Чалавек ірацыянальны ўжо ў Мінску

У мінскіх кінатэатрах распачаўся пракат "Ірацыянальнага чалавека" Вудзі Алена. Фільм пачынаецца як вадэвіль, аля ці не “Пінская шляхта”.



vudzi_alien_kany.jpg

Адзінае, што з пэўнасцю філасофія мае сказаць пра чалавека, дык гэта тое, што ён памрэ. Аніякія іншыя філасофскія тэорыя не могуць прэтэндаваць на ісціннасць у апошняй інстанцыі акром гэтай усёпранікальнай ды ўсёзнішчальнай высновы. Зрэшты, для таго каб ведаць, што ты памрэш зусім не абавязкова станавіцца прафесарам філасофіі. У адваротным жа выпадку, гэтая простая ісціна мае трансфармавацца ў бясконцую колькасць літар, тэкстаў, семінараў, усімі цытаваных выказванняў. Тлум і бяссэнсіца гэтай працы рана ці позна напаткаюць шукальніка ісціны, ператворацца ў пятлю на ягонай шыі, прымусяць расчаравацца ва ўсім, што на свеце ёсць, акром аднаго – асалоды ад усведамлення таго, што на гэтай Зямлі смяротна ўсё. Новы фільм Вудзі Алена, пракат якога распачаўся ў мінскіх кінатэатрах – гэта гісторыя пра тое, якім горкім фарсам гэтая асалода мае аказацца.

“Ірацыянальны чалавек” пачынаецца як вадэвіль, аля ці не “Пінская шляхта”. У павятовы амерыканскі каледж прыязджае зорка амерыканскай філасофіі прафесар Лукас Эйб (Хоакін Фенікс). Прафесар расчараваны ў жыцці, п’е віскі ды сумняецца ўва неабходнасці ўласнага існавання гэтак жа як і ў марнасці ўсёй выкладанай ім філасофіі. За гэтым новым чалавекам у каледжы адразу пачынаюць пільнаваць дзве жанчыны — студэнтка Джыл Полард (Эма Стоўн) ды выкладчыца Рыта Рычард (Паркер Поўзі). У вельмі лёгкай манеры — добра знаёмай аматарам Вудзі Алена — мы назіраем першую палову фільма, якая, як падаецца, і ёсць той прыўкраснай рамантычнай камедыяй, здольнай выратаваць гледача ад тлуму рэчаіснасці ды дараваць хоць крыху надзеі на лепшае. Сіла палкага кахання мае вярнуць панурага філасофа да радасцяў жыцця. Прынамсі, гэтак у фільмах Алена часта бывае.

Ды раптам камедыя ператвараецца ў драму. Справа ў тым, што той самай жыццесцвярджальнай энергіяй для чалавека рацыянальнага ня ёсць трапяткое прагнае цела жанчыны. Нічога новага на гэтым фронце для прафесара няма. Дастаеўшчына позняга Алена, запачаткаваная ў значнай стужцы “Матч-пойнт”, бярэ верх над жыццялюбствам ды дзявочай красой. Па форме фільм працягвае быць вадэвілем, ды толькі змест стужкі прынцыпова змяняе экзістэнцыяльны ўчынак Лукаса Эйба ў духу Раскольнікава. Гэтая сюжэтная нечаканасць ператварае фільм у фарс. Глядач з замілаваннем чакае перамогі кахання Эмы Стоўн над інтэлектам Хоакіна Фенікса ды ягонай самотай, а замест гэтага атрымлівае нешта ірацыянальнае, а, зрэшты, — рацыянальнае. Пытанне толькі ў тым, як на гэта глядзець.

Фільм як саркастычны жарт з інтэлекту ды ягонай няздольнасці як-небудзь уратаваць жыццё ад гвалту ды болю. Прафесар наступае на граблі, пра якія ўвесь час апавядае на лекцыях. Курс лекцый пра жыццё ды смерць – то бок курс філасофіі – не мае нічога супольнага з жыццём ды смерцю. Можна колькі заўгодна апраўдваць уласнае існаванне, цытуючы Сартра, К’еркегора ды Дастаеўскага, але ці дапаможа гэта чалавеку пражыць жыццё асэнсавана ды шчасліва? Нездарма паводле сюжэту Лукас Эйб працуе над кнігай пра Марціна Хайдэгера, высакародны экзістэнцыялісцкі пасыл філасофіі якога ўсё ж ужываўся з нацысцкай ідэалогіяй. Навокал ідзе вайна, людзі зневажаюць людзей ды робяць гнюсныя ўчынкі, а чалавек рацыянальны спрабуе апраўдаць уласнае існаванне стосам інтэлектуальных бестселераў ды воплескам апладысментаў у навучальных установах. І вось чалавек рацыянальны наважыўся зрабіць учынак — як яму падказваюць ягоныя ўлюбёныя кнігі ды афарызмы — маральны ды правільны, бо трываць у пустэчы бессэнсоўнага больш няма сілаў...

Палкія жанчыны працягваюць верыць, што гэта менавіта сіла іх кахання прымусіла прафесара Лукаса Эйба дыхаць прыўкрасным водарам рэчаіснасці. Яны жывуць сваімі самотнымі марамі, спадзеючыся, што толькі прафесар філасофіі дапаможа ім ажыццявіць іх чароўнае жыццё ў Іспаніі або ўзысці на новыя вяршыні сусвету. Лукас Эйб атрымлівае асалоду ад уласнага учынку ў духу Раскольнікава ды ад таго, што нарэшце справядлівасць створана ім ў рэчаіснасці, а не ў інтэлектуальных забаўках. Між тым, забаўка вярхоўнай справядлівасці раптам слізгае пад нагамі ды цягне ў прорву за сабой.

Жыццё — гэта фарс. Можна быць у роспачы ці ў гуморы, кахацца са студэнткай або калегай і нават забіць чалавека, выпадкова падслухаўшы размову. Але вярхоўная справядлівасць уладкуе ўсіх. І чым бліжэй Вудзі Ален да гэтай вярхоўнай справядлівасці сам (пажадайма сямідзесяцідзевяцігадоваму генію кіно крэпкага здароўя!), тым больш бязлітасным ды ірацыянальным з’яўляецца выказванне ў ягоных фільмах. Палкая камедыя — гэта абсурдная трагедыя. Пошукі асэнсаванасці — гэта філасофскае пустамельства, якое аніяк не ўратуе гэтае жыццё ад абсурднага фіналу. “Ірацыянальны чалавек” як бязлітасны цвічок у труну постметафізічнага мыслення ХХ ст.