Ігар Ільяш: Абвінавачанні ў адрас кнігі «Беларускі Данбас» — маразматычнае трызненне

26 сакавіка адбудзецца пасяджэнне Кастрычніцкага раённага суда Мінска, дзе плануецца прызнаць кнігу «Беларускі Данбас» экстрэмісцкай і цяпер ужо афіцыйна яе забараніць.

104890784_2951857798269950_321839320000882757_n_1.jpg

Мінскае АУС на паветраным транспарце настойвае, што ў кнізе ёсць прыкметы «распальвання расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці, прапаганды выключнасці, перавагі альбо непаўнавартаснасці грамадзян па прыкмеце іх стаўлення да расавай, нацыянальнай, рэлігійнай прыналежнасці, прапаганды і публічнага деманстравання нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі, матэрыялы і інструкцыі па выбуховай справе, якія можна выкарыстоўваць у планаванні і здзяйсненні тэрарыстычных актаў шляхам падрыву грамадзянскіх і (або) ваенных аб'ектаў».
А вось мой кароткі каментар: падобныя абвінавачанні ў адрас кнігі «Беларускі Данбас» — гэта маразматычнае трызненне.
Стаўлюся я да сітуацыі спакойна, бо сур'ёзна ўспрымаць рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў немагчыма. У гэтым спісе, напрыклад, вы знойдзеце кнігу выбітнага брытанскага гісторыка Алана Балока «Гітлер. Даследаванне тыраніі» і кнігу «Nazi Culture» сусветна вядомага амерыканскага вучонага Джорджа Моса. Я ўжо не кажу пра фільм «Урок беларускай мовы», канцэрт «Салідарнасць з Беларуссю» або альбом «Прэс-фота Беларусі 2011». Ну і ўсялякія дробязі накшталт экстрэмісцкіх магніцікаў, манет, фуфаек і попельніц.
Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў у гэтым сэнсе вельмі падобны да спецслужб Беларусі: часам яны сапраўды змагаюцца з чымсьці незаконным, але не гэта іх галоўная задача. Галоўная задача —пераследаваць за іншадумства і абараняць дыктатуру. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што «Беларускі Данбас» хочуць забараніць, бо кніга распавядае нязручную для ўлады праўду пра ролю беларусаў і рэжыму Лукашэнкі ў расійска-ўкраінскім канфлікце.
Ну і яшчэ адна цудоўная дэталь. Кнігу плануюць прызнаць экстрэмісцкай 26 сакавіка, а 12 сакавіка журналіста Рамана Васюковіча будуць судзіць за перавозку «экстрэмісцкай прадукцыі» (гэта значыць нашай кнігі). Так, вядома, нават не юрыст здагадаецца, што парадак павінен быць зваротным: спачатку трэба прызнаць кнігу экстрэмісцкай, а потым ужо судзіць за яе перавозку. Але калі судовая сістэма ў краіне выконвае функцыі прынтара, усё гэта не мае значэння.
beladonb