Хронікі рэпрэсій. У дзень нараджэння на 18 гадоў асудзілі былога супрацоўніка ГУБАЗіКа
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 15 чэрвеня.

У Мінскім
гарадскім судзе 6 чэрвеня пачалі судзіць пяцярых беларусаў — Ігара Цяпцеева,
Юрыя Несцярэнку, Віктара Грынько, Уладзіміра Савельева, Ігара Цікача. Іх
справу разглядае суддзя Вера Галаўкова.
Вядома, што па справе быў таксама затрыманы і Валерый Балабешка, але ў раскладзе суда яго няма, а сам ён не знаходзіцца пад вартай.
Паводле следства, мужчыны ў пачатку кастрычніка ў Мінску вывесілі сшытыя разам нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны на апоры лініі электраперадач. Цяпер у залежнасці ад ролі кожнага ім прад'явілі абвінавачанні па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса.
У Бабруйску пачалі судзіць палітвязняў Галіну
Смірнову і Андрэя Сініцу, а таксама Аляксандра Леоненку. Іх абвінавачваюць
паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у групавых
дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Справу разглядае суддзя
Вольга Серакова.
На першым пасяджэнні пракурор запрасіў для абвінавачаных наступныя тэрміны: Галіне і Аляксандру — па 2 гады «хатняй хіміі», а Андрэю — 3 гады зняволення. Прысуд бабруйчанам будзе агучаны ў панядзелак.

У Мінскім гарадскім судзе распачаўся суд над палітзняволеным
Андрэем Фаміным. Яго абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый), ч. 1 арт. 342 (удзел
у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне
экстрэмісцкага фармавання).
Пасля затрымання Андрэя паведамлялася, што ён нібыта быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі самвыду «Веснікі», якую праз паўтара месяца пасля затрымання мужчыны прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Таксама Андрэя абвінавачваюць ва ўдзеле ў Маршы 30 жніўня 2020 года. Справу разглядае суддзя Анжэла Касцюкевіч.
Паводле блізкіх, Андрэя збівалі — гэта заўважна і на «пакаяльным» відэа, якое апублікавалі на наступны дзень пасля затрымання праўладныя Telegram-каналы.
Сілавікі затрымалі мужчыну, які нібыта даслаў у ЧКБ інфармацыю пра сваю знаёмую вядучую з АНТ. Відэа з ім апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. У ім мужчына «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020-ым годзе, рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога», а таксама ў тым, што даслаў інфармацыю пра сваю знаёмую вядучую з АНТ у «Чорную кнігу Беларусі».

Зноў будуць судзіць грамадскую актывістку з Верхнядзвінска Валянціну Болбат. Суд адбудзецца 19 чэрвеня ў Полацку. Яе будзе судзіць суддзя Наваполацкага суда Зінаіда Балаболава, якая ўжо чатыры разы судзіла Валянціну, двойчы арыштоўвала на 10 сутак і давала вялікія штрафы па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Напрыканцы 2022 года жанчыну ўжо тройчы асудзілі паводле адміністрацыйных справаў. Яна таксама мусіць сплаціць 130 базавых велічыняў штрафу, а таксама грошы за ўтрыманне ў ЦІПе. Вядома, што жанчына спрабавала ўзяць крэдыт на гэта, але ёй адмовілі.
30 красавіка Валянціну зноў затрымалі, але пасля гэтага жанчыне стала дрэнна, таму яна на некаторы час трапіла ў бальніцу. Пазней ёй прызначылі 30 сутак арышту.

Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 12 чэрвеня. Як паведамляе ведамства, «удзельнікі ініцыятывы «SYMPA» распаўсюджваюць заведама ілжывыя звесткі аб праблемных аспектах у сістэме дзяржаўнага кіравання. Ініцыятыва рэалізуецца пры донарстве шведскага агенцтва па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «SIDA».
Як паведамляецца на сайце Sympa, місія праекта — прасоўванне рэформы сістэмы публічнага адміністравання ў Беларусі ў адпаведнасці з сучаснымі прынцыпамі і практыкамі. Праект аб'ядноўвае людзей, якія жадаюць палепшыць якасць кіравання ў нашай краіне і даследуюць гэтую праблематыку.
У дзень нараджэння былога падпалкоўніка ГУБАЗіКа Станіслава Лупаносава Вярхоўны суд апублікаваў «віншаванне» — 18 гадоў калоніі і 48 тысяч рублёў штрафа. Менавіта такое пакаранне прызначана былому сілавіку, які зараз працуе ў BYPOL і знаходзіцца за мяжой. Яго судзілі завочна па трох арктыкулах КК — 352, 356 і 424 — і прызналі вінаватым у несанкцыянаваным капіраванні інфармацыі, «здрадзе дзяржаве», выдачы дзяржаўных сакрэтаў і дзеяннях з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў, якія нанеслі «істотную шкоду дзяржаве».
15 чэрвеня Станіславу Лупаносаву споўнілася 40 гадоў.