Хронікі рэпрэсій. Педагога Яўгена Лівянта судзяць разам з усёй сям’ёй

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 19 траўня.

_kaljuczka___drot___njavolja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2.jpg


Сілавікі затрымалі айцішніка, які вярнуўся з Польшчы ў Беларусь. Відэа з мужчынам апублікаваў 19 траўня набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.

Вядома, што мужчыну схапілі адразу пасля выезду з памежнага перахода. Мяркуючы па відэа, яго выцягнулі з аўтамабіля таксі. Мужчына ў роліку дадае, што быў затрыманы за каментары ў адрас сілавікоў.

* * *

У бальніцы Наваполацка, куды прывозілі Бабарыку, — масавыя арышты медыкаў, паведамілі праваабаронцы і профільны медыцынскі тэлеграм-канал. Паводле іх звестак, у наваполацкай ЦДБ затрыманы і пасля асуджаны:

хірург Міхаіл Пачкоўскі — 15 сутак;

уролаг Павел Стальмакоў — 15 сутак;

фельчар хуткай дапамогі Наталля Першанёнак —10 сутак;

урач УГД Ала Стальмакова — 100 базавых;

загадчыца аддзялення гінекалогіі Ірына Васільева — 10 сутак.

Справы разглядала суддзя Зінаіда Балаболава. Міхаіла, Паўла і Ірыну абвінавацілі ў распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў, Наталлю і Алу — у несанкцыянаваным пікеце.

* * *

У Мінску за пратэсты будуць судзіць 20-гадовую кандыдатку ў майстры спорту па біятлоне і веласпорце Злату Філіпенка. Яна абвінавачана па «народным» артыкуле за «ўдзел у масавых беспарадках». Працэс пачнецца 30 траўня ў судзе Савецкага раёна Мінска. Суддзя — Вольга Емяльянчанка.

Спартсменку затрымалі 24 сакавіка. Як піша dissidents.by, на месцы пратэснай акцыі дзяўчына апынулася выпадкова, калі вярталася з трэніроўкі. Ёй на той момант было 17 гадоў. Дзяўчына вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі на факультэце грамадзянскай авіяцыі.

* * *

Брэсцкі абласны суд прысудзіў мінскага блогера і агента па нерухомасці Аляксандра Гурніка да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд пачаўся 16 лютага, яго вёў суддзя Дзмітрый Куроўскі.

42-гадовы Аляксандр Гурнік — аўтар блога ў TikTok, дзе ён каментаваў навіны ў гумарыстычным ключы, у яго было больш за 400 падпісчыкаў. Першы раз мінчука затрымлівалі яшчэ 12 жніўня 2020 года на выхадзе з дома падчас пратэстаў, ён прайшоў праз жорсткае збіццё на Акрэсціна. Пасля вызвалення мужчына зняў пабоі і апублікаваў на сваёй старонцы заключэнне медыкаў: у яго на целе было 147 гематом.

Па крымінальнай справе Аляксандра затрымалі амаль год таму, у канцы чэрвеня 2022-га. Сілавікі ўварваліся ў яго мінскую кватэру: спачатку білі па дзвярах кувалдай, а затым забраліся ўнутр, разбіўшы акно. На відэа, знятага сілавікамі, мужчына быў з забінтаванай галавой. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Паводле матэрыялаў справы, Гурнік у жніўні-лістападзе 2020 года «неаднаразова ўдзельнічаў у блакіраванні руху транспартных сродкаў у Мінску» (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Акрамя таго, яго абвінавацілі ў тым, што ў сваіх відэа ён неаднаразова абражаў Аляксандра Лукашэнку (ч.1 арт. 368 КК). Трэцім пунктам абвінавачання сталі заклікі да санкцый (ч.3 арт. 361 КК).

* * *

Ад Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага ўжо 25 дзён няма вестак. Як паведамляюць праваабаронцы, вядома, што яго ў канцы красавіка этапавалі ў горацкую калонію №9, але няма нават афіцыйнага пацвярджэння яго цяперашняга месцазнаходжання.

* * *

Праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 28 чалавек. На сёння 1525 чалавек у Беларусі прызнаны палітвязнямі.

* * *

У Мінску пачаўся суд над сям'ёй педагога Яўгена Лівянта. Па крымінальнай справе разам з саўладальнікам цэнтра «100 балаў» праходзяць яшчэ шэсць чалавек, уключаючы яго жонку і двух дзяцей, зяця, а таксама яшчэ аднаго саўладальніка цэнтра Аляксея Іванова. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года.

Усе яны прызнаны палітвязнямі.

* * *

Сёння стала вядома, што напярэдадні ў папраўчай установе адкрытага тыпу №55 у Мінску, дзе ўтрымліваецца не менш за 27 палітвязняў, прайшла строгая праверка «хімікаў». Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманы мінімум адзін асуджаны.

* * *

Праваабаронцы паведамляюць пра ператрусы і затрыманні ў Баранавічах. Як высветлілася, гэта тычыцца баранавіцкай чыгункі. Пасля дыверсіі на чыгунцы ў Расіі два тыдні таму каля 10 машыністаў выклікалі «на гутарку». У дачыненні да некаторых з іх пасля былі распачаты крымінальныя справы за абразы ў Інтэрнэце. Машыністы звольнены.

* * *

Па палітычнай справе затрымалі супрацоўніка аптовай кампаніі. На думку ГУБАЗіКа, Андрэй Мельнік пакідаў каментары з асуджэннем агрэсіі Расіі ва Украіне і беларускіх сілавікоў, а таксама паўдзельнічаў у пратэстах.

Мінчуку Андрэю Мельніку 31 год. Ён скончыў Беларускі інстытут правазнаўства, а ў яго сацсетках пазначана, што працуе ў кампаніі «Сэльвін» (Sellwin), якая займаецца аптовай дыстрыбуцыяй тавараў.

Невядома, калі дакладна затрымалі мужчыну, але з усіх сацсетак ён знік трое сутак таму. Акрамя традыцыйнага «ўдзелу ў пратэстах», яму закідаюць каментаванне ў тэлеграм-каналах. Найперш гэта каментары з асуджэннем расійскай вайны ва Украіне і дзеянняў расійскіх вайскоўцаў.

* * *

У тэлеграм-канале, набліжаным да сілавікоў, апублікаваны звесткі пра новыя затрыманні ў Гомелі, якія адбыліся з 6 па 11 мая. Сярод затрыманых ідэнтыфікавалі Жану Волкаву, па якую міліцыя прыйшла проста ў школу. Гамяльчанка паведаміла, што была затрымана за каментар пад артыкулам пра забойства супрацоўніка КДБ.

Цяпер маці дваіх непаўналетніх дзяцей знаходзіцца ў гомельскім СІЗА. Ёй інкрымінуюць артыкул 130 КК Беларусі — распальванне варожасці.