Фотафакт: паглядзіце, як прыгожа Скідзель пазбаўляюць ад смуроду
Яшчэ 5 гадоў таму адметнай асаблівасцю Скідзеля для ўсіх, хто праязджае міма і гасцей горада быў вельмі своеасаблівы пах.
Наваколлі Скідзеля літаральна прасякнуліся асаблівым водарам. Непрыемны пах ішоў з боку ачышчальных збудаванняў цукровага камбіната, ён не даваў дыхаць на поўныя грудзі не толькі жыхарам горада і навакольных вёсак, але і тым, хто праязджаў па трасе Мінск — Гродна. Устойлівы смурод тут трымаўся каля 20 гадоў, пакуль прадпрыемства не ўзялося за новую ачышчальную станцыю. Але і ў 2010 годзе ўсё атрымалася не адразу, з-за фінансавых праблем будоўля замерла яшчэ на два гады.
Прычынай смуроднага паху каля Скідзеля было разлажэнне адходаў пасля перапрацоўкі цукровых буракоў, асабліва пры вытворчасці цытрынавай кіслаты, выпуск якой у краіне наладжаны толькі тут. Пры пуску камбіната яго праектная магутнасць дазваляла перапрацоўваць у суткі 200 тон буракоў — зараз гэты аб'ём вырас практычна ў 35 разоў, а магутнасці ачышчальных збудаванняў заставаліся на ўзроўні 60-ці гадовай даўніны. У перагружаных рэзервуарах да 2014 года сабралася каля 3 мільёнаў кубічных метраў адпрацаваных сцёкаў.
Толькі ў 2008 годзе з'явіліся першыя перадумовы рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў. Меркавалася, што ў суткі будзе перапрацоўвацца 3 тысячы кубоў вытворчых сцёкаў. Але чамусьці тады «забыліся» аб назапашаных старых адходах на палях фільтрацыі. Каб іх утылізаваць па той схеме, спатрэбілася б яшчэ каля 30 гадоў. У 2012 годзе, знакавым не толькі для прадпрыемства, але і для ўсяго рэгіёну аб'ект нарэшце зрушыўся з месца.
Станцыя магутнасцю 4 тысячы кубаметраў перапрацоўкі ў суткі ачышчае сцёкі ўсіх тэхналагічных вод ад адходаў вытворчасці цукру і цытрынавай кіслаты. У перыяд меншай загрузкі станцыя чысціць ваду, назапашаную на палях фільтрацыі. Галоўнае, што прадпрыемства пазбылася ад крыніцы непрыемнага паху, які ўзнікае ў выніку браджэння цукровабурачных адходаў.
Першай чаргой камбінат запусціў працэс анаэробнай ачысткі сцёкаў тэхналагічных вод, што дазволіла давесці ступень ачысткі сцёкаў да 75% і цалкам пазбавіць ад непрыемнага паху ўсю ваду, якая паступае на станцыю. Другая чарга праекта дазволіла забяспечыць ачышчэнне вады яшчэ на 20 працэнтных пунктаў.
У 2015 годзе на прадпрыемстве завершана будаўніцтва ўсіх асноўных аб'ектаў новых ачышчальных збудаванняў, зманціравана абсталяванне (узведзены кацельня, адміністрацыйны будынак, устаноўлены два рэактары для біялагічнай ачысткі, рэзервуары-назапашвальнікі, газгольдэры і іншае).
Сёння на 55 га акуратна запоўненыя ўсе палі фільтрацыі. Частка вадаёмаў пафарбаваная ў чырвоны, плаваюць качкі. Сцёкавая вада чысціцца з дапамогай спецыяльных бактэрый (анаэробны глей).
Паводле s13.ru