Рух «За Свабоду» і Юрый Губарэвіч не запрашалі на праймерыз чыноўнікаў
Рух «За Свабоду» выпусціў каментар з нагоды заяваў пра арганізаваную з боку ўладаў падтрымку кандыдата на Народным галасаванні (праймерыз) старшыні Руху Юрыя Губарэвіча.
16 сакавіка сустаршыня БХД Павел Севярынец і 17 сакавіка намеснік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч спынілі ўдзел у працэдуры праймерыз. За гэты час таксама былі апублікаваныя некалькі расследаванняў, якасць якіх і высновы выклікаюць сумневы.
У сувязі з гэтым маем неабходным заявіць:
1. Рух «За Свабоду» лічыць, што ўдзел у галасаванні чыноўнікаў з'яўляецца гібрыднай атакай на праймерыз. Лічым, што яны спецыяльна прыйшлі на галасаванне, каб іх пазналі мясцовыя актывісты і каб такім чынам справакаваць канфлікт сярод удзельнікаў Народнага галасавання.
2. Каманда Руху «За Свабоду» і Юрый Губарэвіч асабіста не запрашалі на сустрэчу чыноўнікаў і актывістаў праўладных арганізацыяў, ніякіх дамоўленасцяў з імі пра падобныя дзеянні не было.
3. Магчымасць такой сітуацыі створаная адкрытасцю працэдуры Народнага галасавання для ўсіх грамадзянаў Беларусі. Адзіным дэмакратычным механізмам эфектыўна супрацьстаяць падобным дзеянням мы лічым масавы ўдзел у праймерыз прыхільнікаў перамен. Рух «За Свабоду» заклікае далучацца да актыўнага ўдзелу ў інтэрнэт-галасаванні, аб старце якога арганізатары паведамяць у бліжэйшыя дні, і да рэгіянальных сустрэч, калі яны будуць адноўленыя пасля стабілізацыі сітуацыі з каронавірусам.
4. Мы выказваем шкадаванне, што частка нашых партнёраў па кааліцыі пры сутыкненні з першымі складанасцямі абрала не шлях іх пераадолення, а выйшла з працэдуры абрання адзінага кандыдата ад аб'яднанай апазіцыі.
Паводле прэс-рэлізу