Хронікі рэпрэсій 3 жніўня: У Іванаве затрымалі жанчыну за ўкраінскую песню, на яе данёс адэпт «рускага свету»

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 3 жніўня.

Фота "Вясны"

Фота "Вясны"

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска паводле «народнага» артыкула 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) асудзілі палітзняволеную спявачку Патрыцыю Свіціну. Суддзя Вікторыя Шабуня прызначыла ёй 2,5 года «хатняй хіміі». Пад вартай спявачку ўтрымлівалі два з паловай месяцы, а пасля абвяшчэння прысуду вызвалі ў зале суда.

Відэа з дзяўчынай з'явілася 18 траўня. На ім дзяўчына расказвала, што «ўдзельнічала ў пратэстах», «выходзіла на дарогі» і ў складзе калоны «перакрывала рух транспарту». Таксама яна казала, што публікавала ў сацсетках «негатыўныя паведамленні» пра сілавікоў, аб «спецаперацыі, якая праводзіцца на тэрыторыі Украіны» і «распальвала варожасць і нянавісць паміж славянскімі народамі».

Патрыцыя — спявачка, якая з'яўлялася лаўрэаткай стыпендыі Лукашэнкі па падтрымцы таленавітай моладзі, але адмовілася ад яе.

Суд Камянецкага раёна асудзіў двух палітзняволеных да пазбаўлення волі за тры сарваных сцяга. Паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў) 18-гадоваму Захару Сінякову прызначылі 1,5 года калоніі, а 19-гадоваму Елісею Кузняцову, які адбыў тэрмін цалкам па іншай крымінальнай справе, — 2,5 года. Такі прысуд вынесла Галіна Прыхожка.

Паводле версіі абвінавачання, у ноч з 14 на 15 траўня ў аграгарадку Войская (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) сарвалі тры дзяржаўных сцяга Беларусі з установы адукацыі, гандлёвага аб’екта і аддзялення пошты.

Глядзіце таксама

Экс-загадчыцы кафедры Магілёўскага дзяржуніверсітэта Наталлі Мартусевіч прад'яўлена абвінавачанне за распальванне варожасці. Яна пад вартай.

Паводле дадзеных следства, у сакавіку-красавіку 2022 года 47-гадовая жанчына на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы неаднаразова размяшчала публікацыі, дзе «не саромеючыся ў выказваннях у адносінах да беларусаў, рускіх і вайскоўцаў, заклікала да дзеянняў, звязаных з гвалтам і прычыненнем ім шкоды».

Наталля амаль 20 гадоў прапрацавала ва ўніверсітэце, мае вучоную ступень. Жанчыне прад'яўлена абвінавачванне паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці).

У Светлагорску па мечцы жыхарства раніцай 3 жніўня была затрымана рэдактарка інфармацыйнай кампаніі «Ранак» Юлія Даўлетава. Каб не турбаваць дзяцей, Юлія выйшла з кватэры ў пад’езд, пасля чаго дадому не вярнулася.

Нагадаем, што ў чэрвені шэраг работнікаў «Ранка» ўжо затрымліваліся, на іх былі накладзены арышты і штрафы за «экстрэмізм» па артыкуле 19.11 КаАП. Тады Даўлетавай сярод затрыманых не было. Затым сайт «Ранка» быў закрыты, а 4 ліпеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля аб’явіў яго і адпаведныя старонкі ў сацсетках «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Затрыманні ў чэрвені адбыліся пасля таго, як «Ранак» першым паведаміў пра выбух і гібель людзей на светлагорскім заводзе беленай цэлюлозы.


Глядзіце таксама

У Іванаве затрымалі 44-гадовую мясцовую жыхарку Ларысу Несцярук, якая дома ў сябе слухала песню «Україна понад усе!» і падпявала. Выявілася, што на яе данёс мясцовы блогер, адэпт «рускага свету» Пётр Мярэчка.

У Мінску затрыманы пратэстанцкі вернік Алесь Сакалуха. Ён быў выкліканы на допыт у Следчы камітэт, пасля чаго яго затрымалі на 10 сутак па крымінальнай справе па «народным» арт. 342 за ўдзел у акцыях пратэсту.

За рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога» затрымана Жанна Казлоўская.

Сілавікі заявілі аб затрыманні чарговага чалавека з фільма DELFI. Гэта дзяўчына, яе прозвішча не паведамляецца. Гэта ўжо як мінімум чацвёртае затрыманне пасля выхада фільма.

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу адправілі ў ШІЗА на 10 сутак.

Вікторыю двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі.

За паўгода ў зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгады ў ПКТ. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Акрамя гэтага, жанчына некалькі разоў у калоніі трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоваў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.

22 чэрвеня жанчыну этапавалі ў жаночую калонію № 24. Учора, 2 жніўня, да яе не пусцілі адваката.


Глядзіце таксама

У Беларусі 14 новых палітвязняў. Імі прызнаныя Дар’я Тарасевіч, Павел Таланаў, Святлана Лупач, Дзяніс Галаўко, Глеб Муравіцкі, Дзмітрый Сафановіч, Генадзь Майсейчык, Аляксандр Конанаў, Сяргей Глінскі, Алена Чабатар, Сяргей Чабатар, Святлана Палуэктава, Уладзіслаў Бохан, Вольга Сухарава. Большасць з іх пераследуюць за удзел у пратэстах паводле арт. 342 КК.