Справу палітзняволенага расіяніна Ягора Дуднікава накіравалі ў суд
Справу 21-гадовага грамадзяніна Расіі Ягора Дуднікава накіравалі ў суд па ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці) і ч. 3 арт. 361 (заклікі на прычыненне шкоды Беларусі) Крымінальнага кодэкса (першапачаткова яго абвінавачвалі толькі па арт. 342 КК). Цяпер яму пагражае да 12 гадоў зняволення. Дата суда пакуль невядомая, пішуць праваабаронцы.

«Згодна з матэрыяламі справы "з 19 студзеня па 21 мая 2021 года з дапамогай кампутарнай тэхнікі ў адным з Telegram-чатаў з мэтай нагнятання напружанасці і канфліктнасці ў грамадстве і дзяржаве размясціў не менш 55 агучаных ім галасавых паведамленняў пабуджальнага характару. Сваімі паведамленнямі абвінавачаны распальваў сацыяльную варожасць і розніцу па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці. Фарміраваў адмоўны вобраз прадстаўнікоў улады і непрыязнасць да іх. Схіляў грамадзян да запланаваных проціпраўных дзеянняў. Ён жа ў Telegram-чаце заклікаў да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу, узнікнення масавых беспарадкаў з гвалтам да прадстаўнікоў улады, а таксама іншых дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы краіны"», — распавядае пра абставіны справы пракуратура.
Ягор Дуднікаў утрымліваецца пад вартай з 5 траўня. Крымінальную справу супраць яго распачалі праз тое, што ён агучваў відэаролікі і аўдыяпаведамленні ў тэлеграм-канале "ОГСБ". Ягор праз ліст з СІЗА распавёў пра катаванні і збіццё, якія ўжываліся да яго пасля затрымання.
Падтрымайце палітвязня лістамі, паштоўкамі, пасылкамі па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Ягор Аляксандравіч Дуднікаў