Сумная гадавіна: Аляксандр Фядута адбыў 3 гады за кратамі з прызначаных 10

Як здароўе палітвязня Аляксандра Фядуты, якога асудзілі за змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады, высвятляла "Народная Воля".

Аляксандр Фядута

Аляксандр Фядута

Сёння,16 чэрвеня – тры гады, як знаходзіцца за кратамі вядомы журналіст і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, падлічылі сябры. Аднак гэта няпростая арыфметыка — тры гады з улікам часу, праведзенага ў СІЗА.

Нагадаем: у Мінскім абласным судзе быў вынесены прысуд па так званай справе «Аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

На лаве падсудных знаходзіліся палітолаг, журналіст і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, юрыст з беларускім і амерыканскім грамадзянствам Юрась Зянковіч, супрацоўніца яго мінскага офіса Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук.

У выніку Юрась Зянковіч атрымаў 11 гадоў зняволення. Аляксандра Фядуту і Рыгора Кастусёва абвінавацілі паводле ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) і прысудзілі па 10 гадоў. Дзяніса Краўчука і Вольгу Галубовіч асудзілі да 2,5 гады пазбаўлення волі — яны ўжо адбылі свае тэрміны.

Знаёмыя Аляксандра Фядуты падлічылі, што сёння, 16 чэрвеня, — тры гады, як журналіст за кратамі.


“Дакладней, затрымалі Фядуту 11 красавіка 2021 года, але дзень знаходжання ў СІЗА лічыцца за паўтара дня ў калоніі, — распавялі суразмоўцы «Народнай Волі». — Такім чынам, Аляксандр Іосіфавіч ужо адсядзеў тры гады ад свайго дзесяцігадовага тэрміна”.

Вядома, што ў Аляксандра Фядуты ёсць праблемы са здароўем, і ў гэтым годзе ён трапляў у турэмную бальніцу. Абвастрыліся праблемы з сэрцам, з’явіліся ацёкі.

Таксама ў літаратуразнаўца і пісьменніка маюцца і праблемы з нагамі: яшчэ ў СІЗА Фядуту перадалі кіёк, з якім ён ходзіць і ў магілёўскай калоніі. Хаця, паводле некаторай інфармацыі, цяпер ён адчувае сябе крыху лепш, чым на пачатку года.

Блізкія Аляксандра Фядуты не даюць ніякай інфармацыі ў СМІ, “каб не нашкодзіць”. Але ад былых калег Фядуты па зняволенні стала вядома, што журналіст пазбаўлены перадач да кастрычніка. Яму перадаюць толькі лекі.