Для поспеху мадэрнізацыі важна размарозіць патэнцыял айчыннага бізнесу
У рэйтынгу Doing Busines 2012 Беларусь па ўмовах вядзення бізнесу заняла 69-е месца і паднялася на 22 радкі ў параўнанні з мінулым годам. Варта чакаць, што і сёлета краіна, дзякуючы некаторым змяненням, палепшыць сваю пазіцыю. Аднак на справе бізнесу ў Беларусі несалодка.
Між тым беларускі бізнес мог бы стаць адной з сіл, якая садзейнічае мадэрнізацыі. Па-першае, прадпрымальнікі зацікаўлены ў правядзенні рыначных рэформ, а па-другое, у іх ужо ёсць канкрэтныя
напрацоўкі па паляпшэнні сітуацыі. Аднак беларускія ўлады не гатовыя пайсці на супрацоўніцтва.
У пагоні за інвестыцыямі забылі пра айчыннага прадпрымальніка
Нягледзячы на тое, што дзяржава пайшла на некаторыя меры па паляпшэнні падатковага заканадаўства, у цэлым сітуацыя невясёлая. Па выніках даследавання "Індэкс дзелавога аптымізму
Беларусі", праведзенага Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва, Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ і аналітычным
цэнтрам "Стратэгія", беларускі бізнес настроены скептычна.
Так, 30% апытаных прадпрымальнікаў лічаць, што за першае паўгоддзе 2012 года стан іх бізнесу крыхуі палепшыўся, а 13,2% і наогул адчулі значнае пагаршэнне. Пры гэтым сярод апытаных
бізнесменаў толькі 29,5% лічаць, што іх становішча нейкім чынам палепшылася.
Выступаючы на другім Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Каўнасе, расійскі эксперт Андрэй Суздальцаў адзначыў, што пасля свайго нядаўняга візіту ў Сочы Аляксандр Лукашэнка аддаў загад
падрыхтаваць план мадэрнізацыі Беларусі. Сапраўды, гэтая тэма прагучала з яго вуснай на нарадзе 11 верасня. У гэтым жа радзе стаяць апошнія распараджэнні кіраўніка дзяржавы, якія тычацца
рэфармавання МУС, скарачэння дзяржапарату і ўразання субсідый для сельскай гаспадаркі. Але ці дабярэцца дзяржаўная мадэрнізацыя да бізнесу, вялікае пытанне.
Цяпер палітыка стварэння ўмоў для вядзення бізнесу ў Беларусі мае яўны перакос на карысць замежных інвестараў. Дзеля прытоку інвестыцый улады аддаюць прыярытэт замежным кампаніям.
Яркім прыкладам з'яўляецца стварэнне Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка, у якім умовы для бізнесу значна лепш, чым у цэлым па Беларусі. Рэзідэнты парка маюць больш значныя льготы і
прэферэнцыі, чым астатнія беларускія свабодныя эканамічныя зоны. Атрымліваецца, што нацыянальны бізнес на задворках?
Параўнанні ўмоў для вядзення бізнесу па Беларусі ў цэлым і ў Беларуска-кітайскім індустрыяльным парку*
Дзяржаўныя падаткі і зборы |
Рэспубліка Беларусь |
Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк |
Падатак на прыбытак |
18% |
Без падаткаў — на працягу 10 каляндарных гадоў пасля рэгістрацыі 50% ад стаўкі — наступныя 10 гадоў |
Зямельны падатак |
У адпаведнасці з кадастравай цаной участка і мэтавым прызначэннем |
|
Падатак на нерухомасць |
1% |
|
ПДК |
20% |
Не выплачваецца |
Адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва |
35% ад фонду аплаты заробкаў |
Адлічваецца з сярэдняй па краіне |
Падаходны падатак |
12% |
9% для ўсіх да 2027 года |
Мытныя пошліны і зборы |
Згодна з заканадаўствам Беларусі |
Не выплачваецца |
Мясцовыя падаткі і зборы |
Згодна з заканадаўствам Беларусі |
Не выплачваецца |
*Паводле звестак заканадаўства Рэспублікі Беларусь
Такая тэндэнцыя праглядаецца і ў тых змяненнях, якія ўлады ўносяць апошнім часам у заканадаўства. Гэта тычыцца і плануемых змяненняў у Інвестыцыйным кодэксе, які будзе шмат у чым заточаны пад
замежнага інвестара.
У прыцягненні замежных інвестыцый няма нічога кепскага, але закавыка ў тым, што айчынны бізнес зараней пастаўлены ў становішча прайграўшага. З гэтага вынікае яшчэ адна праблема: за мінулыя гады
склалася такая сітуацыя, што беларускі бізнес практычна не здольны стаць сур'ёзным гульцом у прыватызацыйных працэсах.
Інтэграцыйныя рызыкі беларускага бізнесу
Беларускі бізнес з цяжкасцю перажыў крызісны 2011 год, аднак і цяпер эканамічная сітуацыя далёкая ад стабільнасці. Ніхто не можа з упэўненасцю сказаць, што будзе заўтра. Пры гэтым улады не спяшаюцца
ісці на ўступкі і патрабуюць павышэння долі ўдзелу бізнесу ў ВУП краіны і "выхаду з ценю".
З крызісам мінулага года звязаны і іншыя выклікі, што стаяць перад беларускім бізнесам: высокі кошт крэдытных рэсурсаў, адток кваліфікаваных кадраў, падзенне пакупніцкай здольнасці насельніцтва,
павышэнне рызык неплацежаздольнасці.
Дадатковай лыжкай дзёгцю з'яўляецца ўваходжанне Беларусі ў Адзіную эканамічную прастору. Здавалася б, пашырэнне рынку да такога маштабу здольнае толькі станоўча паўплываць на бізнес-клімат,
аднак на практыцы шыпоў больш, чым руж.
У сувязі з гэтым адна з галоўных задач, якую павінны вырашыць рэформы, — гэта зніжэнне рызык бізнесу ад уваходжання Беларусі ў АЭП. Пакуль у тройцы Беларусь —
Казахстан — Расія наша краіна найбольш уразлівая. Беларускі бізнес не параўнальны па маштабах ні з казахскім, ні тым больш з расійскім. Такі стан спраў прывядзе або да выціскання айчыннага
бізнесу з беларускага рынку або да яго паглынання.
Каб гэтага пазбегнуць, Беларусі неабходна быць на крок наперадзе Расіі і Казахстана ў стварэнні спрыяльнага бізнес-клімату. Для гэтага ўладам неабходна перагледзець некаторыя
правілы.
Так, важна ўвесці эфектыўны інстытут абароны правоў уласнасці. Пакуль у Беларусі гэты механізм працуе толькі на паперы. Нягледзячы на тое, што дэ-юрэ правіла "залатой акцыі" ў
Беларусі ўжо не дзейнічае, дэ-факта ў беларускім заканадаўстве існуюць механізмы, якія прадугледжваюць пераразмеркаванне ўласнасці з прыватнай у дзяржаўную. Нядаўнія працэсы
супраць "Пінскдрэва" і "Кераміна" гэта паказалі.
Акрамя таго, існуюць некаторыя ўмовы і патрабаванні, якія вымушаюць бізнес выкарыстоўваць шэрую схему. Найперш гэта памер выплат у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Бізнес-супольнасці
неаднаразова заклікалі дзяржаву гэты памер знізіць, аднак у выніку яго знізілі… для рэзідэнтаў Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка.
Яшчэ адзін біч для бізнесу ў Беларусі — цяперашнія правілы праверачнай дзейнасці. Раней уведзены гадавы мараторый на праверкі бізнесу ў 2011 годзе быў адменены. Указам № 511
не прадугледжана ніводнага права правяраемага суб'екта, правамі надзелены толькі кантрольныя органы.
Акрамя гэтага, неабходна рэфармаваць шэраг сфер: спрашчаць сістэму адміністравання падаткаабкладання, колькасць ліцэнзуемых відаў дзейнасці, зніжаць падатковы цяжар і ўводзіць электронную сістэму
рэгістрацыі поўнага цыклу.
Пакет такіх прапаноў можна было б напрацаваць у рамках "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю".
Добрым прыкладам можа служыць вопыт усходнееўрапейскіх краін, у прыватнасці Эстоніі і Польшчы. Аднак пакуль Беларусь знаходзіцца ў летаргічным сне.