Далёкія ад патрыятызму пачуцці…

Навіна пра флагшток, на які гомельскія ўлады задумалі выдаткаваць каля 650 тысячаў долараў, нагадала мне адну гісторыю з сярэдзіны нулявых. Неяк я спытаў знаёмага работніка аднаго з калгасаў, ці грэе яму душу чырвоны сцяг, які ў яго гаспадарцы ўздымалі ў тыя гады ў гонар перадавікоў.

flag_ploshchad_gomel1.jpg


Адказ тады прагучаў у напаўжартаўлівым тоне. Маўляў, ды хай хоць амерыканскі сцяг вывешваюць, абы зарплату плацілі, салярку давалі зліваць і камбікорм дадому ў кішэнях насіць.

Сёння такі флагшток стаіць у цэнтры Занарачы, але выглядае ён гнятліва. Мяркуючы па расказах мясцовых жыхароў, размешчаная на беразе Нарачы гаспадарка перажывае не лепшыя дні. І не яна адна. Роспыты пра заробкі выклікаюць у людзей горкія ўсмешкі. Шмат хто з’язджае ў пошуках працы ў Польшчу і Літву.

vioski11_14.jpg


Дарагая ідэя чыноўнікаў, што абурыла гамяльчан, — гэта праекцыя таго, што адбываецца ў нашых вёсках, на ўсю краіну. Украіна, якая сёмы год ваюе, дыхае стабільнай Беларусі ў патыліцу: украінскія зарплаты даганяюць нашы з кожным годам. Польскія і літоўскія заробкі выманьваюць працоўную сілу з краіны. Разрыў паміж сталіцай і рэгіёнамі імкліва расце, розніца ў заробках паміж самым багатым і самым бедным раёнам краіны дасягнула тысячы рублёў!


Але некаторым чыноўнікам усё хоць бы што, нібы на дварэ ўсё тыя ж «мядовыя гады», калі беларусы ў агульнай сваёй масе ў абмен на добрую зарплату заплюшчвалі вочы на рознага кшталту ўпрыгожвальніцтва за кошт бюджэту.

Зрэшты, хоць празмерныя апетыты гомельскіх уладаў і ўражваюць — ад «залатой» прыбіральні ў парку амаль за мільён долараў да не менш каштоўнага флагштока — іх паводзіны не назавеш унікальнымі. Бо ёсць з каго браць прыклад: ўспомнім і палац для суддзяў з люстрамі і фантанамі на сотні тысяч долараў, і спартыўныя спаборніцтвы, ад якіх з эканоміі адмаўляюцца багатыя краіны.

Паводле gazetaby.com, пераклад НЧ