Палітзняволеная Анастасія Нікіціна адбыла пакаранне і выйшла на волю. Яе дэпартавалі ў Расію

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 40-гадовая Анастасія Нікіціна днямі была вызваленая з гомельскай жаночай калоніі №4 пасля адбыцця пакарання.

nikicina_1.jpg

У сакавіку ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска яе асудзілі да 13 месяцаў пазбаўлення волі па арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за раскіданыя каля пракуратуры Мінска самарэзы.
Па матэрыялах следства, яна і Святлана Лабунская, груба парушаючы грамадскі парадак, у складзе групы асоб раскідалі 13 снежня каля 45 металічных самарэзаў на тэрыторыі каля пракуратуры Мінска на вул. Якубоўскага, 20.
Аўтамабіль, за рулём якога быў пацярпелы Клінцэвіч, напароўся на гэтыя самарэзы, былі прабітыя два колы. Матэрыяльны ўрон склаў 36 рублёў 18 капеек.
27 снежня жанчыны ізноў намерваліся паўтарыць свае дзеянні, аднак былі затрыманыя.
На судзе Нікіціна заявіла, што яе пры затрыманні паклалі на зямлю, надзелі кайданкі, а потым у бусе збілі. Сказала, што ў яе было дрэннае самаадчуванне. Не кармілі доўга, а ў яе дыябет. Цукар ўпаў, а ёй адмаўляліся выклікаць хуткую.
Самарэзы раскідвалі, бо бачылі, што па нядзелях адтуль выязджалі бусы з людзьмі ў чорным, якія потым жорстка затрымлівалі людзей.
Жанчына да затрымання жыла ў Мінску і мае дваіх непаўналетніх дзяцей. Пасля вызвалення яе дэпартавалі ў Расійскую Федэрацыю. Верагодна, яна грамадзянка Расіі.