«Лекар сказаў, што такіх як я трэба скідаць з моста». Як пераследавалі бабруйчаніна з хваробай Паркінсона
39-гадовы Сяргей Бяляеў з Бабруйска мае хваробу Паркінсона. Таксама ў мужчыны ўсталяваны нейрастымулятар, ён мае другую групу інваліднасці. Аднак цягам 2021 года яго тройчы затрымлівалі на «суткі»: у агульнай колькасці ён правёў у ІЧУ больш за месяц. Пяць разоў яго кватэру абшуквалі. Пасля чарговага затрымання Сяргей з’ехаў у Латвію. Яго гісторыю распавядаюць праваабаронцы.
Сяргей скончыў БНТУ, працаваў на «Белшыне». У 2014
годзе яму далі трэцюю групу інваліднасці, яшчэ праз чатыры гады — усталявалі
нейрастымулятар. Таксама яму трэба прымаць лекі паводле адмысловага графіку.
Але праз хваробу ён мусіў звольніцца, новую працу так і не знайшоў.
Пачатак ціску
Першы раз мужчыну спрабавалі затрымаць, калі ён быў назіральнікам, але тады ён змог выслізнуць ад сілавікоў. Але ў хуткім часе затрыманне ўсё адно заспела яго: Сяргей знаходзіўся на зборы подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай, і сілавікам нібыта не спадабалася, што людзі марудна падпісваюцца.
— Я не чакаў, што мяне так затрымаюць, таму нават не браў з
сабой таблеткі, — кажа Сяргей. — Але яны спужаліся маёй хваробы і праз пару
гадзін адвезлі дадому.
У наступны раз па мужчыну прыйшлі 21 студзеня 2021 года:
паламалі дзверы і выключылі святло. Яго спачатку абвінавацілі ў знявагах
міліцыянтаў, а потым склалі пратакол, што ён нібыта знаходзіўся на фотаздымку
пікету, на якім пяць чалавек у масках сфатаграфаваліся са сцягам. Нават суддзя
заўважыла, што на здымку быў не ён — яго асудзілі да трох ужо адседжаных сутак:
паколькі яго затрымалі ў пятніцу ўвечары, то да суду ён тры дні правёў у ІЧУ.
— Там мне стала блага, і хуткая прыехала па першым жа маім
патрабаванні, — узгадвае Сяргей. — Тады ў мяне яшчэ была трэцяя група па
інваліднасці. Але прыехалі лекары і сказалі, што ў іх няма адпаведнай
кваліфікацыі лячыць мяне. Таму мяне прывезлі ў бальніцу, дзе кардыёлаг спытаў: «А чаму вы яго сюды прывезлі? Тут патрэбен нейрахірург». Потым ён таксама
сказаў, што такіх, як я, наогул трэба скідаць з моста. Маўляў, я як ягоны ўнук,
які нашкодзіў і спрабуе скінуць адказнасць. Я спытаў у яго: «А вы што, суд? Вашая
справа — лячыць людзей, а не рабіць такія высновы».
Тады яны не знайшлі нейрахірурга і пасадзілі Сяргея ў ІЧУ да
суда. Мужчына адзначае, што тады ўмовы яшчэ не былі такімі жорсткімі, і
выконваючы абавязкі начальніка РАУС нават спытаў, як здароўе Сяргея. А калі ён
паскардзіўся, што не даюць бялізну, яе хутка прынеслі.
20 сутак плюс 12 сутак
Напярэдадні 25 сакавіка Сяргея затрымалі зноў: ён ішоў па вуліцы адзін, але фармальнай прычынай стаў запланаваны непадалёк мітынг на Дня Волі. Яму прысудзілі 20 сутак. Гэтым разам мужчына заўважыў, наколькі пагоршыліся ўмовы ўтрымання зняволеных. Калі яны з іншымі «палітычнымі» спрабавалі паскардзіцца на святло, якое не выключаюць, і перадачы, якія не аддаюць, ім адказалі: «Ну вас жа не б’юць!». Тады пяцёра затрыманых на Дзень Волі абвесцілі галадоўку ў Бабруйскім ІЧУ.
— Аднойчы мне стала вельмі блага, — узгадвае Сяргей. — Яны
спужаліся, прынеслі таблетку і прымусілі запіць гарачым кісялём. Аднак больш я
не ўжываў ежы цягам шасці дзён.
Потым у Сяргея было яшчэ два вобшукі: летам і восенню — па
«справе Зельцара». Хаця мужчына не разумее, што там можна было шукаць, калі ўсё —
камп’ютар, тэлефон, флэшкі і нават патрэт Рамана Бандарэнкі — забралі яшчэ пры
першым вобшуку. Калі сілавікі ўварваліся ў кватэрў раніцай, Сяргей яшчэ дрэнна
хадзіў пасля аперацыі па замене нейрастымулятара.
— Але чальцы атраду АМАП у поўным абмундзіраванні з
аўтаматамі спрабавалі кінуць мяне на падлогу, рабілі ўдушаючыя прыёмы, —
распавядае мужчына. — Я адключыўся і прыйшоў у свядомасць ужо на канапе. Яны
ўбачылі шнар на сэрцы, павязку і адразу забегалі: «Мы ж не ведалі». Калі
адвезлі ў лякарню, сказалі доктару: «Гэта атрад АМАП перажэсціў». Там мне
сказалі, што ў мяне перадынфарктны стан, таму адвезлі дадому. Я не мог ачуняць
тры дні: балела галава, дзёргалася вока, я баяўся заснуць. Я ведаў, што яны не
прыйдуць ізноў, трывожнасць была неабгрунтаваная. Нават цяпер яна часам
з’яўляецца, але пап’еш гарбаты з рамонкаў — і можна заснуць.
Пяты за год вобшук у Сяргея ўчынілі ў лістападзе — па справе
аб абразе міліцянта Комара. На гэты раз мужчына ўсталяваў у пакоі відэакамеру,
бо хацеў засняць, калі яго зноў пачнуць збіваць. Пры вобшуку міліцыянты проста
пакруцілі камеру ў руках, не зразумелі, што гэта, і паставілі на месца. Толькі
супрацоўнік КДБ адключыў яе, але запіс паспеў сінхразавацца з «воблакам» і
захаваўся.
Яго адпусцілі да суда, але пасля суда мужчыну прызначылі 12
сутак. Усе тры разы яго пасяджэнні вяла суддзя Гормаш. Мужчына быў упэўнены,
што яму прызначаць штраф, таму зарадкі ў ягоным нейрастымулятары хапіла на
некалькі дзён: тады міліцыянты адвезлі яго дадому, каб ён забраў зарадку. На
пачатку адбыцця «сутак» у Сяргея паднялася тэмпература: у яго ўзялі мазок на ковід і змясцілі ў адзіночную камеру. Вынікі тэсту яму так і не паведамілі.
Пакуль ён сядзеў, яму перадавалі толькі тыя таблеткі, якія прыносіла маці, лісты
не аддавалі зусім.
— Калі я выйшаў адтуль, мяне сустрэў атрад АМАП, — узгадвае
Сяргей. — Яны хацелі, каб я падпісаў паперку, што больш не буду нікуды хадзіць,
але я адмовіўся. Мяне адпусцілі, але хутка зноў прыехалі на прафілактычную
гутарку і намякнулі, што трэба з’язджаць. Я зразумеў, што сапраўды настаў час.
У эміграцыі Сяргей спачатку жыў у Цэнтры для бежанцаў, а
калі атрымаў статус, то пачаў пацвярджаць групу па інваліднасці. Увесь працэс
заняў каля 7-8 месяцаў. Цяпер арэнду кватэры яму аплочвае дзяржава, таксама яму
прызначылі пенсію і далі бясплатны праязны на ўсе віды транспарту.
— Адзінае — спачатку было складана разабрацца ў
медычнай сістэме, але потым зразумеў, што ўсё нават прасцей, чым у нас, — кажа
Сяргей. — Але пачала пагаршацца кароткачасовая памяць, мне выпісалі адмысловыя
таблеткі. Нейрастымулятар зараз працуе на максімуме, таму хутка буду размаўляць
з лекарам пра аперацыю. Яна будзе платная, таму дакладна буду прасіць дапамогі,
каб яе адолець.