Грамадскія актывісты змагаюцца за ратаванне слонімскага лесу да высечак

Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці Слоніма (Гродзенская вобласць) працягваюць змагацца за ратаванне мясцовага лесу ад масавых высечак.  



slon_les.jpg

Кіраўнік Слонімскага аб'яднання дэмсіл Іван Шэга адправіў у Камітэт дзяржкантролю Беларусі ліст, у якім інфармуе аб незаконным знішчэнні мясцовымі ўладамі зялёнай зоны, паведамляе праваабарончы сайт www.spring96.org

Высечка 30-гадовага лесу вакол горада, побач з вуліцай Войкава, "для выдзялення ўчасткаў пад будаўніцтва прывілеяванай катэгорыі грамадзян, сярод якіх быў і дырэктар мясцовага лясгаса", пачалася яшчэ ў 2011 годзе, піша Шэга. Тады, пасля шматлікіх зваротаў у розныя інстанцыі, грамадскім актывістам удалося прыпыніць знішчэнне маладога лесу на плошчы да двух гектараў.


У студзені гэтага года на гэтым участку зноў з'явіліся работнікі лясгаса, якія пачалі валіць дрэвы. Раённая газета "Слонимский вестник" — друкаваны орган райвыканкама — размясціла публікацыю пра тое, што гэтыя работы запланаваныя і высечка закране толькі хворыя і слабыя дрэвы.

Аднак, як сцвярджае аўтар ліста ў КДК, факты гавораць пра іншае: "Высякаецца вельмі шмат лесу, практычна палова дрэў. Прычым высякаюцца не слабыя і хворыя, а наадварот — моцныя дрэвы. Стараннямі лесарубаў на невялікай адлегласці менш за 100 метраў спілаваныя пяць суцэльных палосаў шырынёй каля 5 метраў і даўжынёй да 200 метраў. Тут дрэвы знішчаны поўнасцю і гэта знішчэнне працягваеццца. Ніхто не клеймаваў дрэвы, нідзе да пачатку работ не былі выстаўлены слупкі з указаннем, што гэта за лес, што за работы тут праводзяцца".

Шэга таксама прыводзіць меркаванне старых леснікоў, якія кажуць, што "пасля такой "санітарнай" высечкі гэты ўчастак лесу асуджаны: слабыя пакінутыя дрэвы не вытрымаюць моцнага ветру і ўтворыцца лесапавал, а што застанецца — будзе лёгкай здабычай караедаў".

БелаПАН