Прысуд па яшчэ адной «пратэснай» справе вынеслі ў Гомелі

Гомельскага актывіста Яўгена Маркаўца судзілі паводле двух крымінальных артыкулаў: «Публічная абраза прадстаўніка ўлады» і «Арганізацыя і падрыхтоўка групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Сёння ён звярнуўся да суду з апошнім словам, паведамляюць «Моцныя Навіны».

Яўген Маркавец

Яўген Маркавец


Падчас судовых спрэчак пракурор заявіў, што віна Яўгена Маркаўна цалкам даказаная, і запатрабаваў для яго пакаранне ў выглядзе двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя таго, бок абвінавачвання настойваў, каб Яўген Маркавец выплаціў пацярпеламу ад яго дзеянняў міліцыянту 2000 рублёў.
Сваю віну ў абразе міліцыянта Яўген прызнаў цалкам і прынёс прабачэнні пацярпеламу супрацоўніку гомельскага АМАПа.
Аднак з абвінавачаннем у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле» ў іх, Яўген не пагадзіўся.
— Ні адно з тых паведамленняў, якія я напісаў у тэлеграм-чаце, нельга расцаніць як рэкамендацыю або інструкцыю, — заявіў Яўген. — Таму вінаваціць мяне ў арганізацыі якіх бы там ні было дзеянняў нельга.
Яўген Маркавец адзначыў, што пракурор, характарызуючы яго каментары ў чаце, называў іх няйначай як заклікамі.
— Паміж паняццямі «арганізоўваць» і «заклікаць» — велізарная розніца. Але ў любым выпадку, на той момант, калі я быў удзельнікам тэлеграм-чата, заклікі да нейкіх дзеянняў не лічыліся крымінальна караемым злачынствам. Такое дапаўненне ў кодэксе з'явілася значна пазней, — кажа Яўген.
Суд Савецкага раёна Гомеля прысудзіў Яўгену Маркаўцу паўтара года калоніі агульнага рэжыму. Суму пазову, заяўленага пацярпелым міліцыянтам, суд зменшыў да 1000 рублёў.