Ці будзе беларускі гатэль «Ламберт»?

У экспертным асяроддзі не выключаюць, што некаторыя краіны свету могуць прызнаць Святлану Ціханоўскую, якая знаходзіцца за мяжой, прэзідэнтам Беларусі. Чым не падстава, каб узгадаць пра феномен урадаў у выгнанні?

tih_2.jpg

Дарэчы, такая з’ява — не зусім ужо і экзатычная для Беларусі. Не толькі таму, што да гэтага часу ў Злучаных Штатах дзейнічае Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, якая лічыць сябе прадстаўніком інтарэсаў Беларусі ў вольным свеце. Цікава, што па стане на 2020 год Рада БНР — самы стары дзеючы «ўрад у выгнанні». Так сталася трошкі выпадкова, паколькі на пачатку 1990-х гадоў Рада была гатовая прызнаць Беларусь і, як і іншыя аналагічныя ўрады ў выгнанні (Эстоніі, Польшчы, Украіны), перадаць свае мандаты кіраўніцтву постсавецкіх рэспублік. Лічыцца, што акт перадачы сапсаваў сам Аляксандр Лукашэнка.  

Аднак значна раней за Раду БНР, у 1830-х гадах у парыжскім гатэлі «Ламберт» адна з фракцый удзельнікаў польскага лістападаўскага паўстання стварыла нешта накшталт каардынацыйнага цэнтра. Яго чальцы разлічвалі ў выпадку вызвалення Польшчы ад расійскай адміністрацыі вярнуцца на радзіму ў статусе легальнага ўраду. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці «Ламберту» былі дыпламатыя, а таксама падтрымка польскай літаратуры і культуры. У тым гатэлі, як бы цяпер сказалі, «тусаваліся» і выхадцы з Беларусі, у тым ліку Адам Міцкевіч.

30 лістапада 1974 г. Сесія Рады БНР у выгнанні прыняла рэзалюцыю, у 
якой крытыкавалася савецкая акупацыя Беларусі: русіфікацыя, адсутнасць 
дэмакратычных выбараў, парушэнні правоў чалавека

30 лістапада 1974 г. Сесія Рады БНР у выгнанні прыняла рэзалюцыю, у якой крытыкавалася савецкая акупацыя Беларусі: русіфікацыя, адсутнасць дэмакратычных выбараў, парушэнні правоў чалавека


Увогуле, калі казаць паліталагічнымі азначэннямі, урад у выгнанні — гэта палітычная група, якая сцвярджае, што з’яўляецца законным урадам краіны, але не можа ажыццяўляць законную ўладу і таму працуе ў нейкай іншай дзяржаве. Урад у выгнанні можа таксама сфарміравацца на аснове пераканання яго стваральнікаў у нелегітымнасці кіруючага ўрада. Чальцы эміграцыйнага ўрада звычайна плануюць аднойчы вярнуцца ў родную краіну і аднавіць фармальную ўладу.

Міжнароднае права прызнае, што ўрады ў выгнанні могуць прадпрымаць самыя розныя дзеянні ў сваіх паўсядзённых справах. Аж да таго, што могуць заключаць міжнародныя дамовы, мець узброеныя сілы, выдаваць пашпарты, і нават праводзіць выбары. Так, напрыклад, робіць урад Тыбету. Менавіта абраныя дыяспарай дэпутаты тыбецкага парламенту зацвярджаюць кандыдатуру кіраўніка кабміну.

Колькасць урадаў у выгнанні вельмі цяжка вызначыць. Па-першае, урады некаторых дзяржаў лічаць нейкія некантралюемыя імі тэрыторыі сваімі і, адпаведна, ствараюць іх адміністрацыі. Напрыклад, у Паўднёвай Карэі ёсць дэпартамент, які «кіруе» Паўночнай Карэяй. А ў Херсоне засядае кіраўніцтва анексаванага Крыма. Па-другое, некаторыя такія ўрады падобныя на нейкія сатырычныя правакацыі. Тут можна ўзгадаць нашу Вейшнорыю або «ўрад Вольнага горада Данцыга» (Гданьска), які дзейнічае ў Германіі.

Сярод гісторыкаў няма агульнага меркавання, калі ўзнікла такая практыка палітычнай дзейнасці. Дапускаецца, што першымі ўрадамі ў выгнанні можна лічыць каралеўскія двары, якія стваралі за мяжой выгнаныя манархі. Напрыклад, так паступілі Сцюарты, якія збеглі з Англіі пасля перамогі Кромвеля. Дарэчы, у выніку Сцюарты дамагліся рэстаўрацыі. Іх прыклад, напэўна, натхняе прадстаўнікоў дынастый, якіх таксама пазбавілі трона. Такімі ідэямі натхняюцца, напрыклад, сваякі іранскага шаха, які страціў уладу ў 1979 годзе.

Відавочна, што найбольш часта ўрады з’яўляюцца ў ваенны час. Так, з-за нямецкай акупацыі ў часы Другой сусветнай вайны перанеслі сваю дзей­насць за мяжу аж 13 урадаў, у тым ліку Польшча, Югаславія, Францыя і гэтак далей. Праўда, толькі частка з іх пасля вайны аднавілася ў сваёй краіне.

Сінхронна свае ўрады ў выгнанні стваралі і пранацысцкія палітыкі. Напрыклад, часовы ўрад Свабоднай Індыі быў створаны ў 1943 годзе індыйскімі эмігрантамі-нацыяналістамі — з мэтай вызвалення Індыі ад брытанскага праўлення, пры падтрымцы Японіі. Урад выпускаў уласныя грошы і паштовыя маркі, меў сваю судовую сістэму і грамадзянскі кодэкс. Многія індусы ўспрымалі яго як законны ўрад, што адстойвае незалежнасць Індыі. На думку некаторых, шырокія пратэсты супраць спробаў брытанцаў асудзіць пасля вайны жаўнераў Свабоднай Індыі і прымусілі Лондан адмовіцца ад калоніі.

Што да апошніх гадоў, то на памяць прыходзяць два выпадкі. Першае — гэта прызнанне Захадам венесуэльскага палітыка Хуана Гуайда прэзідэнтам Венесуэлы. Алібі для такога ходу забяспечылі вельмі супярэчлівыя выбары прэзідэнта, на якіх фармальны прэзідэнт Мадура элегантна атрымаў 67 працэнтаў. Праўда, пакуль Мадура стрымлівае ўдар, і нават абяцае хутка арыштаваць Гуайда.

У 2011 годзе за межамі Сірыі была створана Нацыянальная кааліцыя сірыйскіх рэвалюцыйных і апазіцыйных сіл, якая спрабуе пакласці канец кіраванню Башара Асада. У 2012-м міністры замежных спраў 27 краін Еўрасаюза абвясцілі аб прызнанні Нацыянальнай кааліцыі «законнымі прадстаўнікамі сірыйскага народа». Падобную заяву зрабілі і ўрады шэрагу краін Персідскага заліву. Кааліцыі нават удалося дабіцца дыялогу з Дамаскам, аднак апошнім часам асаблівых прарываў не было.

Пры ўсім знешне несур’ёзным характары працы ўрадаў у выгнанні, яны ўсё роўна з’яўляюцца нейкім палітычным суб’ектам, сімвалам наяўнасці альтэрнатывы. Напэўна таму савецкая разведка вельмі моцна змагалася з урадамі краін, якія былі абвешчаныя падчас Грамадзянскай вайны, а пасля эмігравалі. Напрыклад, Лаўрэнцій Берыя асабіста займаўся ліквідацыяй грузінскага аналага БНР.

Магчыма, перад вачыма Берыі стаяла гісторыя Чэхаславацкай нацыянальнай рады — кіруючай палітычнай арганізацыі чэхаславацкай эміграцыі ў перыяд Першай сусветнай вайны, якая спачатку займалася толькі інфармацыйнай працай. У канцы Першай сусветнай савет быў прызнаны ўрадамі Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША і Японіі ў якасці афіцыйнага прадстаўніка чэхаў і славакаў — і ператвораны ў чэхаславацкі ўрад, які хутка трыумфальна перабраўся ў Прагу.

Як бачым, некаторыя шанцы ў міграцыйных урадаў ёсць, аднак для іх рэалізацыі трэба камбінацыя шматлікіх фактараў.