У Лепельскім раёне затрымалі ўладальніка аграсядзібы «Поўсвіж» Васіля Шкіндэра

Сілавікі Лепельскага раёна затрымалі музыку, культурнага дзеяча і грамадскага актывіста Васіля Шкіндэра, уладальніка аграсядзібы «Поўсвіж», размешчанай у вёсцы Вялікі Поўсвіж недалёка ад райцэнтра, паведамляе «Віцебская вясна».

Фота sb.by

Фота sb.by

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Шкіндэра затрымалі яшчэ 13 чэрвеня, 14-га суддзя Лепельскага раённага суда Наталля Сушко арыштавала яго на 15 сутак. На якой падставе і паводле якога артыкула, невядома.

Раней у мужчыны праводзілі ператрус, але нічога забароненага не знайшлі.

Васіль Шкіндэр вядомы далёка за межамі свайго раёна як энтузіяст беларускай традыцыйнай культуры, збіральнік фальклору. У сваёй сядзібе ён стварыў музей гісторыі і сельскага побыту, праводзіць народныя абрады. Таксама Васіль вядомы сваёй ігрой на дудзе, якую сам узнавіў па адзіным на Лепельшчыне экзэмпляры гэтага інструмента, які захоўваецца ў краязнаўчым музеі.

У сваёй сядзібе Шкіндэр не толькі прымае гасцей, але і праводзіць культурныя мерапрыемствы — пленэры, майстар-класы рамеснікаў, выставы. Штогод ён праводзіў дазволены ўладамі фестываль «Жнівень», куды з'язджаліся мастакі, рамеснікі, музыкі.

У 2017 годзе аграсядзіба «Поўсвіж» стала лепшай на рэспубліканскім конкурсе ў намінацыі «Захавальнік традыцый». Пра Васіля Шкіндэра неаднаразова пісалі дзяржаўныя СМІ.

«Люстэрка» нагадвае, што на гэтым тыдні ў Пружанскім раёне затрымалі ўладальніцу аграсядзібы «Стулы» Ларысу Быцко, якая таксама займалася папулярызацыяй беларускай традыцыйнай культуры. Яе арыштавалі на 15 сутак. Падчас налёту сілавікоў на сядзібу былі затрыманыя і іншыя людзі.

Тым часам у іншым горадзе Віцебшчыны працягваюцца рэпрэсіі супраць педагогаў. З Полацкага дзяржуніверсітэта звольненыя не менш за сем супрацоўнікаў. Пра гэта паведамляе «Позірк».

Паводле інфармацыі крыніцы, рэктар ПДУ Юрый Раманоўскі падпісаў загады пра звальненне сакратара дэканата гісторыка-філалагічнага факультэта Кацярыны Шаўлюга, выкладчыка кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Анастасіі Мазго, старшага выкладчыка кафедры замежных моў Святланы Панімашчанка, сакратара кафедры фізічнага выхавання і спорту Таццяны Чаркасавай.

«Адразу за Чаркасавай заяву на звальненне падала спецыяліст па суправаджэнні навучальнага працэсу кафедры фізічнай культуры і спорту Святлана Ніколіна», — сцвярджае крыніца.

Раней паведамлялася, што звольненыя дацэнты Віктар Чараўко і Сяргей Глазырын. Яны абодва адбылі «суткі» за «распаўсюд экстрэмізму». Таксама звольнены дацэнт Юрый Кежа (праз данаты фондам).

Паводле слоў суразмоўцы, калі затрыманні і звальненні працягнуцца, «універсітэт можна будзе закрываць».