Хронікі рэпрэсій. Былому палітвязню закідваюць абвінавачванне ў здрадзе дзяржаве

Штодня беларусы падвяргаюцца палітычнаму пераследу рэжымам Лукашэнкі. Распавядаем, што адбылося сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1.webp

Зорку «Што? Дзе? Калі?» Фёдара Шведава судзяць за «фінансаванне экстрэмізму»

af561b72_0faa_4a28_96b6_f121c8312740.jpg

Пра гэта стала вядома «Нашай Ніве». Фёдару Шведаву 48 гадоў. Ён быў зоркай беларускага «Што? Дзе? Калі?» яшчэ да таго, як патрапіў у тэлеверсію праграмы. Гуляе ён з 2006 года і ўдзельнічаў у амаль усіх рэспубліканскіх спаборніцтвах. А ў 2013-м, пасля ўдзелу ягонай каманды «Гасіла» ў «Брэйн-рынгу», іх запрасілі ў так званую «элітарку».

Каманда Фёдара адгуляла восем сезонаў, апошні — у маі 2020-га. У 2017-м Фёдар атрымаў Вялікую хрустальную саву як найлепшы гулец сезона.

Калі яго затрымалі — дакладна невядома, як і сутнасць абвінавачання. Вядома толькі, што ён ахвяраваў да траўня 2021 года. Суд над Шведавым пачнецца 15 красавіка ў Гродзенскім абласным судзе.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 28 чалавек — цяпер у ім 3960 прозвішчаў

5 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі пенсінерку з Мазыра Ірыну Сапрыгіну, прадпрымальніка з Круглага Аляксандра Калініна, асуджанага за відэа з ваеннай тэхнікай інжынера з Брэста Аляксандру Бойку. 

Беларуса, які адбывае тэрмін на «хіміі», арыштавалі на 15 сутак за падпіску на «Краіну для жыцця»

Паведамляецца, што мужчына адбывае свой тэрмін паводле ч.2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку).

Хрысціянскі прапаведнік і шматдзетны бацька Сяргей Мельянец не выйшаў на волю пасля арышту

Раней паведамлялася, што ён атрымаў 13 сутак арышту.

Як піша «Хрысціянская Візія», пасля іх сканчэння мужчыну не вызвалілі.

63-гадовую жыхарку Брэста будуць судзіць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Пра гэта паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

1bdc32b8_a8c4_4a75_a057_fbea9d3930f9.jpg

Паводле ведамства, у 2021 годзе беларуску асудзілі да 1,5 гадоў «хатняй хіміі» за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Пасля гэтага сілавікоў зацікавала «падазроная актыўнасць жанчыны ў ажыццяўленні грашовых пераводаў». Следчыя ўстанавілі, што яна ажыццявіла не менш за 125 пераводаў 114 беларусам на суму больш за 1,5 тысячы рублёў. Як піша СК, жанчына пераводзіла грошы выключна асобам, якія ўчынілі «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці».

Таксама следчыя ўстанавілі, што яна была ў закрытай суполцы ў Facebook, якая належыць «экстрэмісцкаму фармаванню». Верагодна, гаворка ідзе пра суполку «Письма Солидарности Беларусь 2020», якую ў снежні прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Жанчыне прад'яўлена абвінавачанне па ч.1 арт.361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гаворка ідзе пра палітзняволеную Наталлю Малец.

Сілавікі затрымалі былога палітвязня Паўла Чуркіна па падазрэнні ў супрацоўніцтве з Галоўным упраўленнем разведкі Міністэрства абароны Украіны

Падчас затрымання Чуркін на камеру гаворыць, што, маўляў, здымаў размяшчэнне «Іскандэраў», каб потым перадаць кадры УСУ. Такое заданне беларусу нібыта далі ў ГУР МА Украіны, піша «Медыязона».

ce86dc62_cd42_4b00_8b1b_960cf86f32a8.jpg

У якасці пацвярджэння, што Чуркін, маўляў, быў завербаваны спецслужбамі Украіны, аўтары сюжэту дэманструюць ролік, дзе мужчына на камеру чытае нешта падобнае на тэкст прысягі Украіне. Прапагандыстка сцвярджае, што цяпер Чуркіна падазраюць у здрадзе дзяржаве (артыкул 356 КК).

У 2021 годзе Паўлу прызначылі 1 год пазбаўлення волі за «абразу Лукашэнкі».

Крыніцы: Медыязона, Наша Ніва, Вясна, Хрысціянская візія