СК: У справе аб інцыдэнце на мяжы 132 пацярпелыя
Следчы камітэт Беларусі працягвае расследаваць «злачынства супраць бяспекі чалавецтва». Крымінальная справа была ўзбуджаная пасля інцыдэнту на пераходзе Брузгі-Кузніца, калі польскі бок адрэагаваў на разбурэнне мігрантамі памежных загародаў і закідванне польскіх сілавікоў камянямі.
«Цяпер ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам замежных спраў аналізуюцца парушаныя нормы міжнароднага права і прынятыя меры рэагавання ў сувязі з гэтым. Следствам запатрабаваны ўсе задакументаваныя факты прымянення гвалтоўных мер, звязаных з катаваннямі і актамі жорсткасці ў дачыненні да заведама безабаронных асоб, якія ёсць у Дзяржпагранкамітэта, МУС і Мінабароны», — гаворыцца ў паведамленні СК.
Паводле ведамства, агульная колькасць пацярпелых павялічылася да 132 чалавек, з якіх 23 — дзеці ва ўзросце ад аднаго да 14 гадоў. Большая частка пацярпелых — грамадзяне Ірака.
«Следствам устаноўлены факты прымянення пагрозлівых дэманстратыўных палётаў авіяцыйнай тэхнікі паблізу бежанцаў, якія размясціліся лагерам на тэрыторыі Беларусі і нейтральнай паласе», — дадаюць у СК.