Хронікі рэпрэсій. 8,5 гадоў палітвязню, крымінальная справа супраць маці загінулага каліноўца
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 26 студзеня.
У Гродзенскім
абласным судзе 8,5 года калоніі прысудзілі палітзняволенаму Іллі Краўчэўскаму. Хлопцу інкрымінавалі 10 крымінальных артыкулаў. Вядома, што
крымінальную справу Іллі разглядалі цягам сямі пасяджэнняў.
У Чыгуначным
судзе Гомеля асудзілі палітвязня Андрэя Карпенку
паводле ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і ч.1 арт. 342 (арганізацыя і
падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны
ўдзел у іх) КК. Суддзя Ганна
Сакалова прызначыла Андрэю тры гады пазбаўлення волі ў калоніі. Пасяджэнне
адбывалася ў закрытым рэжыме, падрабязнасці справы невядомыя.
Праўладныя
тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне мінчанкі Ганны Шурдзяковай. На змантаваным сілавікамі відэа дзяўчына кажа, што была затрымана з-за таго, што «захоўвала
дома пратэсную сімволіку».
У Мінску нібыта за распаўсюд улётак з паклёпам на Лукашэнку быў затрыманы Сяргей Кабзенка. Раней ён быў асуджаны за ўдзел у дзеяннях, якія груба
парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).
Актывістку руху «За Свабоду» Валянціну Болбат з Верхнядзвінска аштрафавалі на 3700 рублёў за малюнкі ў сацыяльных сетках. Яе затрымалі летась 22 лістапада і тройчы судзілі. Суддзя Зінаіда Балаболава двойчы арыштавала Валянціну на 10 сутак
паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), а на трэці раз
прызначыла 320 рублёў штрафу.
За кратамі ў жанчыны пагоршылася здароўе, таму яе вызвалілі на тры дні раней. 11 студзеня яе выклікалі ў Верхнядзвінскі РАУС і сказалі прыйсці ў міліцыю ў Наваполацку. Там яе адразу ж затрымалі і адправілі ў ЦІП даседжваць трое сутак. Тады яна абвесціла галадоўку на знак пратэсту супраць несправядлівых абвінавачванняў.
Ужо 13 студзеня адбыўся над ёй чарговы суд. Жанчыну абвінавацілі ў «несанкцыянаваным пікетаванні» паводле арт. 24.23 КаАП за малюнкі ў сацыяльных сетках. Суддзя Балаболава прызначыла ёй яшчэ 100 базавых велічыняў штрафу (3700 рублёў).
У Мінскім
гарадскім судзе Святлана Бандарэнка разглядае справу Аляксандра Давідзюка. Паводле інфармацыі «Н*шай Нівы», гэта высокапастаўлены сілавік з ААЦ. Мужчыну
абвінавачваюць па арт. 179 ч. 1 (незаконны збор або распаўсюд інфармацыі пра
прыватнае жыццё), арт. 375 ч. 2 (наўмыснае разгалошванне службовай таямніцы),
арт. 455 ч. 1 і ч. 2 (злоўжыванне ўладай), арт. 430 ч. 3 (атрыманне хабару) КК
Беларусі. Іншымі словамі, яго абвінавачваюць у тым, што
ён за ўзнагароджанне перадаў сакрэтную інфармацыю, якая датычыла нейкіх асоб.
Следчы камітэт
скончыў папярэдняе расследаванне ў дачыненні да былога афіцэра ГУБАЗіК
Станіслава Лупаносава. На тое, каб
правесці расследаванне ў парадку «спецыяльнай вытворчасці», у ведамства пайшло
два тыдні. Крымінальная справа перададзена Генеральнаму пракурору для
накіравання ў суд.
Нагадаем, былому афіцэру ГУБАЗіКа інкрымінуюць тры крымінальныя артыкулы: 352 (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй), 356 (здрада дзяржаве), 426 (перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў).
Палітзняволенай рэдактарка T*T.ВY Марына Золатава засталася без адваката. Яе абаронцу Аксану Белую пазбавілі ліцэнзіі. Адметна, што гэта адбылося ўжо пасля пачатку суда па «справе T*T.ВY».
Яшчэ дзевяць чалавек прызнаныя ў Беларусі палітвязнямі. Гэта Таццяна
Колас, Павел Петручэня, Аляксандр Грыдзюшка, Уладзіслаў Аўчыннікаў, Дмітрыйс
Міхайлаўс (грамадзянін Латвіі), Вячаслаў Бяганскі, Ілля Краўчэўскі, Віталь Енаровіч, Цімафей
Галубко. Цяпер у спісах праваабаронцаў 1445 палітычных зняволеных. Насамрэч іх значна болей.
Супраць Наталлі Суславай (маці Паўла «Волата», які стаяў ля вытокаў палка Каліноўскага і загінуў 15 траўня) распачалі крымінальную справу паводле арт. 361-3 КК (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў баявых дзеяннях). Раней супраць жанчыны была распачата крымінальная справа паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за інтэрв'ю тэлеканалу «Б*лсат».
У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаванні». Імі прызнаныя «Ка*рдынацыйную раду», «К*манду Святланы Ціханоўскай», якая складаецца з «Оф*са Святланы Ціханоўскай» і «Пр*дстаўнікоў Святланы Ціханоўскай», «Ан*літыкі Святланы Ціханоўскай» (у тым ліку члены закрытага тэлеграм-рэсурсу «An*lityki ST». Рашэнне вынесенае за «публічныя заклікі да санкцый, арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы да здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь».
Палітзняволеных
Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну пачнуць судзіць 6 лютага. Валерыя Касцюгова
— палітолаг, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наша меркаванне»,
рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» і кіраўніца групы
экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе». Яе затрымалі 30 чэрвеня
2021 года. Таццяна Кузіна —
сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa,
экспертка даследчага праекта bipart. Была затрымана ў Мінску ўначы на 29
чэрвеня 2021 года.
Іх абвінавачваюць па трох артыкулах КК: 357 (дапамаганне дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады), 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).
72-гадоваму жыхару Слоніма актывісту Барысу Кучынскаму ўзмацнілі пакаранне і адправілі на «хімію» за рэпост. 10 лістапада ў судзе Слонімскага раёна палітвязню прысудзілі тры гады «хатняй хіміі». Дзяржабвінавачванне ж тады запытвала калонію.
Барыса абвінавацілі адразу па двух крымінальных артыкулах: абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369) і незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных (арт. 203). Усё гэта — за адзін рэпост у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» допіса аб участковым інспектары міліцыі АУС Ваўкавыска Віктары Лутчанку.
Стала вядома, што пракуратура падала апеляцыйную скаргу на прысуд і Гарадзенскі абласны суд прысудзіў Кучынскаму больш строгае пакаранне — два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Цяпер Кучынскі абскарджвае гэты прысуд у Вярхоўным судзе.
З палітвязнем Яўгенам Прапольскім у калоніі знікла сувязь. Яго асудзілі на 8 гадоў калоніі па справе «ўдзельнікаў чата». На судзе ён распавёў пра катаванні: «Мяне прымушалі пісаць чыстасардэчнае прызнанне на імя начальніка УСК. Мне пагражалі, катавалі — білі маім электрашокерам. Добраахвотна я не пісаў заяву. Потым у мяне праблемы са здароўем былі: было дрэнна, кружылася галава, была адбітая нага».
Напачатку жніўня з палітвязнем цалкам знікла сувязь — лістоў ад яго не было, спатканняў з ім не давалі, у самой калоніі сваякам нічога не казалі. У жніўні стала вядома, што яго бесперапынна ўтрымлівалі ў ШІЗА два месяцы запар, а потым змясцілі ў ПКТ, адкуль ён павінен быў выйсці тыдзень таму. Але ўжо месяц ад Яўгена зусім не прыходзяць лісты і сваякі не ведаюць, што з ім.
Апеляцыйную скаргу прафсаюзнай актывісткі Яніны Малаш разгледзяць 27 студзеня. У судзе Маскоўскага раёна Мінска 15 лістапада ёй прысудзілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) 1,5 года калоніі. Пад вартай палітзняволеная знаходзіцца ўжо дзевяць месяцаў. На волі Яніну чакае дачка.
У Мінгарсудзе 27 студзеня разгледзяць апеляцыйную скаргу палітзняволенай. Яна піша сваім сябрам аб тым, што ў яе пакуль усё нармальна: «Падтрымліваюць сябры, калегі, здараюцца прыемныя сюрпрызы ад незнаёмых мне людзей». Яніна жадае сябрам на волі «зберагчы ў сабе самае чыстае і светлае, захаваць моц сваёй душы і цэласнасць».
Палітвязень Віктар Акцістаў выйшаў на волю пасля 27 месяцаў у зняволенні. Суд Ленінскага раёна Мінска 30 снежня 2020 года асудзіў студэнта 4 курса Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці за гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу 10 жніўня (арт. 364 КК) да 2,5 гадоў калоніі. У той вечар студэнт хацеў адбіць ад затрымання незнаёмага хлопца каля сталічнай гасцініцы «Юбілейная» — у выніку гэтага ён нанёс супрацоўніку АМАПу некалькі ўдараў. Пры затрыманні быў моцна збіты, бацькі на працягу некалькіх дзён не маглі знайсці яго.
У межах крымінальнай справы палітвязень быў узяты пад варту 21 верасня 2020 года. Віктар адбываў тэрмін у магілёўскай папраўчай калоніі № 15, адкуль выйшаў на волю 31 снежня. За кратамі яго ўтрымлівалі 2 гады, 3 месяцы і 10 дзён.