Сяргей Навумчык: Ці дапамог Васкрасенскі Фядуту?
У расповедах тых, хто прайшоў праз лукашэнкаўскія турмы, уражвае, наколькі становішча чалавека можа залежаць ад дробнай дэталі — напрыклад, заўважанага турэмшчыкам незашпіленага гузіка. Што ўжо казаць пра тэлефонны званок начальству турмы ад асобы, якая асацыюецца з уладай і зьяўляецца яе рупарам, піша Сяргей Навумчык у сваім блогу на «Св*бодзе».
Днямі прачытаў кнігу, якая, перакананы, зойме
прыкметнае месца ў беларускай турэмнай літаратуры. Вы можаце самі ў гэтым
упэўніцца — неўзабаве фрагмэнты кнігі журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча
«Мае турэмныя муры», якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI
стагодзьдзе», будуць зьмешчаныя на сайце і зьявяцца цалкам у электроннай
вэрсіі.
Сярод шмат якіх палітвязьняў, што фігуруюць у кнізе Грузьдзіловіча, ёсьць і асобы, з пазыцыяй якіх, мяркую, аўтар мог бы паспрачацца. Алег — адзін з пачынальнікаў беларускай незалежнай журналістыкі, у свой час — удзельнік устаноўчага зьезду БНФ, аглядальнік «Народнай газеты», які сышоў з выданьня вясной 1996-га на знак пратэсту супраць зьбіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ. Пішучы пра гэтых людзей, ён ня тое што нідзе не выказвае асабістай антыпатыі, але, адчуваецца, спачувае ім.
Права на спагаду
У СССР сярод дысыдэнтаў існавала правіла: пакуль дысыдэнт пад судом ці ў турме, ягоныя ўчынкі, як і пазыцыя, не падлягаюць ацэнцы. Праўда, як лёгка можна даведацца з гісторыі нонканфармісцкага руху, правіла гэтае вельмі часта парушалася, таму было хутчэй ідэалам, чым нормай.
Дысыдэнт адказваў толькі за сябе, у лепшым выпадку — за сяброў, за даволі вузкае кола. Максымум, каго мог «падставіць» — некалькі дзясяткаў чалавек. Дзеяньні ж палітыка могуць закранаць лёсы тысяч, а часам і мільёнаў людзей — і таму зьняволеньне наўрад ці можа быць прычынай адмовы ад крытычнага аналізу.
Але што, на мой погляд, бясспрэчна: незалежна ад таго, ухваляюцца дзеяньні палітыка ці не, ён мае права на спагаду. Па-першае, таму, што за краты чалавека паслаў суд, які толькі завецца судом, а насамрэч ёсьць часткай рэпрэсіўнай машыны, якая дзейнічае ў інтарэсах выключна захаваньня ўзурпаванай улады.
Ну, а па-другое, з чыста чалавечых, гуманных меркаваньняў.
З тых самых меркаваньняў, зь якіх кожны (і ня толькі палітычны) зьняволены мае гарантаванае міжнароднымі нормамі права на чалавечае абыходжаньне.
ШЫЗА за незашпілены гузік
У кнізе Алега Грузьдзіловіча — дзясяткі прыкладаў, калі такое права ў дачыненьні да вязьняў беларускіх турмаў парушаецца. Адмыслова гучна ўключанае радыё, адмова праветрыць памяшканьне, холад у ШЫЗА, які можа назаўсёды сапсаваць здароўе, сьвядомае абмежаваньне ў неабходных леках, нарэшце, зьбіцьцё вязьняў супрацоўнікамі турмаў і калёніяў — далёка ня поўны пералік таго, што лічыцца «нармальным» і што ў большасьці выпадкаў падпадае пад катэгорыю катаваньняў. Якія, як вядома, у міжнароднай прававой клясыфікацыі лічацца злачынствам супраць чалавечнасьці і таму ня маюць тэрміну даўнасьці.
І вось што прыкметна: з расповеду Алега Грузьдзіловіча вынікае, што ва ўмовах беларускай турмы лёс вязьня залежыць ад стаўленьня да яго нават самага нізкага па службовай лесьвіцы супрацоўніка калёніі. Канечне, выснова ня новая, яна зафіксаваная яшчэ ў Салжаніцына. Але Грузьдзіловіч пацьвярджае, што нічога за амаль стагодзьдзе не зьмянілася. Іншымі сталі хіба прыкметы часу, а традыцыі — засталіся ранейшымі. За незашпілены гузік цябе могуць адправіць на два тыдні ў ШЫЗА (рэальна — месца катаваньня), пасьля якога ты атрымаеш хранічную хваробу — а могуць той гузік і не заўважыць ці дараваць.
Як выглядае, у дачыненьні да палітычных тут мала што залежыць ад асабістых сымпатый ці антыпатый афіцэра, а ў значнай ступені — ад таго, якая каманда дадзена начальнікам турмы ці калёніі. Ён жа, у сваю чаргу, выканае тое, што яму загадаюць зьверху.
Чалавек з патэнцыялам
І цяпер хачу расказаць адну гісторыю, якая здарылася ў жніўні 2020 году.
Пасьля выпадкаў блякаваньня інтэрнэту на беларускай службе Радыё «Св*бода» быў адноўлены радыёэтэр — нам часова перадалі хвалі, якімі карысталася расійская служба. Тыя нашыя перадачы ў Беларусі слухалі — тыя, хто меў прымачы (іх, як выявілася, зарана было сьпісваць як архаіку).
Адным з мадэратараў (вядоўцаў) праграмы даручана было быць і мне. Сярод абавязкаў мадэратара — ня толькі вядзеньне этэру (яно якраз займае параўнальна няшмат часу), але і падрыхтоўка праграмы, выбар тэмаў, сюжэтаў і суразмоўцаў.
13 жніўня 2020 году мне напісаў Аляксандар Фядута і папрасіў зьвярнуць увагу на лёс ягонага сябра, Юрыя Васкрасенскага, які быў затрыманы і, па неправераных зьвестках, знаходзіўся ў «амэрыканцы» (сьледчым ізалятары КДБ). Фядута напісаў, што сябра ўдзельнічаў у працы штабу Бабарыкі, але ў заяве штабу ў пераліку прозьвішчаў затрыманых яго няма. Затрыманы, па словах Фядуты, быў і 20-гадовы сын.
Як выглядала, сям’я баялася, каб Васкрасенскі ня зьнік зусім. Ясна, што агалошваньне факту затрыманьня падвышала імавернасьць, што гэтага не адбудзецца. Ва ўсялякім разе, у Фядуты і ў блізкіх Васкрасенскага былі такія спадзяваньні.
Прозьвішча Васкрасенскага мне не казала нічога. Мушу прызнацца, знойдзеныя ў сеціве зьвесткі ніякіх сымпатый да Васкрасенскага ў мяне ня выклікалі — быў дэпутатам Менскага гарсавету ўжо тады, калі ніякіх выбараў не было (значыць, фактычна быў прызначаны), узначальваў так званы камсамол пры пралукашэнкаўскай камуністычнай партыі і нават уваходзіў у ЦК гэтай партыі. Але журналіст мусіць свае сымпатыі ці антыпатыі пакінуць пры сабе, а па-другое — гл. вышэй наконт гуманітарных меркаваньняў.
Я патэлефанаваў жонцы Васкрасенскага, сказаў, што яе нумар мне даў Фядута, і запісаў зь ёю гутарку. У той жа дзень даў фрагмэнт у этэр (усё даваць не выпадала, бо гаварыла яна блытана, адчувалася, што яна ў цяжкім псыхалягічным стане, што ня дзіўна — забралі адначасна сына і мужа).
Празь дзень ці два Васкрасенскі знайшоўся (ён сапраўды быў у «амэрыканцы»). Потым па БТ пачалі круціць ягоныя інтэрвію з крытыкай масавых пратэстаў; у кастрычніку ён сядзеў поруч з Лукашэнкам падчас наведваньня апошнім КДБ; і неўзабаве выйшаў на волю, заявіўшы, што Лукашэнка даручыў яму пісаць Канстытуцыю, а КДБ бачыць у ім, Васкрасенскім, вялікі патэнцыял.
Што можа адзін тэлефонны званок
Прыгадаў я просьбу Аляксандра Фядуты зусім нядаўна, калі даведаўся, што стан ягонага здароўя ў калёніі пагоршыўся нагэтулькі, што ходзіць ён з кіёчкам.
І падумалася: а ці паклапаціўся Васкрасенскі пра Фядуту, які ў жніўні 2020-га выказаў клопат пра яго?
Канечне, можна сказаць, што Васкрасенскі не адыгрывае ніякай самастойнай ролі і артыкулюе загаданае ўстановай, якая ў свой час убачыла ў ім патэнцыял.
З другога боку, а хто ва ўладнай сыстэме лукашэнкаўскай Беларусі вольны ў сваіх дзеяньнях ці ў выказваньнях? Васкрасенскі займае пэўную, і не малую, пазыцыю ў гэтай сыстэме. Так, яго могуць у любы момант ізноў пасадзіць у СІЗА КДБ (крымінальная справа па ім, здаецца, ня спыненая) — але хто з чыноўнікаў ці прапагандыстаў застрахаваны ад такога?
Думаю, што, застаючыся сам-насам са сваімі думкамі, чалавек № 2 паводле цяперашняй Канстытуцыі спадарыня Качанава альбо старшыня КДБ генэрал Тэртэль прызнаюцца сабе, што і яны ад такога не застрахаваныя. А калі не прызнаюцца — дарэмна: хай пачытаюць гісторыю сталінскага тэрору, якую капіюе менскі рэжым. Сталін расстраляў Рыкава — старшыню Саўнаркаму, які займаў гэтую пасаду пасьля Леніна. Альбо прыклад Вазьнясенскага, ужо пасьля вайны: у вузкім коле Сталін называў яго сваім пераемнікам, а потым таксама расстраляў. Яно ў дыктатурах так і бывае: чым бліжэй — тым больш небясьпечна.
Вяртаючыся да Васкрасенскага, абсалютна пэўны, што адзін ягоны званок начальніку дэпартамэнту выкананьня пакараньняў альбо непасрэдна начальніку калёніі, у якой адбывае пакараньне Аляксандар Фядута, з просьбай зрабіць хоць у нечым умовы ягонага ўтрыманьня мякчэйшымі з улікам кепскага здароўя — істотна паўплывалі б на становішча палітвязьня ў лепшы бок.
Бо для таго ж начальніка калёніі Васкрасенскі — гэта, як-ніяк, чалавек, набліжаны да «самога», ва ўсякім разе — той, які можа мець да яго доступ. Такія асобы адной нэгатыўнай фразай, сказанай у патрэбнай сытуацыі і ў патрэбны момант, могуць сапсаваць кар’еру звычайнага чыноўніка ці сілавіка. Хай і сказанай не самому Лукашэнку, а каму-небудзь зь ягоных памочнікаў ці міністраў. Такое дапушчэньне ў пэўным канкрэтным выпадку можа і не адпавядаць сапраўднасьці, але ў сьветаўспрыманьні чыноўніка невялікага рангу сытуацыя паўстае менавіта гэтак.
І такую просьбу сваім куратарам спадар Васкрасенскі мог бы патлумачыць звычайнай міласэрнасьцю.
Хаця — пра што гэта я? Хіба ўстанова, якая ўбачыла ў ім патэнцыял і дапамагае яго рэалізоўваць, ведае такое слова — міласэрнасьць?