«Асцерагаемся самага крайняга зыходу». Бабруйчаніна з ужыўленым нейрастымулятарам арыштавалі на 10 сутак

У бабруйчаніна Сяргея Бяляева хвароба Паркінсона, мужчына жыве з ужыўленым нейрастымулятарам. Нягледзячы на цяжкую хваробу і інваліднасць, 10 лістапада ў мужчыны правялі ператрус, пры затрыманні збілі, а потым арыштавалі на 10 сутак. Цяпер Сяргей у ІЧУ, але зарадкі для нейрастымулятара засталося на некалькі дзён, і калі яго не падзарадзіць, гэта можа прывесці да самых цяжкіх наступстваў.

Сяргей Бяляеў падчас кароткага вызвалення да суда

Сяргей Бяляеў падчас кароткага вызвалення да суда

Сяргея Бяляева асудзілі за рэпост па арт. 19.11, частка 2 КаАП РБ. Цяпер ужо гэты артыкул амаль такі ж «народны», як год таму быў 23.34.
Раніцай 10 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі ў яго ў кватэры ператрус. Паводле блізкіх Сяргея, яны шукалі доказы, якія пацвярджаюць абразу супрацоўніка міліцыі Комара. Праўда, не зразумела, якія доказы маглі быць у шафе, у канапе і камодзе.
Аднак адміністрацыйны працэс супраць Сяргея вялі ўжо за рэпост у Ленінскім РАУС Бабруйска. Паводле блізкіх Сяргея Бяляева, там адзін з супрацоўнікаў без усялякай прычыны ўдарыў яго па галаве. А Сяргея не толькі біць нельга, яму любыя рэзкія рухі супрацьпаказаныя. У яго хвароба Паркінсона, мужчыну ўжыўлены нейрастымулятар. Мінулай зімой яго таксама забіралі з дому пасля ператрусу і абшуквалі ў міліцыі з ужываннем металашукальніка. Гэта прывяло да таго, што нейрастымулятар быў збіты з рытму. Гэтай восенню Сяргею зрабілі аперацыю ў Мінску і наладзілі стымулятар.
Аднак ужо раніцай наступнага дня па прыездзе дадому пасля лякарні да яго ўварваліся сілавікі, паклалі на падлогу, надзелі кайданкі. Праўда, тады Сяргея не затрымалі. А праз месяц, 10 лістапада, вырашылі, што ён ужо здаровы, і затрымалі пасля ператрусу.
У пятніцу 12 лістапада на судзе ў ІЧУ Сяргей Бяляеў падаў хадайніцтва на абарону, запатрабаваў адваката. І яго адпусцілі да панядзелка.Тады блізкія звярнулі ўвагу на тое, што ён вельмі дрэнна перасоўваецца, магчыма, нейрастымулятар ізноў збіты.
Агулам у мужчыны было тры паседжанні суда, апошняе ў аўторак, 16 лістапада. Сяргею прысудзілі 10 сутак арышту. Адпусціць яго павінны да абеду 26 лістапада.
Бабруйчанін быў упэўнены, што яму дадуць не суткі, а штраф, таму не быў гатовы да арышту. Зарадкі ў нейрастымулятары засталося на лічаныя дні, і калі яго не падзарадзіць, гэта можа выклікаць пагрозу здароўю і жыццю Сяргея.
«Я не магу сказаць з упэўненасцю, але мы асцерагаемся самага крайняга зыходу», — гавораць блізкія Сяргея.
Яго маці не ведае, як робіцца падзарадка, ён можа зрабіць гэта толькі дома.
10 лістапада ў Бабруйску, апроч Сяргея Бяляева, сілавікі затрымалі каля дзесяці чалавек. Паводле інфармацыі тэлеграм-каналаў, шасцярых мужчын асудзілі на 10 сутак арышту па арт. 19.11 КаАП РБ (Распаўсюджанне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць), дзвюм жанчынам далі штрафы.