Польшча запланавала першую дэпартацыю мігрантаў і іх пасобнікаў
На гэтым тыдні Польшча плануе дэпартаваць 10 мігрантаў і 10 арганізатараў нелегальнага перасячэння мяжы, піша Радыё Свабода.
Пра гэта ў панядзелак паведаміла прэс-сакратарка Памежнай варты Польшчы Ганна Міхальска.
Па словах Міхальскай, цяпер у спецыяльных цэнтрах для мігрантаў знаходзяцца 1240 грамадзян Іраку, 716 з якіх звярнуліся па міжнародную абарону.
«На гэтым тыдні мы плануем дэпартаваць каля 20 чалавек, у асноўным грамадзян Ірака і Ірана, у тым ліку 10 арганізатараў незаконнага перасячэння мяжы. Краіна прызначэння, вядома, Ірак», — цытуе словы Ганны Міхальскай польскае выданне Dziennik Gazeta prawna.
На пытанне, колькі будзе чартарных рэйсаў з замежнікамі і калі яны пачнуцца, яна адказала, што супрацоўнікі памежнай службы «хацелі б арганізаваць як мага больш такіх рэйсаў».
«Першы рэйс пакуль у планах, таму я не буду казаць дакладна, калі ён будзе, таму што тут гэта залежыць не толькі ад нас, але і ад Міністэрства замежных спраў, і ад ірацкага боку, які павінен пагадзіцца прыняць сваіх грамадзян», — адзначыла яна.
«Мы жадаем, каб у першым рэйсе было каля 80 чалавек. Чаму толькі 80? Памятайце, што гэтыя людзі не лётаюць у адзіночку. Яны лётаюць з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый, ёсць і ахова памежнікаў. Калі група складаецца ў асноўным з мужчын, наша ахова павінна быць большай. Калі гэта сем’і, мы можам дазволіць сабе меншую ахову. Звычайна лекары таксама лётаюць», — патлумачыла прэс-сакратарка памежнай службы Польшчы.