Хронікі рэпрэсій. Мінінфармацыі абмежавала доступ да «Прэсболу» і закрыла «Народную волю»

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 16 чэрвеня.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg


Семінарыста і выкладчыка катэхізіса Уладзіслава Беладзеда паўторна арыштавалі на 15 сутак, піша «Хрысціянская візія». Учора ён павінен быў выйсці на волю пасля адміністрацыйнага арышту. Беладзеда затрымалі 31 траўня.

* * *

Міністэрства інфармацыі Беларусі прыняло рашэнне аб ануляванні пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі газеты «Народная воля» ў сувязі з тым, што выпуск друкаванага СМІ не ажыццяўляецца на працягу шасці месяцаў запар.

* * *

Па выніках маніторынгу на прадмет выканання нацыянальнага заканадаўства аб СМІ Міністэрства інфармацыі прыняло рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу pressball.by

Пасля сілавога задушэння пратэстаў 2020 года выданне свядома прыняло рашэнне, як выказаўся адзін з яго заснавальнікаў Юрый Арлоў, «затупіцца», дыстанцыяваўшыся ад грамадска-палітычнай тэматыкі і засяродзіўшыся на асвятленні ўласна спартыўных навін з нейтральнай пазіцыі. Што, як выглядае, у цяперашніх умовах усё адно не ратуе ад рэпрэсіўных захадаў з боку дзяржавы, для якой проста нейтральнасці і апалітычнасці ўжо недастаткова.

* * *

Мінскі гарадскі суд прысудзіў да 5,5 гадоў калоніі былую супрацоўніцу службы «Адно акно» Святлану Бычкоўскую. Яна нібыта злівала дадзеныя сілавікоў у ЧКБ і займалася «распальваннем варожасці», паведамляюць праваабаронцы.

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд вынеслі 25 траўня, вядома пра яго стала толькі цяпер.

* * *


* * *

Як паведамляюць праваабаронцы, Патрыцыю Свіціну будуць судзіць паводле крымінальнай справы. Дзяўчыну абвінавачваюць у публікацыі ў сацсетках «негатыўных паведамленняў» пра сілавікоў, пра вайну і нібыта ў «распальванні варожасці і нянавісці паміж славянскімі народамі».

Патрыцыю затрымалі ў траўні гэтага года. Цяпер яе перавялі ў Жодзіна, паводле папярэдняй інфармацыі, ёй інкрымінаваны артыкул 342 КК.

Свіціна ў свой час адмовілася ад стыпендыі Лукашэнкі.

* * *

У Магілёве 15 чэрвеня быў затрыманы бард Аляксандр Баль. Суд Гарадоцкага раёна пастанавіў арыштаваць музыку на 15 сутак паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Аляксандр Баль — бард з вялікай колькасцю прэмій, былы супрацоўнік магілёўскага драматычнага тэатра, з якога яго звольнілі пасля падзеяў 2020 года. У тым жа годзе пасля масавых рэпрэсій з боку сілавікоў музыка напісаў песню «На радзіме маёй бяда».

* * *

Жыхара Бабруйска, якога абвінавачваюць у фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці, пачнуць судзіць 29 чэрвеня. Суд над ім распачнецца ў судзе Заводскага раёна Мінска. Справу будзе разглядаць суддзя Дзмітрый Астапенка.

Дзмітрый Слук быў затрыманы 10 лютага ў Мінску прама на вуліцы. Пасля 10 сутак у ізалятары на Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА № 1. Яму выставілі абвінавачанне па ч. 1 арт. 290-1 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) за данаты арганізацыі, прызнанай у Беларусі «тэрарыстычнай». Мужчыну пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

* * *