Дождж не перашкодзіць экскурсіі па «горадзе, якога няма»

Слуцкае ТБМ арганізавала яшчэ адну беларускамоўную экскурсію па «гораду, якога няма» — старажытнаму Слуцку.

img_0889_1_logo.jpg


Нягледзячы на праліўны дождж, прыхільнікі гісторыі горада сабраліся вечарам 12 ліпеня на былой гандлёвай плошчы горада — каля помніка Сафіі Слуцкай.
Гэтым разам вядомы слуцкі краязнаўца і аўтар кніг пра архітэктурныя помнікі горада Ігар Ціткоўскі пазнаёміў з гісторыяй мясцін, якія прымыкаюць да гандлёвай плошчы. Першая гарадская аптэка, былы Прэабражэнскі манастыр, лодачная станцыя, Верхні і Ніжні замак, Падзамчышча, манастыр Бернардынаў, старажытныя назвы вуліц у гэтым рэгіёне — пра ўсё гэта ведае няшмат случчан.
Напрыклад, такі факт: першая агульнадаступная аптэка з’явілася ў Слуцку амаль на тры дзясяцігоддзі раней, чым у Маскве — у 1648 годзе.

img_0894_logo.jpg


На жаль, ні Верхні, ні Ніжні замак не захаваліся да гэтага часу. Пра мінуўшчыну тут маўкліва нагадвае былое замчышча — вялікая горка, на якой цяпер знаходзіцца гарадскі Дом культуры. Па вуліцы пад рускамоўнай назвай «Большая горка» ўдзельнікі экскурсіі прайшлі ды цяперашняга будынка масласырбазы. Гэта, аказваецца, і ёсць былы кляштар Бернардынаў, які захаваўся да нашых часоў.
Першапачаткова будынкі кляштара і касцёла былі пабудаваны з дрэва, а ў канцы 18 стагоддзя на змену дрэву прыйшоў камень.

img_0891_logo.jpg


Мураваны касцёл Святога Антонія пабудаваны ў 1812 годзе. Пасля польскага паўстання 1830 года бернардынскі кляштар быў зачынены. Каталіцкія святары падтрымлівалі ідэі антырасійскага паўстання, таму касцёл спачатку быў ператвораны ў праваслаўную царкву, а кляштар скарыстоўвалі як казарму для расійскіх казакоў. Таму вуліца Усцінаўская, на якой знаходзіўся кляштар, атрымала назву Казачай. Цяпер яна носіць назву «Чырвонаармейская». Пасля таго, як расійскія войскі ў 1852 годзе пакінулі Слуцк, касцёл зноў быў перададзены каталікам і дзейнічаў да 1933 года. Знішчаны бальшавікамі ў 50-х гадах мінулага стагоддзя падчас вайны з рэлігійна-культавымі будынкамі.

img_0898_logo.jpg


Дарэчы, у сутарэннях кляштара доўгія часы знаходзіліся грабніцы Слуцкіх князёў Радзівілаў. Існуе шмат сведчанняў пра тое, што менавіта манахі-бернардынцы, якія мелі агароды, вывелі сорт грушы «слуцкая бэра». У народзе яна нават называлася «бернардзінкай».
Як выказалася адна з удзельніц экскурсіі, скрыжаванне вуліц побач з былым манастыром — «намоленае месца», бо тут месціліся і драўляныя праваслаўныя цэрквы. Але яны даўно згарэлі.

img_0895_logo.jpg


Святлана Малькова, якая доўгі час жыла ў іншым горадзе, распавяла, што яна наведвае лекцыі па гісторыі Слуцка пры праваслаўнай епархіі ўжо на працягу двух гадоў.
— Але слухаць лекцыі, седзячы за сталамі, — гэта адно, — гаворыць Святлана Васільеўна. — Зусім іншае адчуванне, калі ты ходзіш па гістарычных месцах і слухаеш аповеды пра былое. Як быццам ты датыкаешся да гісторыі душой.

img_0900_logo.jpg


Уладзімір Адзярыха, сябра ТБМ, таксама вельмі ўдзячны Ігару Ціткоўскаму за вандроўку.
— Шкада, што няма доступу ў бернардынскі манастыр, — з жалем кажа ён. — Паколькі ў Слуцку захавалася мала гістарычных помнікаў архітэктуры, было б лагічным перамясціць прадпрыемства ў іншае месца і даць магчымасць турыстам наведваць гэты помнік мінуўшчыны. Трэба ставіць гэта пытанне перад кіраўніцтвам горада.
Знаёмства з гістарычным Слуцкам будзе прадоўжана ў наступным месяцы.