Як «малодшы» брат стаў «старэйшым»?

На першым Расійскім канале наладзілі абмеркаванне маёй кнігі «Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XVстст.» . Вядоўцы перадачы абмяркоўвалі кнігу, якую не чыталі і нават не трымалі ў руках, бо паказвалі гледачам толькі яе вокладку, узятую з інтэрнэту. 

1221_kangres_nezalezhn_06.jpg


Як тут не ўспомніць абмеркаванне ў СССР кніг Салжаніцына, якіх людзі не чыталі, але вельмі абураліся іх зместам.
Замест тэксту, гледачы агучвалі ў рускім перакладзе некаторыя мае выказванні на абмеркаванні маёй кнігі ў Гродна, прычым яны былі жартаўлівыя і крыху іранічныя. Аднак зразумець беларускі гумар, не ведаючы беларускай мовы, вельмі складана. Асабліва закранула гонар вядоўца праграмы, што ён прадстаўнік не «старэйшага», а толькі «малодшага» брата. Бо я лічу, што вытокі ўкраінскай нацыі сягаюць у ІХ ст., беларускай у Х ст., а рускай - толькі ў ХІІ ст.
Дык у якім жа стагоддзі пачалося фармаванне сучаснага рускага этнасу? Адкрыем адзін з лепшых падручнікаў па рускай гісторыі, напісаны акадэмікам Платонавым у 1909-1910 гадах і перавыдадзены у 1994 г. у Санкт-Пецярбургу. На стар. 62-64 ён піша, што да канца ХІ ст. паўночна-ўсходняя частка Кіеўскай Русі «представляла собою глухой и слабо населенный край, в лесах которого разбросаны были финские поселки. Меря и муромы не строили городов, не имели никакого гражданского устройства и не были политически объединены». Пад ціскам славянаў «финские инородцы или покидали свои места, уступая их русским пришельцам, или же подвергались обрусению и постепенно утрачивали свой язык и своё обличье». «Однако слияние русских поселенцев с финскими туземцами не прошло бесследно для русских». «Изменился их чисто славянский тип и характер; получилось как бы новое славянское племя. Это племя, в состав которого вошли русские славяне разных областей и племён и некоторая примесь финнов, называется «великорусским» племенем».
Што датычыць Беларусі, акадэмік Платонаў (ст. 43) піша: «В Полоцке со времен Владимира Св. сидела особая (беларуская - А.Т.) княжеская ветвь, родоначальником которой был сын Владимира и его языческой жены Рогнеды князь Изяслав». А гэта Х ст.! Таму вытокі беларускай нацыі сягаюць не ў ХІІ ст., як у рускіх, а ў ІХ-Х стст., што раней на 200-300 гадоў.
Датычна слова «рускі» трэба сказаць, што яно з ХІV ст. уваходзіць у назву нашай краіны Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, а вось сённяшнія расіяне ці расейцы ў  ХІV ст. сваёй дзяржавы не мелі, а былі васаламі Залатой Арды, насельнікаў якой называлі татарамі альбо ардынцамі.
 Толькі набыўшы ў 1480 г. незалежнасць, іх кіраўнік вялікі князь Маскоўскі Іван ІІІ стаў карыстацца новым «тытулам»: «Государь всея Руси и великий князь».
Падручнік Платонава даводзіў гісторыю Расіі да канца кіравання ёю Аляксандрам ІІІ. На апошняй старонцы гэтай кнігі адзначаецца, што ён у сваёй дзяржаве быў носьбітам нацыянальнай ідэі. «Он стремился к тесному объединению инородческих русских окраин с государственным центром и к возможному обрусению инородцев».
Відаць, што вядоўца вышэйзгаданай перадачы зблытаў Расію канца ХІХ ст. з Расіяй пачатку ХХІ ст., і настойлівае імкненне праводзіць палітыку "обрусения инородцев" у Беларусі і Украіне ні да чаго добрага не прывядзе.
Са студзеня 2017 года  папулярны падручнік А.Трусава "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV стст." па просьбе ТБМ будзе друкавацца ў газеце "Наша слова". Таму ўсе, хто жадае азнаёміцца з кнігай, могуць выпісаць на наступны год газету "Наша слова". На паўгода яе кошт складае 7 руб. 44 кап. (паштовы індэкс 63865).