Хочаш адрамантаваць двор за свае грошы? Нельга!
Гарадзенец Аляксандр Спірыдонаў вядзе папяровую «вайну» з чыноўнікамі ды не дае замяніць зялёныя клумбы на паркоўкі.
Вуліца Міра ў Горадні не тое, каб элітны раён, але ва ўсялякім выпадку не апошні. Брукаваная вулачка, від на Нёман і старыя замкі па тым баку. І толькі ў дварах паваенных «сталінак» не сціхаюць жарсці…
На першы погляд, вуліца Міра спакойная
Вынік камунальных рамонтаў
Распрацаваны план з лавачкамі, кветнікамі
Жыхар дому на вуліцы Міра, 8 Аляксандр Спірыдонаў вырашыў не чакаць, як большасць, планавых рамонтаў і ўзяць справу ўпарадкавання двара ў свае рукі. Замовіў праект коштам у чатыры з паловай мільёны, а з ім ужо пайшоў у ЖЭС. На праекце — ідэальны двор: з лавачкамі, клумбамі, кветкамі, сушкамі для бялізны, велапаркоўкамі і інш.
Аказалася, аднак, што не ўсё так проста. На рэканструкцыю двара, нават за свае грошы, патрэбная згода іншых жыхароў. Тут і пачаліся рознагалоссі. Частка, няхай і меншая, запатрабавала …скараціць зялёную зону і зрабіць замест яе паркінг. Каб машыны, маўляў, не на вуліцы стаялі, а пад вокнамі, пад пільным наглядам. Пры гэтым свайго плану з бачаннем двара апаненты Спірыдонава не падрыхтавалі і чакаюць планавага рамонту.
«Двор павінен быць для людзей, а не для машын, — скардзіцца Аляксандр, — не для сабак ці алкаголікаў — а для дзяцей, якім зараз і пагуляцца няма дзе».
Сапраўды, адзіная «пясочніца» у двары — гурбы перавернутай камунальнікамі зямлі пасля чарговых рамонтаў… Але добраўпарадкаваць двор на свой страх і рызыку жыльцы не спяшаюцца. Па законе, за кожную самавольна разбітую клумбу прадугледжаны штраф. Кожную паперку трэба ўзгадняць у межрайгазе ды цепласетках, маўляў, а раптам пад клумбай апынуцца камунікацыі?
«Я лічу, што дзяржаве не выгадныя кветкі каля дамоў, — лічыць Аляксандр, — ёй выгадны асфальт, які паклаў і забыўся. А за кветкамі ж дагляд патрэбен, лішнія рэсурсы…»
Для справядлівасці варта адзначыць, што двор на вуліцы Міра 7-8 і без таго адрозніваецца ад суседніх: тут больш зеляніны, а машыны не стаяць на газонах. Аляксандр Спірыдонаў усміхаецца і дае зразумець, што за месцы для парковак у двары раней даходзіла да боек, таму спакой амаль што «куплены крывёю». Такім чынам, для рэканструкцыі свайго ж двара перад дзяржаўнымі інстытуцыямі варта яшчэ прабіцца праз інерцыю сваіх жа суседзяў.