Школьны «трудавік» выступіў супраць Лукашэнкі. Пасля вызвалення яго сустракалі вучні і іх бацькі
Васіль Плешкуноў працаваў настаўнікам працы ў гімназіі №3 горада Магілёва. У 2020 годзе ён прыняў удзел у паслявыбарчых пратэстах. За пазіцыю беларуса затрымалі проста ў школе, асудзілі і пасля звольнілі з навучальнай установы. Яго гісторыю распавядае выданне «MOST».
Пераслед Васіля працягваўся наступныя два гады, ён зноў трапіў на суткі і пасля чарговага вызвалення вымушаны быў бегчы з Беларусі. 53-гадовы Васіль пасяліўся ў Варшаве, дзе спрабуе пачаць новае жыццё.
Васіль у 2020 годзе прымаў актыўны ўдзел у пратэстах і спрабаваў даказаць, што не ўсе настаўнікі з'яўляюцца фальсіфікатарамі. Ён не быў у выбарчай камісіі і не быў назіральнікам, настаўнік выходзіў на вуліцы разам з іншымі людзьмі, каб выказаць сваё меркаванне. Аднак гэта прывяло да праблем — за выкладчыкам прыйшлі ў школу. Затрымалі падчас урокаў і адвялі. Пасля 10 сутак арышту Васіля сустракалі з кветкамі вучні і іх бацькі.
— Гэта былі невымоўныя пачуцці. Я ніколі не думаў, што ў вучняў, іх бацькоў і выкладчыкаў такое стаўленне да мяне. Пасля вызвалення яны купілі торт. Настаўнікі падыходзілі і казалі: «Вы за нас адстаялі, вы за нас адседзелі». Вядома, далей стаяла пытанне, каб прыбраць мяне са школы. Я хацеў з імі па-добраму дамовіцца, але яны мяне прыбралі. Пры гэтым сталі распаўсюджваць чуткі, што звольнілі за п'янку — спайваў фізрука. Я не быў вялікім актывістам і не быў у якіх-небудзь палітычных партыях. Але я заўсёды выказваўся супраць улады, і 2020 год мяне вельмі моцна трыгернуў.
Пасля звальнення Васіль працягваў пратэсную дзейнасць, ён пераехаў у Жодзіна і працаваў электрыкам у Мінску. Там сілавікі амаль не турбавалі былога выкладчыка.
— Папера прыходзіла з Магілёва, і былі званкі ад мясцовых следчых. Як потым высветлілася, на маёй старонцы ў Facebook яны выявілі «антыканстытуцыйную дзейнасць». Я хуценька ўсё прыбраў, і яны адсталі.
У наступны раз з органаў Васілю патэлефанавалі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022 годзе. Міліцыянт сказаў, што той праходзіць сведкам па крымінальнай справе і павінен прыехаць у Магілёў. Былы выкладчык нікуды не паехаў.
У лютым 2023 года Васіль вярнуўся ў Магілёў, але неўзабаве пасля гэтага яго затрымалі. Сілавікі, якія прыйшлі ў масках і ўзброеныя, сцвярджалі, што з яго акаўнта ў Тэлеграме ідзе «незразумелая дзейнасць». Былога настаўніка затрымалі і павезлі ў аддзел ГУБАЗ.
— Мяне моцна збілі і павезлі на допыт. Мне паказвалі
нейкія скрыны
на камп'ютары і абвінавачвалі ў тым, што я пераслаў у
чат навіну з канала
«Kyky». Калі я адказаў, што ў мяне дрэнны зрок і я нічога не
бачу, следчы пачаў крычаць нешта накшталт: «А ты што, інвалід па зроку? У цябе нідзе пра гэта не
напісана!» Потым ён патэлефанаваў маёй малодшай дачцэ і сказаў ёй, што мяне
п'янага ўзялі на вакзале за тое, што я нібыта выкрыкваў лозунгі, кідаўся на
міліцыю, казаў, што ўсіх іх мы перавешаем. Таму мяне збіраюцца пазбавіць
бацькоўскіх правоў, а дачку адправіць у прытулак. Суткі я правёў у ІЧУ, а калі
выйшаў, дзесьці праз тыдзень мне патэлефанавалі са схаванага нумара і сказалі,
каб я рыхтаваўся да таго, што я сяду надоўга. Я сур'ёзна занепакоіўся і вырашыў
з'ехаць у Польшчу. Я распавёў сваю гісторыю, каб людзі разумелі, што мы не
проста так выходзілі, мы не проста так стаялі і не проста так знаходзімся тут —
у эміграцыі.