Хронікі рэпрэсій, 21 жніўня. Чатырох берасцейцаў пазбавілі волі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе
На волю па памілаванні выйшаў адзін з найстарэйшых палітвязняў Беларусі. У той жа час на 10 палітвязняў у нашай краіне стала больш.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».
На волю па памілаванні выйшаў адзін з найстарэйшых палітвязняў Беларусі — 74-гадовы Васіль Бераснеў
Пра гэта праваабаронцы даведаліся ад калег Васіля.
Васіль Бераснеў — лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Суддзя Анастасія Папко прызначыла яму 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Яшчэ падчас знаходжання ў СІЗА ў Васіля значна пагоршыўся стан здароўя: ён пакутаваў ад боляў у адзінай нырцы. Сітуацыя была настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мела сэнсу, патрэбна была перасадка ныркі.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, нягледзячы на ціск за кратамі, сур'ёзныя праблемы са здароўем і выхад па памілаванні, Васіль так і не прызнаў сваёй віны.
Глядзіце таксама

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
Telegram-каналы, чаты і боты «Народный Репортер бот», «Беседы беларуской революции», «Гомельская праўда», «Беларуская праўда»;
Старонка ва «Укантакце» «НАРОДНЫЙ РЕПОРТЕР»;
Facebook-старонкі «Александр Комаровский», «За Свой Город Пружаны», «Бап Да Волi»;
TikTok-старонкі «Zmahar_2.0», «Glafira», «Бульба на ноч».
У Гродне завочна асудзілі журналіста і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча
У Гродзенскім абласным судзе 19 жніўня агучылі завочны прысуд журналісту і праваабаронцу Уладзіміру Хільмановічу. Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Верагодна, прычынай пераследу стаў аўтарскі блог журналіста.
Суддзя Ігар Собалеў на пятым судовым пасяджэнні вынес прысуд праваабаронцу — 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама завочна пастанавілі выплаціць штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (40000 рублёў), а ў выпадку нявыплаты канфіскаваць некаторую маёмасць, сярод якіх кватэра ў Гродне і вясковы дом.
Уладзімір ужо больш трох гадоў не пражывае ў Беларусі. Крымінальную справу супраць яго пачалі ў лістападзе 2023 года. На ўсю маёмасць журналіста быў накладзены арышт.
Прадстаўнікоў мінскага стартап-хаба «Імагуру» пачнуць судзіць 2 верасня
У Мінскім гарадскім судзе прызначылі разгляд крымінальнай справы супраць Таццяны Марыніч, Анастасіі Хамянковай, а таксама Яўгена Пугача. Іх абвінавачваюць агулам паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку паводле ч. 1 арт. 357 КК «змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады».
Таццяну Марыніч і Анастасію Хамянкову будуць судзіць завочна, а Яўген Пугач утрымліваецца пад вартай з ліпеня 2023 года. Справу прызначаны весці Любоў Сімахіна.
Паводле следства, акрамя іншага, Марыніч і Хамянкова маюць дачыненне да «ўчынення шэрагу злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці». Яны нібыта «стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фарміраваннем, на інтэрнэт-рэсурсах якога размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы накіраваныя на падтрымку масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў 2020-ым годзе».
Чатырох берасцейцаў пазбавілі волі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе
У судзе Ленінскага раёна Брэста 8 жніўня агучылі прысуд чатыром берасцейцам, якіх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года. Палітзняволеным Алегу Літвінчуку і двум братам Мацвею і Леаніду Аверчукам прызначылі паўтара года зняволення, а Аляўціне Гудковай — адзін год зняволення.
Справу супраць палітвязняў разглядаў Андрэй Грушко, на рахунку якога мінімум 29 палітычных прысудаў па крымінальных справах. У 2021 годзе ён адправіў у калоніі на тэрміны ад 3,5 да 5 гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах 13 палітвязняў.
50-гадовага жыхара Віцебска асудзілі на 2 гады калоніі за каментары пра Лукашэнку
У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска восьмага жніўня асудзілі Ерванда Марцірасяна паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) КК. Справу разглядала суддзя Святлана Кузмічонак.
Як паведаміла "Віцебская Вясна", Ерванду прызначылі два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у стане алкагольнага ап’янення, знаходзіўся ў службовым аўтамабілі і ў прысутнасці супрацоўнікаў Дэпартамента аховы «неаднаразова прамовіў выразы абразлівага характару» у бок Лукашэнкі.
Сталі вядомыя яшчэ чатыры прозвішчы палітвязняў, якія выйшлі па памілаванні
Як паведамляе Андрэй Стрыжак, гэта Кацярына Леў, Наталля Пятровіч, Тамара Каравай, Святлана Палуэктава.
Глядзіце таксама

Затрымалі інжынера ЗАТ «Белцім»
На «пакаяльным відэа» мужчына «прызнаецца» ва ўдзеле у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама тым, што ён нібыта пісаў абразлівыя каментары пра супрацоўнікаў міліцыі.
У Беларусі +10 новых палітвязняў
Гэта Міхаіл Лазько, Максім Джуманіязаў, Дзмітрый Шалак, Павел Кучарэнка, Андрэй Гіль, Ярванд Марцірасян, Сяргей Барзавец, Яўген Стральчэнь, Сяргей Чарнецкі, Станіслаў Амельянюк.