Дзяніс Івашын пабачыўся з маці

Журналіст схуднеў, але трымаецца бадзёра.

Дзяніс Івашын

Дзяніс Івашын

Гродзенскі журналіст, палітвязень Дзяніс Івашын упершыню з часоў яго перабывання ў СІЗА турмы №1 Гродна меў кароткатэрміновае спатканне з маці ў жодзінскай турме №8, куды яго перавялі ў чэрвені мінулага года з «папраўчай» калоніі №15 Магілёва, узмоцніўшы рэжым да строгага. Пра гэта паведамляе «Беларускае Радыё Рацыя» са спасылкай на «Гродзенскую правабарону».

Cустрэча доўжылася агулам каля 3 гадзін. Івашын заўважна схуднеў за час несправядлівага ўвязнення. Ніякіх іншых нараканняў на стан здароўя ў журналіста няма. Пры гэтым ён не губляе свайго звыклага аптымізму, упэўненасці, бадзёрасці духу. Падчас размовы палітвязень імкнуўся словам падтрымаць і падбадзёрыць маці.

Івашын заўважна схуднеў, што можа быць звязана з умовамі харчавання за кратамі, а таксама адсутнасцю магчымасці перадаць яму прадуктовую перадачу. Першай і другой рэжымнай перадач яго пазбавілі ў Магілёве, а строгі турэмны рэжым наогул забараняе прадуктовыя перадачы. Пакуль палітвязень можа атрымаць толькі адну рэчавую перадачу да 50 кг вагі на год або сам атаварыцца ў мясцовай турэмнай краме на 1 базавую велічыню, або 40 беларускіх рублёў на месяц.

На рацыён жодзінскай турмы журналіст ніколі не скардзіўся. Наадварот, параўноўваючы яе з магілёўскай калоніяй, Івашын раней адзначаў у лістах і пацвердзіў пры сустрэчы, што мясцовым харчаваннем у цэлым задаволены. Не стае яму ў няволі толькі садавіны, гародніны, сала і зялёнай гарбаты, якую ён надта любіць.

Папярэдняе спатканне Дзяніса Івашына адбылося пасля так званага «разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд» 20 снежня 2022 года.


Глядзіце таксама

Нагадаем, Дзяніс Івашын — карэспандэнт «Новага Часу», беларускі рэдактар валанцёрскай супольнасці «InformNapalm». Яго затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года: спачатку выставілі абвінавачанне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»), а пазней дадалі яшчэ і «здраду дзяржаве». Верагодна, «апошняй кропляй» стала аўтарскае расследаванне пра былых украінскіх сілавікоў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».

Суд над Дзянісам Івашыным доўжыўся амаль месяц у Гродзенскім абласным судзе і адбываўся ў закрытым рэжыме.

14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі асудзіў журналіста да 13 гадоў і 1 месяца зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.

Напрыканцы мінулага года 20 снежня Вярхоўны суд Беларусі разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд палітзняволенаму журналісту і пакінуў вырак першай інстанцыі без змен. Сёлета напрыканцы студзеня Дзяніса Івашына этапавалі са следчага ізалятара турмы №1 Гродна ў папраўчую калонію №15 Магілёва, дзе для яго быў прадугледжаны «ўзмоцнены рэжым» адбыцця пакарання.

Усяго за кратамі Дзяніс знаходзіцца ўжо 1116 дзён.