Хронікі рэпрэсій за 12 сакавіка
У Беларусі яшчэ 10 чалавек прызнаныя палітвязнямі. Гэта Дзяніс Красько, Кацярына Новікава, Дзмітрый Шчарбін, Яўген Кіслоў, Антон Чарамных, Раман Галуза, Андрэй Шмай, Іван Сухамераў, Наталля Захаранка, Аляксей Кулікоў, паведамляюць праваабаронцы. Цяпер, паводле «Вясны», у нашай краіне 1418 палітвязняў, хоць людзей, якіх улады пераследуюць паводле палітычных падстаў, значна больш.
-
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
Telegram-каналы і чаты «Звычайная Рапушыная Лiтва # Якельт», «Šaúroú LIVE», «Беларусы Варшавы. Палiтыка», «Саламандры», «сПокойный Островец»;
TikTok-старонкі «Anna Birilo», «Weekly Top Fake», «Вектор новости», «Змагарка Алеся», «Radistka Kat», «Martin.kram», «Маргарита Левчук», «Andrei Rusojob», «BY.ЕвроБелорус».
- Еўрапарламент: Народ Беларусі павінен мець магчымасць быць свабодным
Дэпутаты Еўрапарламента запускаюць другую акцыю ініцыятывы #EPSTANDSBYYOU
Падчас пленарнай сесіі Еўрапейскага парламента ў Страсбургу еўрадэпутаты выкажуць салідарнасць і падтрымку беларускім палітычным зняволеным і іх сем'ям.
Ініцыятыўная група з васьмі дэпутатаў Еўрапарламента, якія прадстаўляюць усе асноўныя палітычныя групы, заклікае ўсіх дэпутатаў Еўрапарламента напісаць і накіраваць словы павагі і падтрымкі 1500 палітычным зняволеным у Беларусі. Гэтую ініцыятыву падтрымала прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Роберта Метсола ў дзень салідарнасці з Беларуссю.
«Народ Беларусі павінен мець магчымасць быць свабодным. Свабодным ад аўтакратыі. Свабодным ад прыгнёту. Гэта тое, чаго яны хочуць. Што яны выбралі. Гэта тое, чаго яны заслугоўваюць».
- Апеляцыйны суд у Сербіі адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта. Справу разгледзяць нанова
Рашэнне Высокага суда аб экстрадыцыі беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта ў Беларусь адменена апеляцыйнай інстанцыяй. Сваё рашэнне Апеляцыйны суд у Бялградзе патлумачыў тым, што не ўсе акалічнасці, на падставе якіх было вынесенае рашэнне аб экстрадыцыі, былі даследаваныя. Акрамя таго, Гнёту не далі слова падчас першага працэсу.
Пры гэтым суд працягнуў тэрмін утрымання Андрэя пад вартай яшчэ на 60 дзён. Новае слуханне па справе прызначанае на 26 сакавіка.
Як патлумачыла @dw_belarus дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр, Апеляцыйны суд адмяніў рашэнні суда першай інстанцыі, аднак не адмяніў саму экстрадыцыю, накіраваўшы справу на новы разгляд.
Андрэй Гнёт — беларускі журналіст, рэжысёр і палітычны актывіст. Ён сузаснавальнік «Свабоднага аб'яднання спартсменаў SOS BY».
- У Мінску пачынаецца завочны суд за «зрыў рэспубліканскага рэферэндуму ў 2022 годзе»
У судзе Заводскага раёна Мінска 12 сакавіка у працэсе спецыяльнай вытворчасці (завочна) пачынаецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Алены Жылачкінай (Жываглод), Паўла Лібера, Паўла Марыніча і Аляксандра Дабравольскага, якія, паводле абвінавачвання, «распрацавалі план па зрыву рэспубліканскага рэферэндуму ў 2022 годзе».
Усіх чатырох абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 191 КК («перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісій па рэферэндуме, здзейсненым з ужываннем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове»).
Справу будзе разглядаць суддзя Дзмітрый Лукашэвіч.
- Супраць былой кіраўніцы гродзенскага дзіцячага хоспіса распачалі спецвытворчасць
Вользе Вялічка інкрымінаваныя:
• ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці);
• арт. 193-1 КК (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці);
• ч. 3 арт. 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных дадзеных);
• ч. 3 арт. 210 КК (намер на завалоданне маёмасцю ў буйным памеры службовай асобай);
• ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак);
• чч. 1, 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
• ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку).
Раней на Вольгу завялі крымінальныя справы за «незаконнае выкарыстанне спонсарскай дапамогі» і за ўдзел у акцыі пратэсту. Восенню 2020 года разам з дзецьмі выехала з Беларусі.
- Сям'ю ў Гродне асудзілі за плакат, у якім нібыта змяшчалася абраза Лукашэнкі
Суд Ленінскага раёна Гродна 26 лютага вынес прысуд мужу і жонцы Сяргею і Таццяне Чыжам, якіх абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку паводле ч. 2 арт. 367 КК. Справу разглядала суддзя Наталля Козел.
Да суда Сяргей знаходзіўся пад вартай, а Таццяна — пад падпіскай, паколькі ў сям’і двое непаўнагадовых дзяцей.
Па матэрыялах абвінавачання, у жніўні 2020 года Сяргей і Таццяна прынялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, разам з мітынгоўцамі прайшлі па грамадскіх месцах горада, цэнтральнай плошчы, парку Жылібера. Пры гэтым дэманстравалі загадзя выраблены плакат, памерамі прыкладна 2,5 х 3 метра, на якім быў напісаны тэкст, які «змяшчае паклёпніцкія звесткі ў дачыненні да Лукашэнкі».
Суд прызначыў Сяргею 3 гады «хіміі», а Таццяне — 3 гады «хатняй хіміі».
- У Магілёве за рэпосты затрымалі мясцовага жыхара
@MAYDAYMog вядома, што затрыманага клічуць Юрый Бруквенкаў. Яму 40 гадоў, працуе ён аўтаперавозчыкам. Затрыманне, хутчэй за ўсё, здарылася яшчэ 29 лютага.
Вядома, што ў віну мужчыну паставілі «лайкі» ў «Аднакласніках» пад публікацыямі з «экстрэмісцкіх» суполак.
- Сілавікі затрымалі жыхара Крычава
Сцвярджаецца, што затрыманы нібыта ў «Аднакласніках» распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы» і абражаў Лукашэнку.
- Мінчука судзяць за данаты. Яму пагражае да 15 гадоў калоніі
У Мінскім гарадскім судзе другі дзень ідзе суд над 45-гадовым Канстанцінам Шастовым. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 і 2 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 290-1 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці).
Падрабязнасці справы невядомыя. Па гэтых артыкулах мужчыне пагражае да 15 гадоў зняволення.
Справу разглядае суддзя Святлана Чарапанава.
- Сілавікі затрымалі жыхарку Мінска, якая вярнулася з-за мяжы
Сцвярджаецца, што 33-гадовая Грэта Далінкевіч (Максімава) прымала ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама нібыта была адміністратаркай дваровага тэлеграм-чата «Несцерка» і ўдзельнічала ў стрымах з Ціханоўскай.
- Жыхара Гомеля асудзілі за «ўдзел ў экстрэмісцкім фармаванні» і «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці»
Гомельскі абласны суд 7 сакавіка завяршыў разгляд крымінальнай справы Алега Дзегцярэнкі, якога абвінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт.361-1 КК) і «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці» (ч. 2 арт. 290-1 КК). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Алег Харошка.
Сутнасць абвінавачання праваабаронцам пакуль невядомая.
Шляхам частковага складання пакаранняў, канчаткова абвінавачанаму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 8 гадоў і 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, са штрафам у памеры 100 базавых велічынь.
- Сілавікі затрымалі адміністратара кампаніі па продажы адзення
На «палонным відэа» затрыманы кажа, што пісаў абразлівыя каментары на адрас сілавікоў і Лукашэнкі, перапісваўся з блогеркай Таццянай Мартынавай, зняў перамяшчэнне расійскай вайсковай тэхнікі і адправіў відэа ў чат-бот канала Nexta.