацыі беларускага прадпрыемства. Без такога прыкладу будзе цяжка стымуляваць цікавасць інвестараў.
— І якія сферы ўяўляюць цікавасць для брытанскіх бізнесменаў?
— Я лічу, што вельмі прывабнай для бізнесу з Вялікабрытаніі можа быць сфера інфармацыйных тэхналогій. А пазней, з развіццём Мытнага саюза, будзе больш магчымасцяў для бізнесу, напрыклад у лагістыцы.
Але ўсё ж цікавасць для работы тут з боку брытанскіх кампаній залежыць ад наяўнасці спрыяльнага інвестыцыйнага клімату ў краіне. У свеце цяпер вельмі вялікая канкурэнцыя за інвестыцыі.
— Наколькі развіццю эканамічнага супрацоўніцтва і прыцягненню інвестыцый могуць перашкодзіць санкцыі Еўрасаюза адносна Беларусі? У прыватнасці, нельга выключыць верагоднасць таго, што нейкія новыя беларускія прадпрыемствы апынуцца ў чорным спісе ЕС. Ці не спужае гэта брытанскіх інвестараў?
— Гэта, хутчэй, пытанне непасрэдна да бізнесменаў. Заўсёды ёсць рызыка. Адкрываючы новую справу, заўсёды пралічваюць рызыкі.
— А наколькі эфектыўныя санкцыі ЕС адносна Беларусі?
— У адносінах паміж Еўрасаюзам і Беларуссю цяпер момант, калі бакам трэба ўзяць час для асэнсавання. ЕС прапануе выразныя ўмовы, выкананне якіх неабходна для паляпшэння адносінаў. Самае важнае — гэта вызваленне палітзняволеных. Беларусь знаходзіцца ў Еўропе. І мы хочам бачыць яе краінай, якая раздзяляе еўрапейскія каштоўнасці.
Санкцыі не накіраваныя супраць беларускага народа. Іх мэта — змяніць паводзіны ўрада Беларусі на карысць народа. Цяпер пытанне санкцый застаецца адкрытым, пакуль Беларусь не выканае ўмовы.
— Але пакуль не падобна, што афіцыйны Мінск мае намер пайсці насустрач ЕС.
— Мы вядзем дыялог з Міністэрствам замежных спраў, з прадстаўнікамі ўрада Беларусі. Мне здаецца, гэта пытанне часу.
— Вы сустракаліся з новым міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем?
— Так, была кароткая сустрэча. Але я ведаю, што мае калегі-паслы таксама з ім сустракаліся. Я сустракаўся з намеснікам міністра Аленай Купчыной. Ёсць кантакты.
— Як вы ставіцеся да меркавання, што найбольш эфектыўным спосабам дабіцца ад Мінска вызвалення палітзняволеных стала б увядзенне Еўрасаюзам эканамічных санкцый?
— Як я ўжо казаў, санкцыі не накіраваныя супраць беларускага народа. А эканамічныя санкцыі — гэта заўсёды праява супраць народа.
Палітыка ЕС — гэта палітыка ўсіх 27 краін-членаў. Гэта заўсёды працэс дыялогу. І цяпер мне здаецца, што краіны ЕС прыйшлі да кансэнсусу адносна таго, каб не змяняць рэжым санкцый і па-ранейшаму прымяняць іх кропкава.
— За апошні час некалькі фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 снежня ў Мінску папрасілі палітпрыстанішча за мяжой. Экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, у прыватнасці, атрымаў прыстанішча ў Вялікабрытаніі. У той жа час узмацняецца ціск на палітзняволеных, якія застаюцца за кратамі…
— Таму ў нас усё яшчэ дзейнічаюць санкцыі адносна Беларусі. Гэта націск на Мінск. І беларускі ўрад ведае добра, што ёсць прычыны для гэтых санкцый. Палітыка не змяняецца. Я ўжо гаварыў, што мы прапануем выразныя ўмовы. І пытанне застаецца адкрытым, пакуль Беларусь не выканае гэтыя ўмовы.
— ЕС рэалізуе ініцыятыву "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю", у рамках якой плануецца абмеркаванне экспертамі будучых рэформ, накіраваных на мадэрнізацыю краіны. Якім вопытам Вялікабрытанія можа падзяліцца з Беларуссю?
— Канешне, мы падтрымліваем гэтую ініцыятыву. Вялікабрытанія разам з іншымі краінамі ЕС гатова аказаць дапамогу і падзяліцца нашым вопытам, напрыклад у лібералізацыі эканомікі. Гэта наша, так бы мовіць, канкурэнтная перавага. На самай справе, на працягу 20 гадоў Еўрасаюз застаецца самым буйным донарам у плане выдзялення міжнароднай тэхнічнай дапамогі Беларусі. ЕС гатовы і далей аказваць дапамогу Беларусі. Але ўсё ж дыялог — гэта доўгі працэс. Пакуль, мне здаецца, не варта падганяць падзеі.
— Вы цудоўна размаўляеце па-руску. Ці ёсць у вас планы вывучаць беларускую мову?
— Так, вядома. Я хачу размаўляць і па-беларуску. Але мне ўсё ж неабходны час, каб палепшыць веды рускай мовы. Аднак і беларускую я ўжо пачынаю асвойваць. Ужо ведаю "добрай раніцы". І ў нас цяпер месяц "лістапад", так? Добра.
— У будынку пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску традыцыйна жылі каты. Гэтая жывёла ўжо стала неад'емнай часткай і нават своеасаблівым сімвалам брытанскай дыпмісіі ў Беларусі. А вы завялі ўжо кошку або ката?
— Я аб гэтым падумаю. Напэўна, гэта будзе залежаць ад маёй жонкі. Але я добра разумею, што гэта традыцыя.