Віктара Бабарыкі не было на судзе сына

Раней дзяржаўная газета «Мінская праўда» паведамляла, што дзяржабвінаваўца ўключыў палітзняволенага Віктара Бабарыку ў спіс сведак, якія будуць даваць паказанні ў судзе па справе Эдуарда.

Фота з фейсбуку Віктара Бабарыка

Фота з фейсбуку Віктара Бабарыка

Аднак на працэсе, дзе судзілі яго сына, Віктар Бабарыка не з’явіўся, піша «Свабода».

У тэлеграм-канале, прысвечаным былому прэтэндэнту на выбарах прэзідэнта 2020 года Беларусі Віктару Бабарыку, адзначаюць, што па-ранейшаму не маюць дакладнай інфармацыі пра месцазнаходжанне палітвязня і стан яго здароўя.

На судзе сына Эдуарда ў якасці сведкі Віктар Бабарыка, нягледзячы на хадайніцтва, не прысутнічаў.

У МУС і пракуратуры адказалі на шматлікія запыты грамадзян пра стан і месцазнаходжанне Бабарыкі: «Да электронных зваротаў, якія падаюць прадстаўнікі заяўнікаў, павінны прыкладацца электронныя копіі дакументаў, якія пацвярджаюць іх паўнамоцтвы. Дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы прадстаўляць інтарэсы асуджанага Віктара Бабарыкі, не пададзеныя».


Больш як месяц таму стала вядома, што Віктара Бабарыку, асуджанага на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, шпіталізавалі ў лякарню ў ноч з 24 на 25 красавіка. Далейшае месцазнаходжанне палітвязня, як і стан ягонага здароўя, з таго часу невядомыя.

У Мінскім абласным судзе працягваецца працэс па крымінальнай справе Эдуарда Бабарыкі — сына і былога старшыні ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Эдуарду Бабарыку пагражае 20 гадоў турмы.

Эдуард Бабарыка таксама выказаў хадайніцтва аб выкліку свайго бацькі, Віктара Бабарыкі, для тлумачэння адносна грошай, якія былі падараваныя яму як сыну. Паводле выдання «Мінская праўда», прадстаўнік пракуратуры паведаміў, што Віктар Бабарыка ўжо знаходзіцца ў спісе асобаў, якія будуць выкліканыя ў суд.

Эдуарда Бабарыку абвінавачваюць, сярод іншага, у легалізацыі («адмыванні») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ва ўхіленні ад выплаты падаткаў на працягу каля дзесяці гадоў (з 2012 па 2022 год). Гаворка пра краўдфандынгавыя платформы «Вулей» і «Мола-мола».

Паводле абвінавачання, Эдуард Бабарыка нібыта дапамагаў Сяргею Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні варожасці, паведамляе БелТА.



Пераслед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмыванні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).

У крымінальнай справе «Белгазпрамбанка» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суда Маскоўскага раёну.

22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчанні на прад’яўленыя абвінавачанні, бо апісанне, якое ёсць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяннях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзелі злачынства, заявіў адвакат Дзмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачанні няма апісання інкрымінаваных дзеянняў з указаннем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учынення. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумент, у якім выклаў «дэфекты абвінавачання».

Віктар Бабарыка віны не прызнае.


Хроніка пераследу

10 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны неслі адказнасць за людзей».

11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзенні крымінальных спраў за адмыванне грошай і ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеянняў следчых, якія не маюць прамога кампрамату на яго.

11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Святлану Купрэеву па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасці былога банкіра да злачынстваў.

Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.

15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расійскія акцыянеры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэнне незаконным.

17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэнняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.

18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.

Кіраўнік КДК Іван Церцель назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываннем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-менеджараў «Белгазпрамбанку».

19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.

Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.

20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакументаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты.

2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.


14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі праз неадпаведнасць прадстаўленай дэкларацыі аб даходах і маёмасці.

10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся з Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязнямі ў СІЗА КДБ.

17 лютага 2021 года пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусцілі нікога з незалежных журналістаў.

6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі. Вырак вынес суддзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.

12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацк.

12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанка». Ім змянілі меру стрымання, але іншыя падрабязнасці справы невядомыя.