Інтэрпол адмовіўся шукаць Ціханоўскую. А як наконт іншых «палітычных»?

Інтэрпол лічыць немагчымым выкарыстанне сваіх каналаў для міжнароднага вышуку экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі Святланы Ціханоўскай. Аднак іншыя беларусы, у дачыненні да якіх на радзіме распачаты крымінальныя справы, могуць патрапіць у чырвоны цыркуляр Інтэрпола.

20211008_img_6804_ps_ybihb.jpg

Ціханоўская ў чырвоны цыркуляр не трапіць


Кіраўнік нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола ў Беларусі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў 2 лістапада ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», што Інтэрпол не будзе займацца міжнародным вышукам экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Рашэнне аб гэтым было прынята спецыяльнай рабочай групай міжнароднай паліцыі пасля вывучэння матэрыялаў, якія прадаставіў яго офіс.
Рашэнне па пошуку Ціханоўскай з'яўляецца выключна прытрымліваннем тым правілам і нормам, якія існуюць у Інтэрполе, падкрэсліў Мядзведзеў.
У Інтэрпол уваходзяць амаль усе дзяржавы, акрамя Паўночнай Карэі, Туркменістана, Таджыкістана, Бутана, Кірыбаці, Мікранэзіі, Палаў, Самоа, Сан-Марына, Саламонавых выспаў, Тувалу, Вануату і Ватыкана. Нацыянальнае бюро Інтэрпола ў Беларусі з'яўляецца структурным падраздзяленнем МУС.
Калі чалавек аказваецца ў міжнародным вышуку (гэтага не здарылася з Ціханоўскай), яго могуць затрымаць на тэрыторыі іншай дзяржавы і выдаць Беларусі. Выдача адбываецца згодна з міжнароднай дамовай на пэўных умовах або на падставе прынцыпу ўзаемнасці.
Беларусь не ўваходзіць у Раду Еўропы і, адпаведна, не ратыфікавала Еўрапейскую канвенцыю аб выдачы (экстрадыцыі). Такім чынам, у Беларусі нашмат менш механізмаў для экстрадыцыі з краін Заходняй Еўропы, чым з дзяржаў постсавецкай прасторы.
Напрыклад, краіны СНД яшчэ ў 1997 годзе падпісалі Мінскае пагадненне, якое рэгламентуе выдачу грамадзян той ці іншай краіны. Ёсць яшчэ і Кішынёўскае пагадненне, падпісанае ў 2002 годзе, якое таксама рэгламентуе некаторыя пытанні выдачы.
Неўключэнне Ціханоўскай у базу Інтэрпола адпавядае правілам Інтэрпола, сказаў у каментары для Naviny.by юрыст Алесь Міхалевіч, кандыдат на выбарах прэзідэнта 2010 года, які знаходзіўся пад следствам, уцёк з краіны, атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Потым у 2015 годзе вярнуўся ў Беларусь. Займаецца прававой дапамогай пры міжнародным пераследзе і экстрадыцыі. Яго адвакацкае бюро знаходзіцца ў Літве.
«Любы чалавек, якога падаюць у спіс на арышт Інтэрпола, перад трапляннем у чырвоны цыркуляр праходзіць адпаведную праверку. Думаю, сакратарыят прыняў рашэнне, што яна як былы кандыдат у прэзідэнты не можа быць уключаная ў чырвоны спіс Інтэрпола», — сказаў Міхалевіч.
Ціханаўская між тым па-ранейшаму знаходзіцца ў абноўленым 1 лістапада нацыянальным Пераліку арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
«Прысутнасць у гэтым пераліку таго ці іншага чалавека не азначае зварот да міжнароднай паліцыі яго затрымаць, гэта папярэджанне аб тым, што чалавек можа мець дачыненне да тэрарызму», — сказаў Міхалевіч.
Прысутнасць у пераліку — хутчэй іміджавая праблема, чым практычная, хоць «само знаходжанне ў спісе чалавеку шкодзіць і можа быць звязана з затрыманнем на некаторы час, надглядам і гэтак далей».

Як Інтэрпол могуць выкарыстоўваць супраць «палітычных»


Калі Ціханоўская з'яўляецца вядомай асобай, што яе абараняе, то вельмі шмат людзей, на якіх у Беларусі распачалі крымінальныя справы па палітычных матывах, такой абароны не маюць. І ў дачыненні да іх Інтэрпол можа быць уведзены ў зман беларускім бокам інфармацыяй аб тым, што гэтыя грамадзяне абвінавачваюцца ў злачынствах па агульнакрымінальных артыкулах, напрыклад, махлярстве, хуліганстве або эканамічных злачынствах, заўважыў Міхалевіч.
Каб не мець праблем з Інтэрполам, тым, хто абвінавачваецца ў Беларусі па крымінальных артыкулах па палітычных матывах і знаходзіцца за мяжой, лепш прыняць прэвентыўныя меры, сказаў юрыст. Гэта ўжо зрабілі некалькі дзясяткаў беларускіх грамадзян, якія звярнуліся ў адвакацкае бюро Міхалевіча. Дапамога па звароце ў Інтэрпол, сказаў ён, аказвалася бязвыплатна.
«Да нас звярталіся беларускія палітыкі, журналісты, актывісты, — распавёў Міхалевіч. — Мы не пытаемся, у якой краіне знаходзіцца чалавек, але, па маіх назіраннях, людзі жывуць практычна па ўсім свеце. Мы рабілі прэвентыўны зварот у Інтэрпол, а менавіта ў камісію кантролю файлаў гэтай арганізацыі, на выпадак звароту з боку Беларусі па ўключэнні ў чырвоны спіс. Запыты тычыліся як вельмі вядомых, так і зусім непублічных людзей, звязаных з тымі ці іншымі арганізацыямі, імёны якіх дрэнна гугляцца. На этапе прэвентыўнага запыту ў Інтэрпол дастаткова ўказаць уцягнутасць у грамадскую ці палітычную дзейнасць і сказаць пра асцярогу палітычна матываванага пераследу».

У Расіі хавацца ад беларускіх уладаў не варта


Атрымліваецца, што Інтэрпол верыць на слова?
У выпадку з беларускім кейсам, так, зазначыў Міхалевіч. Гэта, з аднаго боку, звязана з вельмі дрэнным іміджам Беларусі на міжнароднай арэне, а з другога — з інтарэсамі Інтэрпола:
«У гэтай арганізацыі разумеюць, што кожны беларускі кейс можа быць скарыстаны супраць Інтэрпола, які клапоціцца пра свой імідж. Ужо было шмат выпадкаў, калі Інтэрпол спрабавалі выкарыстоўваць у мэтах палітычнага вышуку, што б'е па іміджы арганізацыі. У выніку, напрыклад, Германія адмовілася ад выкарыстання базы Інтэрпола і дадаткова правярае кожнага чалавека перад уключэннем у нацыянальную базу пошуку. Гэта паказвае некаторую ступень недаверу Інтэрполу як агульнаму крымінальна-прававому механізму».
Пасля звароту ў Інтэрпол трэба дачакацца адказу. Да атрымання адказу з гэтай арганізацыі не трэба ні жыць, ні ездзіць на адпачынак у недэмакратычныя краіны, дзе правы чалавека не з'яўляюцца безумоўнай каштоўнасцю. Напрыклад, не варта ехаць на адпачынак у Егіпет ці Турцыю.
«У любым выпадку чалавеку, які бег ад крымінальнага пераследу ў Беларусі, для жыцця на эміграцыі можна разглядаць краіны ЕС, Грузію і Украіну, але не Расію і іншыя краіны СНД. Падкрэслю, што Расія выдае людзей, нягледзячы ні на якія забароны і акалічнасці», — падсумаваў Міхалевіч.