«Замахі» — гэта фантазіі дыктатараў. Ці пераплюнуць у Мінску рэкорды Кубы?

Дыктатару глядзець у будучыню цяжка: ён разумее, што час ва ўладзе набліжаецца да заканчэння, а што далей?

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo__1__logo.jpg

Візітоўкай палітыкі беларускага кіраўніка стала выяўленне спроб знішчыць яго фізічна: менавіта са «стрэлу пад Лёзна» стартавала прэзідэнцкая кар’ера ў 1994 годзе, і тое даўняе праз гады працягваецца дасюль, піша «СНплюс».

Днямі беларускі кіраўнік канстатаваў, што рыхтуецца чарговы замах на яго:

«Я назіраў за СМІ апошні тыдзень: там шум падняўся. Асабліва ў штабах, ціхушкі-латушкі гэтыя ў Літве, Польшчы ашалелі. Я хачу вам яшчэ раз сказаць, і людзі каб разумелі: зараз яны на безграшоўі сядзяць, Захад будзе фінансаваць толькі канкрэтныя мерапрыемствы. Пажадана радыкальнага плана і нават ужо не ўзроўню 2020 года. Звяржэнне, забойствы прэзідэнта, службовых асоб… Гэта значыць усіх, хто папярок горла ўстаў — усіх прыбраць. Гэта будзе фінансаваць Захад», — прагучала на сустрэчы з генпракурорам.

Трохі раней, вясной 2021 года, была раскрыта чарговая чорная задума Захаду:

«У планах — захоп дзіцяці, аднаго, другога, як атрымаецца. «Пасадзім у склеп»… Дарэчы, у Гомельскай вобласці і склеп падрыхтавалі. Мы затрымалі групу. Яны нас прывялі, паказалі, як яны гэта ўсё планавалі. Я маўчаў. Затым мы ўбачылі працу відавочна замежных спецслужбаў — хутчэй за ўсё, ЦРУ, ФБР, не ведаю, хто там з амерыканцаў працаваў. Мы выявілі іх жаданне з’явіцца ў Мінск і заняцца арганізацыяй замаху на прэзідэнта і дзяцей».

Рэкорд Фідэля Кастра Лукашэнка наўрад ці пераплюне, але «замахі» на ягоную персону з’яўляліся ці не кожную прэзідэнцкую кампанію. Што стаіць за гэтымі «замахамі»? Ці ёсць у іх нешта агульнае, напрыклад, з тым, як Пётр І выкрыў змоўшчыкаў супраць сябе і сваіх рэформаў — менавіта пра тое карціна А. Шарлеманя?

zagovoruikov_nakryli__1_.jpeg

«СНплюс» пагутарыла пра гэта з гісторыкам і палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Канспіралагічныя тэорыі з замахамі — тыповы феномен еўрапейскіх дыктатараў ХХ — ХХІ стагоддзяў.

Гісторыя паказавае, што замахі на грамадскіх і палітычных дзеячаў былі і зусім апошнім часам, але гэта рэдкасць. Дзяржаўныя дзеячы, асабліва кіраўнікі дзяржаў, ахоўваюцца на такім узроўні, што падобная паспяховая акцыя — справа амаль немагчымая.

Давайце глянем на Афрыку апошніх дзесяцігоддзяў. Нават паляванні на дзяржаўных дзеячаў адзінкавыя, а паспяховых яшчэ менш.

Гісторыя пра тое, што Захад знішчае дзяржаўных лідараў, таксама не новая, гэта вядомы лукашэнкаўскі наратыў: ён ставіць сябе ў адзін шэраг з тымі дыктатарамі, якіх нібыта Захад знішчыў. Ён мае на ўвазе Мілошавіча, мае на ўвазе Хусейна, мае на ўвазе Кадафі. Але ж Кадафі забіты паўстанцамі, а не Захадам; можна, канешне, сказаць, што Захад іх падтрымліваў…

Хусейн паўстаў перад судом. Так, калі б амерыканцы не ўвайшлі ў Ірак, то хутчэй за ўсё справа да суда не дайшла б.

А Мілошавіча выдалі югаслаўскія ўлады, і ён скончыў самагубствам.

З пункту гледжання Лукашэнкі, напэўна, усе гэтыя выпадкі — забойствы. Тое, што ён ставіць сябе ў адзін рад з названымі дзеячамі, відавочна. Яшчэ і для таго, каб паказаць сваю вагу. Захад нібыта раздражняе сам факт, што ён існуе і нібыта вядзе Беларусь незалежным курсам.

Усе гэтыя гісторыі для мяне смешныя (кшталту Лёзна), а апошняя — пра «тэрарыстаў» Фядуту і кампанію — выглядае бурбалкай. Так, у гэтых людзей былі такія фантазіі, але ў іх рэалізацыі яны не прасунуліся.

«Замахі» — гэта фантазіі. Яны патрэбныя, каб паказаць электарату: правіцель — настолькі важная персона сусветнага маштабу, што на яго ідзе няспыннае паляванне. А значыць, гэтага чалавека трэба падтрымліваць.

Акрамя таго, з дапамогай такіх гісторый можна адцягваць увагу. І трэба сказаць, што ў прапаганды гэта атрымліваецца апошнім часам. Давайце паглядзім тэмы, якія абмяркоўваюцца ў беларускім кантэксце. Напрыклад, візіт у Зімбабвэ падаецца як гістарычны; размовы пра камісію па вяртанні беларусаў, хаця відавочна, што гэтая камісія — пустышка, здзек, у ёй такія людзі, як Азаронак, Маркаў, Баскаў, якія нібыта будуць вырашаць лёс іншых людзей… І тэма гэтая абмяркоўваецца ўжо на працягу тыдня.

І вось зараз закідваецца пра чарговае забойства… Праз які час могуць аб’явіць, што на Лукашэнку рыхтавалася сто, а то і больш замахаў. Як на Фідэля Кастра, на якога за 40 гадоў праўлення, як сцвярджаюць, здзейснена ад 100 да 200 замахаў. Усё спрабавалі-спрабавалі забіць, але так і не здолелі.


Ва ўсіх гэтых гісторыях бракуе адказу на адзінае пытанне: навошта? У прапагандыстаў ёсць адказ: яго хочуць знішчыць, бо ён незалежны лідар і не падпарадкоўваецца Захаду, яго «нельга нахіліць».

А калі мы паглядзім на гісторыю з пункту гледжання Захаду, калі ўявіць сабе, што Захад сапраўды гатовы выкарыстаць такія метады. Але: навошта? Хіба ў сённяшняй сітуацыі ў Захаду не хапае іншых спраў, акрамя разборак з Лукашэнкам? Што ён такое зрабіў, каб прымусіць Захад кінуць усе справы і заняцца ягонай персонай?

Ад сябе выкажу яшчэ адну версію.. Нягледзячы на рэзалюцыі Еўрапарламента і ПАСЭ пра тое, што Лукашэнка павінен паўстаць перад судом, сам ён не выказаўся на гэтую тэму, ён яе праігнараваў. Раней, у 2021 годзе, калі нямецкія адвакаты падалі заяву ў федэральную пракуратуру Германіі (з гэтай справы відавочна пакуль нічога не выйшла, і, хутчэй за ўсё, не выйдзе — яна заглохла), тады Лукашэнка ўзбудзіўся і дазволіў сабе антынямецкія тырады: як немцы дазваляюць сабе такое — яго судзіць! А зараз гаворка яшчэ больш жорсткая, яму наагул пагражаюць трыбуналам, а ён — маўчок. І прапаганда пра гэта паведамляе, але расказвае сваю «праўду»: у афіцыйных паведамленнях вы нічога канкрэтнага не знойдзеце, складваецца ўражанне, што толькі Пуціну пагражаюць трыбуналам (беларускі бок асуджае гэта), а Лукашэнку не. Можа, ён лічыць, што падрыхтоўка трыбунала і ёсць спроба замаху? Калі з пункту гледжання Лукашэнкі Мілошавіча вывезлі ў Гаагу, а там забілі,.. магчыма, і трыбунал ён разглядае як расправу з ім.

У 2022 годзе ён стаў больш спакойным на гэты конт, а вось 20-21-ы гады то з аўтаматам бегаў па Мінску, то пастаянна згадваў і Мілошавіча, і Кадафі, і Хусейна, і Асада. Ён меркаваў, што з ім, як з Мілошавічам або Хусейнам, не атрымаецца: Хусейна злавілі, перад судом паставілі, Мілошавіча выдалі. Сцэнарый выдачы Мілошавіча югаслаўскімі ўладамі — жахлівы сцэнарый, бо іх паставілі перад выбарам: калі жадаеце мець еўрапейскую перспектыву, трэба выдаць. Яго і выдалі, яшчэ і з тых меркаванняў, што не хацелі мець дадатковага палітычнага канкурэнта.

Лукашэнка пра гэта думае, ведае, што тэарэтычна такое магчыма. Гэтыя пагрозы пакуль менавіта тэарэтычныя, але ўжо робяцца і практычныя крокі. Такія выпадкі ўжо былі. А ў чым тут прынцыповае адрозненне ад сербскай гісторыі? Калі адбудуцца карэнныя змены і амерыканцы з еўрапейцамі для сябе вырашаць, што пэўныя персоны павінны апынуцца на лаве падсудных, іх прывязуць. І жывіце з гэтым.

Як мне падаецца, Лукашэнка думае пра мінулае з гонарам: выбудаваў сістэму і колькі ўжо гадоў знаходзіцца ва ўладзе. Сёння ён ганарыцца, што выплыў са складанай сітуацыі і пакуль яшчэ не ў багне, пакуль мае нейкую прастору для манеўру.

А вось з будучыняй праблема, бо глядзець у будучыню цяжка. Разумее, што час ва ўладзе набліжаецца да заканчэння, а што далей? Калі і задумваецца пра тое, то наўрад ці думкі аптымістычныя.

Але гэта тыпова для дыктатараў: сёння ты пры ўладзе, камандуеш усёй краінай, а што заўтра?