Хронікі рэпрэсій за 2 красавіка

Новыя «экстрэмісцкія матэрыялы» і экстрэмісцкая кніга. Чатыры шатландскія міністры сталі «хроснымі» палітвязняў у Беларусі, паведамляюць праваабаронцы.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Сярод новых «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — TikTok «Вясны»

Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» TikTok-старонку «Вясны». Адпаведнае рашэнне было прынятае 29 сакавіка. Таксама ў экстрэмісцкі спіс трапілі @viasna_bot, @ViasnaSOS, @Viasnainfo и @zvarot96.

Акрамя таго Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Telegram-каналы «Березовка», «REICHSARHIVE», «И Грянул Грэм Chat»;
  • Друкаванае выданне «Вызваленне" (газета за свабоду i незалежнасць Беларусi Мiжнародная Лiга Працоўных - Чацвёрты Iнтэрнацыянал)» і сайт «litci.оrg/ru»;
  • YouTube-канал «VideoBGLive»;
  • Сайт і сацсеткі праекта «Асацыяцыя "Салідарнасць"»;
  • Сайт і сацсеткі праекта «TG HOUSE»;
  • Youtube-канал «Женщины тяжелого поведения» і ягоныя старонкі ў сацсетках.
  • Сайт «deputatov.nеt і чат-бот «Честный выбор»;
  • Відэаролік «Белорусские Врачи против лжи о коронавирусе! Обращение медработников Витебска к властям о COVID-19»;
  • Старонкі ў Х «BYSOL», «Belarusian Canadian Alliance»;
  • Старонкі ў «Аднакласніках» «Клуб "Пагоня-2016"», «Наша Плошча»;
  • TikTok-старонкі «Вольны беларус», «politvyazynka».
  • У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» чарговую кнігу

Кніга «Военная символика белорусов. Знамена и мундиры» Віктара Ляхора — цяпер «экстрэмісцкая».  Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёна Мінска 28 сакавіка.

У 2021 годзе Мінкульт загадаў канфіскаваць з бібліятэк гэтую кнігу. Тады ведамства аргументавала гэта тым, што ў ёй «утрымліваецца недакладная інфармацыя, якая змяшчае элементы прапаганды антыдзяржаўнай накіраванасці».

  • Чатыры шатландскія міністры сталі «хроснымі» палітвязняў у Беларусі
ministry_szatlandyi.jpg

У межах кампаніі салідарнасці #Westandbyou чацвёра шатландскіх дэпутатаў ад Шатландскай нацыянальнай партыі Крысціна Маккелві, Ангус Робертсан, Ніл Грэй і Эма Родзік сталі «хроснымі» Наталлі Дулінай, Эдуарда Бабарыкі, Сяргея Вайцюка і Вольгі Церах.

«Шатландскі ўрад падтрымлівае тых, хто пакутуе ад несправядлівасці, і мы будзем выкарыстоўваць нашу платформу для прасоўвання пераменаў. Беручы ўдзел у праграме "хросных" Libereco, мы спадзяемся прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і мы аднадушныя з тымі, хто імкнецца да сумленнасці, роўнасці і правасуддзя».

  • На Дзмітрыя Кучука распачалі крымінальную справу
dzmitryj_kuczuk_1.jpg

Супраць кіраўніка ліквідаванай Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука распачалі крымінальную справу — яго затрымалі, калі ён хацеў ушанаваць памяць Навальнага каля расійскай амбасады

Кучуку інкрымінаваны «народны» артыкул 342 КК. 

«Адпрацаваная схема, — кажа Анатоль Лябедзька. — Кідаюць на Акрэсціна па адміністратыўнай справе і ліхаманкава шукаюць мінімальныя, фармальныя падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы. Зміцер нерваваў сілавікоў. Ён не з’ехаў. Ён не зачыніўся ў чулане. Спрабаваў зарэгістравацца падчас кампаніі “БЯЗВЫБАРЫ”, рабіў намаганні распачаць кампанію па зборы подпісаў за вызваленне палітвязняў. У яго было адчуванне вінаватасці перад тымі хто за кратамі».

  • У Расіі актывіста затрымалі за аватарку з бел-чырвона-белым сцягам
dzmitryj_mahau.jpg

У Сыктыўкары каля свайго пад'езда быў затрыманы сузаснавальнік творчага аб'яднання ÖВВÖ і былы кіраўнік «Гарадскіх праектаў у Комі» Дзмітрый Махаў.

Супраць яго будзе складзены пратакол паводле артыкула 20.3 КаАП РФ (дэманстрацыя экстрэмісцкай сімволікі) за аватарку з бел-чырвона-белым сцягам ва «Укантакце», пішуц расійскія праваабаронцы.

  • 51-гадоваму айцішніку з Мінска Сяргею Забелічу пагражае да васьмі гадоў калоніі за данаты
sjarhej_zabelicz.jpg

Судзіць Сяргея Забеліча пачынаюць у Мінскім абласным судзе. Яго вінавацяць па двух артыкулах — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна» і «фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання». Суддзя — Алена Курганава.

Сяргей родам ён з Мінска, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Мяркуючы па Linkedin, ён не менш за дваццаць гадоў працаваў праграмістам. У верасні 2022-га перайшоў з кампаніі Nikta Technologies у кампанію Intrahealth, рэзідэнта ПВТ, якая працуе на канадскі рынак.

  • Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да двух гродзенцаў
sk_supract_hrodzencau.jpg

Завочна збіраюцца судзіць Паўла Міцкевіча і Дзяніса Чашчавіка. Ім інкрымінуюць арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Павел Міцкевіч — кіраўнік беластоцкага фонду «Okno na Wschód», Дзяніс Чашчавік — палітычны эмігрант.

Іх запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў гродзенскае ўпраўленне СК.

  • КДБ затрымаў у Драгічынскім раёне 12 чалавек за дапамогу Украіне
zatrymanyja_za_dapamohu_ukraine.jpg

Пра затрыманні расказалі ў сюжэце АНТ. Сцвярджаюць, што жыхары Драгічынскага раёна дапамагалі Службе бяспекі Украіны — забіралі выбухоўку і рабілі тайнікі на тэрыторыі Беларусі, піша @nashaniva.

Прапагандысты ў сваім сюжэце назвалі імёны некаторых затрыманых: Дзмітрый Капуза, Уладзімір Капуза, Вольга Капуза, Аляксандр Капуза, Яўген Грук, Віктар Яскіч, Лідзія Грук.

На затрыманых завялі справу па артыкуле 289 частцы 3 — акт тэрарызму ў складзе групы.

  • У Гродне затрымалі дзвюх дзяўчат за падпал чырвона-зялёнага сцяга

Праўладныя крыніцы паведамляюць пра затрыманні 22-гадовай і 23-гадовай дзяўчат. Паведамляецца, што 1 красавіка яны вырашылі падпаліць чырвона-зялёны сцяг.

Дзяўчыны ўзялі швабру, абматалі яе папяровым ручніком, падпалілі яго і такім чынам дацягнуліся да сцяга на адміністрацыйным будынку. Супраць іх распачалі крымінальную справу за «здзек з дзяржаўных сімвалаў».

  • За каментары затрымалі 74-гадовага пенсіянера 

У Хойніках затрымалі 74-гадовага пенсіянера, які напісаў больш за 1500 каментароў аб прадстаўніках улады, паведамляе Следчы камітэт.

Паводле следства, з кастрычніка 2020 года па люты 2022 года 74-гадовы мужчына сістэматычна размяшчаў каментары пад фатаграфіямі прадстаўнікоў улады, дзе, «не саромеючыся ў выразах, абражаў, публічна прыніжаў і ганьбіў іх гонар і годнасць». Падчас ператрусу ў яго дома знайшлі боепрыпасы. Пенсіянер расказаў следчым, што калекцыянаваў іх.

Дзеянні затрыманага  кваліфікавалі па арт. 188 КК (Паклёп), арт. 369 КК (Публічная абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 КК (Абраза суддзі) і ч. 2 арт. 295 КК (Незаконнае захоўванне боепрыпасаў).

З санкцыі пракурора да яго ўжыта мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

  • 5120 рублёў і паўтара года «хатняй хіміі»: настаўніка фізкультуры асудзілі за каментар

Стала вядома, што ў судзе Маскоўскага раёна Мінска 15 сакавіка паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) асудзілі настаўніка фізкультуры школы ў Крупках Яўгена Пальчыка. 

Суддзя Наталля Варакса пастанавіла асудзіць Палчыка на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі»). Да таго ж ён мусіць выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь (4000 рублёў). Таксама ён мусіць кампенсаваць маральную шкоду пацярпеламу ў памеры 1000 рублёў і дзяржпошліну — 120 рублёў. Таксама прымусова ў яго забралі тэлефон, які нібыта з'яўляецца рэчыўным доказам.

Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што ён пакінуў каментар у Telegram, які нібыта ўтрымліваў «негатыўную ацэнку прадстаўніка ўлады» — былога начальніка папраўчай калоніі №1 Андрэя Пальчыка.