Хронікі рэпрэсій за 1 красавіка

У Мінску судзяць Ніну Багінскую. Сайт «Саюза палякаў» прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». У Рыгора Костусева пагоршылася здароўе.

hroniki_represij2_1_logo_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1236 дзён, Дзяніс — 1116.

***

У судзе Партызанскага раёна Мінска судзяць Ніну Багінскую, паведамляе «Салідарнасць».

Паколькі сама Багінская на суды прынцыпова не ходзіць, то пакуль невядома, ці не даставілі яе туды прымусова супрацоўнікі міліцыі. 

Вядома, што 20 сакавіка Багінская была ў кватэры сына, калі туды прыйшлі сілавікі з ператрусам. Яны забралі ўсе носьбіты інфармацыі, а таксама тры сцягі, якія належалі Ніне Брагінскай, і плакат з «Пагоняй».

У той жа дзень Багінская наведала Следчы камітэт, каб высветліць лёс канфіскаваных рэчаў. Яна падала заяву з патрабаваннем, каб усё было аформлена па законе — маёмасць забралі толькі пасля таго, як будзе на гэта адпаведная пастанова суда.

Крыніцы паведамілі, што дзяжурны выклікаў у будынак Следчага камітэта міліцыянтаў, і тыя затрымалі жанчыну. У аддзеле міліцыі Партызанскага раёна міліцыянты знялі маленькі значок з выявай нацыянальнага сцяга з каўняра паліто, у якое была апранутая Багінская.

На яе склалі пратакол за «нашэнне экстрэмісцкай атрыбутыкі» і адпусцілі дадому. У выпадку, калі 1 красавіка Ніна Багінская не з'явіцца ў судзе, адміністрацыйную справу будуць разглядаць завочна.  

***

15 сакавіка суд Ленінскага раёна Гродна прысудзіў дырэктара прыватнага прадпрыемства Віталя Шычко да 3 гадоў «хіміі» паводле артыкулаў пра «абразу» (ч.2 арт.368 Крымінальнага кодэкса) і «паклёп» (ч.2 арт.367 КК) на Аляксандра Лукашэнку, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Вядома пра гэта стала праз 2 тыдні.

Паводле матэрыялаў абвінавачання, Шычко пакінуў у тэлеграм-канале «Гродна 97%» каментары, якія «зняважылі гонар і годнасць» Лукашэнкі і «былі спалучаныя з абвінавачваннем ва ўчыненні асабліва цяжкага злачынства».

***

Палітзняволены Рыгор Кастусёў скардзіцца на здароўе. Пра гэта ў Facebook напісаў зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык.  

«Дайшлі весткі ад Рыгора Кастусёва. Піша, што са здароўем усё вельмі дрэнна».

Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.

***

У шклоўскай ПК-17 пачаліся паборы. У сакавіку там зноў пачалася пара рамонтаў, праз што асуджаных пераводзяць з атрада ў атрад. Сваякоў, адпаведна, просяць сустрэцца з юрыстам калоніі «для добраахвотнай перадачы ў дар» будаўнічага інструмента і матэрыялаў (напрыклад, для пакоя вольнага часу), паведамляе «MAYDAY».

«Шчодрасць» падарункаў будзе мець прамое значэнне пры разглядзе спраў аб умоўна-датэрміновым вызваленні (УДВ). Акрамя таго, у некаторых атрадах збіраюць яшчэ грошы і на новыя матрацы.

У ПК-17 адбывае пакаранне 101 палітвязень.

***

Сайт «Саюза палякаў Беларусі» прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем», піша «Вясна».

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 26 сакавіка. Паводле ведамства, дачыненне да сайта маюць Анджэй Пісальнік і Інна Тодрык-Пісальнік.

Таксама «экстрэмісцкім фарміраваннем» прызнаны тэлеграм-чат «Наш квартал Разам (пр. Машерова, ул. Красная, пр. Независимости, пл. Я. Коласа)». Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 26 сакавіка. Паводле ведамства, дачыненне да чата маюць Ілля Ясінскі, Аляксей Матвееў, Аляксандр Луцэвіч, Андрэй Басалыга.

Праваабаронцы адзначаюць, што 27 сакавіка, пасля прызнання інфармацыйнай прадукцыі чата «экстрэмісцкімі матэрыяламі», з яго выдалілі ўсіх удзельнікаў.

***

4 сакавіка суд Ленінскага раёна Мінска прысудзіў медсястру Жанну Дудзінскую да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 КК), піша «Медыязона». Вядома пра гэта стала праз месяц.

Жанчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы адзінства 6 верасня 2020 года, на якім яна выйшла на праезную частку. Яе апазналі па фотаздымках і відэа іншага ўдзельніка акцыі па прозвішчы Ульданаў.

З 25 студзеня па 1 лютага дзяўчына была пад вартай. Да суду яе адпусцілі пад заклад у 12 тысяч рублёў.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 424 дні, Максіма Знака — 417 дзён, Мікалая Статкевіча — 415 дзён, Ігара Лосіка — 407 дзён, Віктара Бабарыкі — 344 дні, Сяргея Ціханоўскага — 272 дні, Уладзіміра Гундара — 241 дзень.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1399 палітвязняў.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1589 чалавек. Сярод іх — 197 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.