«Для чаго вы выказвалі сваё меркаванне?» За перадрук ролікa і каментар пра АМАП судзяць супрацоўніка БМЗ

22 чэрвеня Гомельскі абласны суд пачаў разгляд крымінальнай справы за «распальванне варожасці» (артыкул 130 КК). Абвінавачаны — 32-гадовы жыхар Жлобіну Сяргей Трэшчанка. Да затрымання ён працаваў на Беларускім металургічным заводзе (БМЗ). Свабодзе з запісам працэсу дапамог гомельскі валанцёр Ілля Міронаў.

acbf5933_4ff1_4dfc_9702_181618a391fb_w1023_r1_s.webp


У Сяргея Трэшчанкі — двое малалетніх дзяцей. Яны з жонкай і дзецьмі жылі ў інтэрнаце БМЗ. Цяпер сям’я можа застацца без жытла.
Судзіць яго Анатоль Сотнікаў. Пракурор — Аляксандр Мохараў.

У чым абвінавацілі

«Трэшчанка, падзяляючы і падтрымліваючы ідэі сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады і іншых сацыяльных групаў, выказваючы непрыязь да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, гэта значыць, дзейнічаючы па матывах варожасці, наўмысна, з мэтай распальвання варожасці размясціў у сацыяльнай сетцы „Вконтакте“ спасылку на ролік „Штучны інтэлект зрывае маскі з АМАП“, і пакінуў свой каментар да яго».
Каментар гучаў такім чынам, што варта «вычысціць з іх усе грошы, аформіць на іх крэдыты, а грошы перадаць у дзіцячыя дамы, шматдзетным сем’ям і малазабяспечаным».
«Каментар быў пабуджальнага характару, накіраваны да дзеянняў на прычыненне школы адной групай грамадзян другой групе — на распальванне сацыяльнай варожасці, падбухторваючы да дыскрымінацыі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, прыніжэння іх годнасці, выклікаючы антыпатыю, агіду і нянавісць», — зачытаў абвінавачанне пракурор.

Ці можна і якім чынам выказваць сваё меркаванне

Сяргей на судзе расказваў, што мае «Вконтакте» каля 200 сяброў. Ролік і каментар да яго бачыў 101 чалавек. Ён размясціў каля дзесяці відэа, звязаных з падзеямі пасля выбараў у Беларусі.
— З якой мэтай вы гэтыя відэа размясцілі? (пра штучны інтэлект. — РС)
— Гэта было маё меркаванне і асуджэнне тых дзеянняў, якія былі паказаныя на відэа.
— Для чаго вы выказвалі сваё меркаванне?
— Нават не ведаю, проста выказаць сваё меркаванне, мэты ніякай не было. Я быў нязгодны з тымі дзеяннямі. Дзеянні сілавікоў былі жорсткія, мяне гэта абурыла.
— Пра што ваш каментар быў? «Рабяты, вычысціце ўсе грошы з рахункаў гэтых м..ей»?
— Я не ведаю. Па сутнасці, такія дзеянні, пра якія я пісаў — іх немагчыма выканаць.
— На той момант для чаго вы размясцілі камэнтар?
— Я быў на эмоцыях, у стрэсе і не магу ўсё гэта патлумачыць. Я быў цвярозы, я ня п’ю, я з такімі падзеямі ў жыцці сутыкаюся ўпершыню, і як дзейнічаць, як выказваць сябе, якімі словамі — я не ведаю.
— Адзнаку сваім дзеянням вы давалі?
— Я спачатку гомельскім аператыўнікам, міліцыянтам, шчыра прыносіў прабачэнні. Мне сказалі, што можна запісаць відэа, выбачыцца, што я і зрабіў. Я выбачаўся, што я не меў права асуджаць і даваць ацэнку людзям, якія былі на роліку. Я не меў права даваць камэнтары тым дзеянням, якія былі на відэа, і асуджаць гэтых людзей, выказваць свае погляды.
— Вы падзялялі і прытрымліваліся ідэй сацыяльнай нецярпімасці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, як напісана ў абвінавачанні? Прызнаяце ў гэтым віну?
— Я не адчуваю варожасці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
— Вы заклікалі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды супрацоўнікам міліцыі?
— Мэты не было. І дзеянні немагчыма было выканаць. Я нават не ўяўляў. Я толькі тут сутыкнуўся з гэтымі фармулёўкамі... Я не меў рацыі. Прызнаю віну.