Хіпі ў гомельскім лесе
Экспедыцыя Арт-Сядзібы «Зробім лепш!» выправілася на закрыты хіпі-фестываль «Вясёлка» пад Гомелем, дзе ўсе ходзяць голыя, не любяць фатаграфавацца і адмаўляюцца ад здабыткаў цывілізацыі.
Менавіта з нагоды гэтага прароцтва індзейцаў Хопі ў далёкім 1972 годзе падчас святкавання Дня незалежнасці ЗША, тысячы прадстаўнікоў тагачаснай контркультуры, пераадолеўшы ачапленне паліцыі,
выйшлі на Сталовую гару ў штаце Каларада. Узяўшыся за рукі, яны прастаялі там гадзіну, не прамовіўшы ні гуку. Гэты маўклівы пратэст супраць вайны ў В’етнаме і за мір ва ўсім свеце ёсць, па
сутнасці, першай «Вясёлкай». Натхнёныя ідэямі аб светлай будучыні і задзяўбаныя спажывецкім грамадствам простыя хіпі пачалі ладзіць сход «ваяроў Вясёлкі» кожны
год. З цягам часу гэты рух перакінуўся праз акіян і ўжо тры гады запар сход «ваяроў Вясёлкі» праходзіць і ў Беларусі.
Сусветныя Вясёлкі праходзяць кожны раз у новых месцах. Як правіла, доўжацца яны месяц. «Ваяры Вясёлкі» — даволі закрытая супольнасць. Як правіла, большасць ведае адно
аднаго і падтрымлівае сувязь, не зважаючы на дзяржаўныя межы і моўныя бар’еры. Некаторыя з сучасных хіпі падарожнічаюць з «Вясёлкі» на «Вясёлку»,
наведваючы пакрысе Беларусь, Расію, Украіну, Малдову і гэтак далей.
На «Вясёлцы» спрабуюць як мага больш яднацца з прыродай. Замест электрычных прыбораў людзі імкнуцца выкарыстоўваць усё арганічнае, а часам і архаічнае. Замест ліхтарыкаў
— знічка ў слоіку, замест гукаўзмацняльнай апаратуры — акустычная гітара, перкусія ды іншыя жывыя інструменты, што гучаць бясконцымі джэм-сэсіямі кожную ноч.
Даведаўшыся ад сваёй сяброўкі пра такую падзею, я вырашыў з’ездзіць туды і паглядзець на ўсё сваімі вачыма. Доўгае падарожжа аўтаспынам праз спазненне на цягнік было поўнае прыгодаў і
выпадковых знаёмстваў. На адным з прыпынкаў я ўбачыў выкінуты з машыны і ўшчэнт разбіты iPad. «Гэта знак!», — падумаў я, і паехаў далей кіламетр за кіламетрам, натхняючыся
найпрыгажэйшай у свеце прыродай, сонечнымі краявідамі і чуткімі гаворкамі з тамтэйшымі жыхарамі — пераважна маімі спадарожнікамі.
На адным з вакзалаў я выпадкова сустрэў сваіх сябровак, з якімі мяне разлучыў пунктуальны цягнік у Мінску. Амаль адразу сустрэлі яшчэ адну дзяўчыну з Кіева, якая мела раздрукаваную карту месца
правядзення мерапрыемства. Застопіўшы грузавік, мы паехалі насустрач невядомаму.
На месца прыехалі пад ноч.
— Што, ужо раніца? — спыталі мы.
— А, вы першы раз на вясёлцы?
Высветлілася, што на постсавесцкім абшары сярод «ваяроў Вясёлкі» існуе традыцыя вітаць адно аднаго «Добрай раніцы!» у любы час. Такім чынам яны могуць
адрозніваць навічкоў.
Прыём быў вельмі цёплы — з абдымкамі і ветлівымі словамі на розных мовах. Ветлівасць знікла, калі я паведаміў, што прыехаў як рэпарцёр — каб зрабіць артыкул пра
«Вясёлку» і расказаць пра яе ўсёй краіне. Мне яшчэ раз нагадалі, каб я пытаўся ў людзей іх дазволу на здымкі. Рэшту ночы я правёў у розных лагерах, слухаючы жывую музыку і
абпіваючыся гарбатай.
Раніцай, калі паднялося сонейка і ўсе паціху пачалі вылазіць з намётаў да цэнтральнага вогнішча, я зразумеў, што фотарэпартаж тут наўрад ці атрымаецца. Большасць людзей з надыходам цяпла хадзіла
без вопраткі і з недаверам глядзела на мяне і камеру, што вісела на шыі.
На «Вясёлцы» ўсё дэцэнтралізавана. Існуюць сустрэчы, на якіх абмяркоўваюцца нейкія бытавыя патрэбы кшталту харчавання, транспарту, а таксама ідэі майстэрняў і тэмы дыскусій,
якія ладзяцца тут кожны дзень.
Мне пашанцавала трапіць на ёгу, майстар-клас па масажы і семінар па free love. Амаль усе былі голымі. Мне было вельмі складана адчуць свабоду і адштурхнуцца ад стэрыатыпаў. Доўгі час я не мог адчуваць сябе вольна.
Пасля смачнай вегетарыянскай ежы наступіла ноч, усе размеркаваліся па вогнішчах, і з розных куточкаў лесу пачала барабаніць перкусія. Заплыў у крыштальна чыстым возеры пад бялёсым месяцам у
абдымках зор пакінуў мяне на з’яданне эндарфінаў і адчаю, бо з’язджаць неабходна было раніцай.
«Вясёлка» пакінула ў мяне крыху смутку. Пэўная згубленасць некаторых наведнікаў у межах усходніх рэлігіяў ці жаданне дыстанцыявацца ад так званага Вавілона выклікала ў мяне
непаразуменне. Бо я ўпэўнены ў здольнасці кожнага прадстаўніка Вавілона змяніць свае арыенціры пры наяўнасці альтэрнатывы — пры больш шырокім распаўсюдзе ідэй «Вясёлкі»
— а менавіта ўстойлівага развіцця чалавецтва ў гармоніі з прыродай, павагі да бліжняга і сусветнага супрацоўніцтва назло спажывецкай сучаснасці.
artsiadziba.by