57 сутак запар. Мінчука не выпускаюць з ЦІПа і арыштоўваюць у чацвёрты раз
Сёння прайшоў суд над 51-гадовым кіраўніком праектаў адной са сталічных фірм Віталём Умрэйкам. За кратамі ён знаходзіцца з 7 кастрычніка — яго перазатрымлівалі чатыры разы. Сёння яго справу разглядзела суддзя Ленінскага раёна Мінска Юлія Інчына, паведамляюць праваабаронцы.
![ЦІП на Акрэсціна. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева ЦІП на Акрэсціна. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева](/img/v1/images/img_2790_1_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
ЦІП на Акрэсціна. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
21 лістапада Віталя не вызвалілі з ЦІПа на Акрэсціна і зноў перазатрымалі. Згодна з пратаколам, мужчына «каля 19:40, знаходзячыся ў Ленінскім РУУСе паводзіў сябе агрэсіўна і задзірліва, нецэнзурна лаяўся, а на заўвагі не рэагаваў». Сваю віну Умрэйка на судзе прызнаў, але адмовіўся даваць паказанні.
Сведка-міліцыянт на судзе пацвердзіў, што асабіста бачыў, як Умрэйка хуліганіў.
Справу Віталя суддзя разгледзела за 14 хвілін. Інчына прызнала мужчыну вінаватым па арт. 19.1 КаАП і пакарала яго 13-сутачным арыштам.