Бабруйчаніну з хваробай Паркінсона дазволілі забраць зараднае да нейрастымулятара і вярнулі ў ізалятар

Асуджанага на «суткі» 38-гадовага бабруйчаніна Сяргея Бяляева, які мае хваробу Паркінсона і ўжыўлены нейрастымулятар, міліцыянты прывезлі дахаты, каб ён забраў зарадную прыладу, і зноў адвезлі ў ізалятар.

1df61490_ac60_40f5_8bdd_4c31a7147fe0_w1023_r1_s.jpg

Пра гэта «Свабодзе» расказала знаёмая Сяргея.

— Напярэдадні прайшла інфармацыя,што ў яго заканчваецца зарад нейрастымулятара. Хлопцы, якія сядзелі з ім, тэлефанавалі сваякам і знаёмым, прасілі перадаць, што ў яго заканчваецца зарадка і што яго не адпускаюць з ІЧУ, — кажа жанчына. — Магчыма, паўплывала інфармацыя ў СМІ альбо ён сам неяк заяўляў, але ўчора яго прывезлі дадому, каб узяць неабходную прыладу. Якраз у гэты час дома была маці. Пагутарыць яму з маці не далі, але зарадку ён гэтую забраў. Таму сёння, як мы думаем, ён ужо па-за зонай рызыкі.

Сяргея Бяляева асудзілі за рэпост з экстрэмісцкага сайта паводле арт. 19.11, частка 2 КаАП («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць»). Паводле знаёмай, Сяргею агулам далі 12 сутак, ён выйдзе на волю 26 лістапада. Разам з адвакатам Бяляеў падаў апеляцыю на прысуд.

Паводле знаёмай, у Сяргея парушана гаворка, ён дрэнна рухаецца, у яго трасецца рука. Яму рабілі аперацыю і ўжывілі нейрастымулятар, які перыядычна трэба падзараджаць.

«Калі яго забіралі, ён не думаў, што яго пасадзяць на "суткі". Яго не першы раз затрымлівалі, у яго цягам гэтага года было каля пяці вобшукаў. Аднойчы, калі яго абшуквалі металашукальнікам, нейрастымулятар збіўся з рытму. У верасні ў яго была аперацыя. І як толькі ён выйшаў з лякарні, у яго доме назаўтра ўжо быў ператрус. Яго павалілі на падлогу і хацелі надзець кайданкі. Але яму неяк удалося патлумачыць, што ён нікуды не можа ісці, ён пасля лякарні са свежай ранай. Яго пакінулі ў спакоі, але праз месяц да яго зноў раніцай уварваліся. Ён паставіў на такі выпадак у сябе відэаназіранне, яны гэта заўважылі і ўжо паводзілі сябе культурна», — кажа знаёмая Сяргея Бяляева.

Паводле жанчыны, са слоў Сяргея ёй вядома, што падчас складання пратаколу яго ўдарылі па галаве. Ён папярэдзіў, што зараз будзе труп, і паказаў шрам.

«У пятніцу ў яго мусіў быць суд у ІЧУ, але ён падаў хадайніцтва на прысутнасць абароны. Яму далі магчымасць заключыць дамову з адвакатам і адпусцілі. Суд працягнуўся ў панядзелак і потым у аўторак. У аўторак 16 лістапада яго адправілі на "суткі"», — кажа жанчына.

Падчас выбараў Сяргей Бяляеў быў у ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай, ён сябра АГП.